Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пагарэльцы плацяць за пажар да 50 базавых велічыняў


У Беларусі ад пачатку году адбылося больш за 1600 пажараў.


Загінула 280 чалавек, у тым ліку 8 дзяцей. Пагарэльцам, апроч таго, што яны пазбавіліся маёмасьці і даху над галавой, даводзіцца плаціць немалыя грошы за тушэньне пажару. Каму і колькі трэба плаціць грошай – вызначае адміністрацыйная камісія.

Пагарэльцы ў кожным выпадку мусяць плаціць па-рознаму. Суму, якую трэба спагнаць зь віноўніка пажару, будуць цяпер падлічваць члены адміністрацыйнай камісіі выканкаму.

У сакавіку 2007 году пачаў дзейнічаць новы Адміністрацыйны кодэкс. Тады, абмяркоўваючы некаторыя новыя артыкулы, праваабаронцы не зьвярталі асаблівай увагі на санкцыі, якія прадугледжваліся за неахайнае абыходжаньне з агнём.

Як і раней, спэцыяльная камісія высьвятляе прычыну пажару і шукае вінаватых. Амаль палова пажараў адбываецца па віне саміх пагарэльцаў: ня выключыў своечасова кіпяцільнік, пакінуў запалены газ, з печкі выпаў вугельчык, ня выключыў прас і г.д.

Сябры камісіі складаюць акт, у якім указваецца прычына пажару і вінаватыя ў ім асобы ці арганізацыі. Пагарэльцам, якіх прызналі вінаватымі ў пажары, трэба зьявіцца на паседжаньне адміністрацыйнай камісіі, якая прыме рашэньне, якую суму спагнаць з чалавека. Памеры штрафаў паводле новага заканадаўства такія, што можа не хапіць грошай, якія, спачуваючы пагарэльцам, сабралі для іх суседзі ці аднавяскоўцы.

Кіраўнік прэсавай службы Міністэрства надзвычайных сытуацый Глеб Сьвірыд патлумачыў:

“Тое, што прывяло да пажару – шкода, выклік тэхнікі, усё гэта. Памер штрафу ад 30 да 50 базавых велічыняў. Высьвятляецца гэты факт – па вашай ці не па вашай віне адбыўся пажар. Замыканьне электраправодкі, калі гэта, напрыклад, уласны дом, то вы вінаватыя. Вы ня робіце прафіляктычную працу, прафіляктычны агляд... Калі ў кватэры, то тут віна ЖЭС будзе”.

Глеб Сьвірыд кажа, што грошы ідуць не пажарным за іх працу, а ў бюджэт:

“Там папросту разьлічваецца амартызацыя: колькі чалавек выехала, дарога, расход паліва, амартызацыя аўтамабіля... Служба ў нас ідзе бясплатна. А тое, што вінаватага ў пажары караюць, то нам гэта ніяк не ідзе”.

Ад пачатку году ўжо загінула 280 чалавек, траўміравана больш за 100. Згарэла 278 будынкаў, а пашкоджана – 1730. Паводле статыстыкі, трывіяльны сюжэт – заснуў з цыгарэтай – дагэтуль застаецца актуальным. Сваякі п’яніцы, вінаватага ў пажары, якія і без таго пазбавіліся жытла і ўсёй маёмасьці, мусяць плаціць яшчэ й грошы ў 50 базавых велічыняў за тушэньне пажару. Паколькі базавая велічыня цягам году некалькі разоў падвышаецца, то памеры штрафаў будуць расьці. Горш за ўсіх даводзіцца пэнсіянэрам у вёсках, якія ў старых дамах з паўразбуранымі дымаходамі дажываюць свой век.


Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG