Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Бярозавы сок: піць ці плаціць?


Аматары бярозавага соку цяпер мусяць сур’ёзна суадносіць уласныя апэтыты і магчымыя наступствы ад нарыхтоўкі гэтага напою.


Супрацоўнікам лясных гаспадарак далі з галіновага міністэрства загад — жорстка адсочваць выпадкі несанкцыянаванай здабычы бярозавага соку і на месцы складаць пратаколы на парушальнікаў. Як правіла, сумы штрафаў пры гэтым шматразова перавышаюць прыбыткі нарыхтоўшчыкаў.

Як паведамілі ў Міністэрстве прыродных рэсурсаў і навакольнага асяродзьдзя, цяпер нарыхтоўваць бярозавік дазволена толькі ў некаторых месцах:

“Што да здабычы соку, то людзі могуць гэта рабіць на надзелах, вызначаных для гэтых мэтаў юрыдычнымі асобамі, якія вядуць лясную гаспадарку. То бок кампэтэнтныя людзі пакажуць, у якіх месцах гэта можна рабіць легальна. Самі лясгасы сок звычайным людзям не прадаюць, ім нельга гэта рабіць. Яны могуць рэалізоўваць сыравіну на перапрацоўку кансэрвавым заводам. Такой дзейнасьцю могуць займацца практычна ўсе лясгасы, апроч тых, якія разьмешчаныя ў радыеактыўнай зоне”.

Згодна з Адміністратыўным кодэксам, які набыў моц летась, за “зьнішчэньне і пашкоджаньне дрэваў у ахоўных лясах” фізычныя асобы штрафуюцца ў эквіваленце ад 300 да 700 даляраў. Санкцыі для індывідуальных прадпрымальнікаў непараўнальна большыя і дасягаюць 3 тысяч даляраў.

Як удакладняе галоўны спэцыяліст Міністэрства лясной гаспадаркі Аліна Валевач, увага да нарыхтоўшчыкаў бярозавага соку абвастрылася ад нядаўняга часу:

“Дагэтуль ня моцна адсочвалі, шчыра трэба сказаць. Але цяпер час іншы. Дзесьці апошнія два гады актыўна спыняецца несанкцыянаваная нарыхтоўка. Найперш таму, што наносіцца шкода дрэву. І можна весьці здабычу толькі ў вызначаных месцах. Пра гэта інфармаваныя ўсе лясгасы, яны павінны вывешваць аб’явы ў вёсках, на крамах, у сельсаветах. Апроч таго, адкуль чалавек можа ведаць — дзе можна спускаць сок, а дзе нельга? Таму яны перад гэтым абавязкова павінны зьвярнуцца ў лясьніцтва, і ўжо ніжэйшыя зьвёны — лясгасы, лясьніцтвы — вызначаюць участак, ажно да таго, што паказваюць, каму якую бярозку”.
Дагэтуль ня моцна адсочвалі, шчыра сказаць. Але цяпер час іншы

Карэспандэнт: “Зь іншага боку, лясгасы таксама сок нарыхтоўваюць?”

“Вядома, але ў іх гэта ўжо ідзе прамысловая нарыхтоўка, перадусім для кансэрвавых заводаў”.

Між тым у бальшыні рэгіёнаў Беларусі пра санкцыі за нарыхтоўку соку людзі могуць даведацца хіба ў якасьці канстатацыі факту. Як кажа спадарыня Людміла з-пад Маладэчна, на тэрыторыі іхняга сельсавету ніякіх папярэджаньняў пра незаконнасьць саматужнага промыслу няма:

“Пакуль абсалютна нічога няма. У нас зрабілі адмысловую дошку аб’яваў ля сельсавету, дзе ўсе абвесткі вывешваюцца, дык ніякага папярэджаньня няма. Летась я таксама чула, што забараняецца нарыхтоўваць сок, але ж усе нашы вяскоўцы і да сёньня яшчэ п’юць сокі леташняга ўраджаю. Бо ўсе ў нас яго нарыхтоўвалі ўсё жыцьцё і ніхто тут асабліва нікому не перашкаджае. Канечне, калі арганізуюць якую засаду, то вылавяць, але, можа, якім хабарам удасца адкупіцца... Сёлета, відавочна, сэзон пачнецца нашмат раней, бо цёпла. Цалкам магчыма, што ўжо да канца тыдня пойдзе рух соку, а мо ўжо хто яго і пакаштаваў”.

Парадкаваньне лясных рэзэрваў закранула і іншыя сфэры дзейнасьці. Фактычна па-за законам апынуліся аматары народнай мэдыцыны. Істотна ўскладнены збор лясных траваў, пупышак і галінак хвоі. На шэраг лекавых відаў цяпер патрабуецца дазвол Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчаваньня ці Міністэрства аховы здароўя. Фэрмэр зь Берасьцейшчыны Ўладзімер Банцэвіч ужо двойчы зьвінавачаны за лясны промысел безь ліцэнзіі. Аднак ён лічыць жорсткія санкцыі неабгрунтаванымі, бо адны нарматыўныя дакумэнты папросту не стасуюцца зь іншымі:

“Ужо потым аказалася, што яны ж самі, тыя, хто зрабіў мяне “крымінальнікам”, сьмяяліся: маўляў, на лоха такога трапілі, засудзілі за травы, за іх збор. Гэта пры тым, што я плаціў падаткі, паказваў прыбыткі і ўжо двойчы быў асуджаны. Паводле закону ж увогуле ня трэба ніякіх падаткаў плаціць дзяржаве, бо гэтая дзейнасьць адносіцца да сельгаспрадукцыі. І вось цяпер прыстасоўвайся, як можаш. Займаліся травамі, а зараз сядзім і думаем: чым гэта заняцца, каб хоць апрануцца было і пад’есьці”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG