Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кінаагляд Максіма Жбанкова


Што варта і ня варта глядзець з навінак беларускага відэарынку.


Чарговы агляд стужак, вартых і ня вартых нашае ўвагі, пачнем зь нечаканай прапановы ад Вудзі Алена. Знакаміты майстар мэлянхалічнага блазнаваньня, здаецца, канчаткова пазбавіўся дрэннай звычкі жартаваць дзе заўгодна і з чаго заўгодна. Што праўда, ён і раней пэрыядычна рабіў сур’ёзныя фільмы. Але ніколі аленаўскія стужкі не гучалі гэтак безнадзейна, як сёньня. Новы фільм нястомнага Вудзі завецца “Мара Касандры”. У цэнтры падзеяў – два браты. Яны спрабуюць паправіць уласнае жыцьцё праз забойства на заказ.

Новы аленаўскі фільм зрабілі, як заўсёды, за сьмешныя грошы. Яго галоўная фішка – акторскі дуэт Эвана Макгрэгара і Коліна Фарэла. Гэтыя сымпатычныя хлапцы спрабуюць згуляць з лёсам у покер. Але цудаў ня будзе. Абаяльныя героі пачынаюць паціху вар'яцець, і гэта зусім ня сьмешна. Вудзі пасьпяхова аднавіў на экране атмасфэру клясычнага нуару – то бок крымінальнага кіно з амаральнымі героямі і драматычным фіналам. У “Мары Касандры” чысьцюткія брытанскія вуліцы выглядаюць ідэальнай пляцоўкай для чорных справаў. А мары пра гатэль у Каліфорніі ня маюць аніякіх шанцаў. Новы Ален – гэта чорны Ален. Варта ўбачыць.

Галоўнае адмоўнае ўражаньне – “Уварваньне”, галівудзкі дэбют немца Олівэра Гіршбігеля. У свой час той зрабіў неблагі ваенны фільм “Бункер”, а вось у Штатах падпісаўся на рымэйк старога фільму пра іншаплянэтных інтэрвэнтаў. Атрымалася нешта дзіўнае – псыхатрылер пра тое, як добра быць недасканалым.

У праекце ўдзельнічалі Ніколь Кідман і выканаўца ролі агента 007 Дэніел Крэйг. На заказ прадусараў фільм спрабавалі палепшыць вядомыя браты Вачоўскі. Але гэта не ратуе гледача ад глыбокай нудоты. Манатоннае кіно Гіршбігеля выглядае нягеглай парай да іншага фантастычнага хлуду – “Я – легенда” з Уілам Сьмітам. Той самы пах. Той самы памер.

А зараз – мой асабісты выбар гэтага тыдня. Не найлепшы, але найбольш атракцыйны. Тэатральная рэжысэрка Джулі Тэймар пару гадоў таму экранізавала жыцьцё мастачкі Фрыды Калё. А гэтым разам зьвярнулася да “бітлоў”. Яе новая стужка завецца “Скрозь сусьвет”. Гэта эстэцкі м’юзыкл, пабудаваны, натуральна, на клясычных песьнях Ленана і Макартні.

Самае цікавае тут – добра знаёмыя песенькі, што сьпяваюць маладыя акторы плюс старыя коні Джо Кокер ды Бона. Дадатковыя атракцыёны накшталт прагрэсіўнай харэаграфіі не замінаюць атрымаць асалоду. Але збольшага нічога і не дадаюць.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG