Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мытнік адмовіўся ад хабару


Агляд некаторых публікацыяў недзяржаўных СМІ 7 сакавіка: «Народная Воля», «Комсомольская правда» в Белоруссии», «Рэгіянальная газэта», «Інфа Кур'ер».


“Народная Воля”. “Крэвэткавая справа”. На беларуска-польскім прадпрыемстве па перапрацоўцы крэвэтак у Бярозе – працяглы канфлікт з-за нізкіх заробкаў і жорсткіх санкцыяў Берасьцейскай мытні. Летась сярэдні заробак склаў 288 тысяч рублёў. Норма – выпрацаваць 65 кіляграмаў мяса крэвэтак на месяц. За кіляграм чыстага мяса (вельмі цяжкая і шкодная праца) плацяць 2200 рублёў. За выпрацаваную норму (а гэта азначае – працаваць без абеду) заплацяць ажно 143 тысячы рублёў, з улікам 30% прэміі – 187 тысяч. Сузаснавальнік сумеснага прадпрыемства – польская фірма “Ковэн-Груп”. Ці патрэбныя краіне такія замежныя інвэстыцыі? – задае пытаньне карэспандэнт “Народнай Волі”.

«Дачны ўчастак трэба прыватызаваць да кастрычніка», – нагадвае «Комсомольская правда» в Белоруссии». Зямлю неабходна прыватызаваць, альбо арэндаваць, альбо аформіць у пажыцьцёвае карыстаньне. Інакш участак маюць права канфіскаваць.

Маладэчанская «Рэгіянальная газэта». На мытным пункце пропуску Катлоўка ў Ашмянскім раёне мытнік адмовіўся ад хабару ў 10 эўра. Распавядае журналіст Сяргей Зянько:

«Кіроўца перад гэтым адвёз груз зь Літвы ў Расею і вяртаўся назад. На руках у яго былі ня ўсе дакумэнты, якія пацьвярджалі дастаўку груза да месца прызначэньня. Паводле мытніка, кіроўца сам папярэдзіў, што ёсьць праблемы з дакумэнтамі, і ён хоча іх вырашыць. Калі інспэктар мытні разгарнуў паперы, ён убачыў купюру ў 10 эўра. Кіроўца тлумачыў, што грошы ў дакумэнтах аказаліся выпадкова».

Слуцкі «Інфа Кур'ер». «Страўсы пасяліліся пад Слуцкам». У вёсцы Лясішча мясцовы бізнэсовец Уладзімер Гуркін заснаваў страўсіную фэрму. На фэрме пакуль 40 чорных афрыканскіх страўсаў, ёсьць іншыя жывёлы няхатняга паходжаньня (да прыкладу, горныя вінтарогія казлы), а такасма куры, качкі, гусі, сьвіньні, коні. На задумку гаспадара, тут будзе сапраўдны комплекс агра- і экатурызму, дзе можна адпачыць кампаніяй, сям'ёй, альбо правесьці ўрок біялёгіі. Хутка тут зьявіцца сажалка з рыбамі, дзе можна будзе парыбачыць. Турысты могуць пакатацца на конях, а дзеці – на поні. Замовіць экскурсію можна ўжо з 20 сакавіка.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG