Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці рэалістычная мэта – мільён подпісаў?


Лідэры шэрагу моладзевых арганізацыяў паставілі сабе задачу разам з усімі дэмакратычнымі актывістамі сабраць мільён подпісаў грамадзян Беларусі за ўваходжанне ў Эўрапейскі Звяз.


Наколькі рэальна сабраць такую колькасьць подпісаў? Ці ня можа гэта ідэя выклікаць істотныя рознагалосьсі ў шэрагах апазыцыі? На пытаньні Віталя Цыганкова адказвае публіцыст Аляксандар Класкоўскі

Цыганкоў: “Наколькі дарэчная і своечасовая гэта кампанія? Ці стане гэты збор подпісаў дапамогай для дэмакратычных сілаў, ці здолее кампанія мабілізаваць грамадзтва?

Класкоўскі: “Безумоўна, эўрапейскую ідэю варта “піярыць”. Але ня трэба думаць, што менавіта гэтая кампанія зробіць нейкую рэвалюцыю ў сьвядомасьці беларусаў, бо мэнталітэт – рэч даволі інэрцыйная. Сацыялягічныя дасьледаваньні паказваюць, што сёньня ў беларускім грамадзтве пераважае не эўрапейская ідэя, а ідэя ізаляцыяналізму.

Ну і нарэшце, натуральна, што ўлады будуць перашкаджаць – як яны замінаюць кампаніі любога кшталту. Па гэтай прычыне, а таксама праз абмежаванасьці камунікацыйных магчымасьцяў, я думаю, што занадта шмат эфэкту гэтая кампанія мець ня будзе”

Цыганкоў: “Моладзевыя актывісты заявілі, што далучаюцца да працы грамадзянскай ініцыятывы “Эўрапейская Беларусь”. Але наўрад ці ўсе ўдзельнікі Аб’яднаных дэмакратычных сілаў падтрымаюць гэтую кампанію? Ці ня можа здарыцца так, што апазыцыя пойдзе рознымі шляхамі – хаця б і да адной мэты?”

Класкоўскі: Сапраўды, тут ёсьць пагроза, што дадасца яшчэ адзін чыньнік расьцярушваньня апазыцыйных сілаў. Таму што – ёсьць прыгожыя лёзунгі, а ёсьць прагматычныя мэты. Зразумела, камуністы – не гульцы на гэтым полі эўрапейскай ідэі, і хтосьці ня супраць такім чынам трошкі адціснуць таварыша Калякіна з паплечнікамі ўбок. А хтосьці мае прагматычны намер проста канвэрсаваць эўрапейскія лёзунгі ў рэсурсы.

Зноў хачу падкрэсьліць, што эўрапейскія каштоўнасьці ў сьвядомасьці беларусаў варта прасоўваць, але рабіць гэта без залішняга патасу, тэхналягічна. І ня думаць, што адна кампанія стане панацэяй”.

Цыганкоў: “У сёньняшніх умовах наколькі рэальна сабраць мільён подпісаў? Калі ўзгадаць гісторыю, то такіх рэкордаў яшчэ не было”.

Класкоўскі: “Сапраўды, калі прааналізаваць падобныя кампаніі, то яны ніколі на дасягалі сваіх арытмэтычных мэтаў. А зараз ступень процідзеяньня сілавых структураў, вэртыкалі ўлады яшчэ большая, чым была ў лепшыя для апазыцыі часы.”
  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG