Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Палітыкі ў Менску: “Дамова з Брусэлем - рух наперад”


Сёньня ў Брусэлі намесьнік міністра замежных справаў Беларусі Валеры Варанецкі і камісар Эўразьвязу ў зьнешніх сувязях і палітыцы добрасуседзтва Бэніта Фэрэра-Вальднэр падпісалі спэцыяльную дамову аб адкрыцьці ў Менску прадстаўніцтва Эўракамісіі — выканаўчага органу Эўразьвязу. Як рэагуюць на гэта беларускія палітыкі і палітолягі?


Сябра міжнароднай камісіі Палаты прадстаўнікоў Сяргей Гайдукевіч у інтэрвію нашаму радыё згадаў, што ён быў сярод тых, хто распачынаў перамоўны працэс паміж афіцыйным Менскам і Брусэлем, і застаецца адным зь яго непасрэдных удзельнікаў. Падпісаньне дамовы аб адкрыцьці прадстаўніцтва Эўракамісіі спадар Гайдукевіч лічыць вельмі важным крокам:

“Няма сумневу, ніводзін палітык, ніводзін палітоляг ня скажа, што гэта ня ёсьць рух наперад. Адназначна і безумоўна.

Натуральна, супрацоўнікі менскага офісу змогуць ацэньваць інфармацыю на месцы, яны будуць перадаваць у Брусэль непасрэдныя ўражаньні, непасрэдныя настроі. Думаю, што адпадзе і неабходнасьць мець у Беларусі кантактную амбасаду Эўразьвязу, як гэта рабілася раней. Пачала дзейнічаць пакрокавая стратэгія. Гэта бачна і з боку Менску, і з боку Нямеччыны, Італіі, Францыі...

І трэці складнік — калі будуецца фундамэнт, а прадстаўніцтва — гэта і ёсьць фундамэнт, дык, натуральна, зьяўляецца магчымасьць рухацца далей. Вось гэта, на мой погляд, і ёсьць самае галоўнае”.

Адзін зь лідэраў беларускай палітычнай апазыцыі Анатоль Лябедзька цьвердзіць, што апазыцыя ініцыявала адкрыцьцё офісу Эўракамісіі ў Менску яшчэ гадоў пяць таму:

“На ўсіх сустрэчах прадстаўнікоў Аб’яднаных дэмакратычных сілаў з прадстаўнікамі Эўразьвязу на самым высокім роўні (і з Барозам, і з Салянай, і з Фэрэра-Вальднэр) і з чыноўнікамі ніжэйшага рангу гэта пытаньне было адным з самых прыярытэтных. Яно вырашана. І гэта нас задавальняе.

Але ёсьць іншыя пытаньні. Трэба паглядзець, які мандат у гэтага прадстаўніцтва. Чаго б не хацелася дапусьціць — каб прадстаўніцтва Эўракамісіі стала ксэракопіяй офісу АБСЭ ў Менску”.

Палітоляг Аляксандар Класкоўскі адзначае важную ролю падпісаньня сёньняшняга пагадненьня. Але адначасова ён лічыць, што непатрэбна і перабольшваць значэньне новага прадстаўніцтва:

“Усё ж такі наіўна выглядаюць тыя, хто думае, што прадстаўніцтва зробіць у Беларусі нейкую рэвалюцыю. І Беларусь адразу агромністымі крокамі пойдзе ў Эўразьвяз.

Я думаю, што болей будзе залежаць ад агульнага кантэксту — палітычнага і эканамічнага. Калі гэтыя чыньнікі будуць прымушаць, дык афіцыйны Менск будзе рабіць болей крокаў насустрач Эўропе”.


Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG