Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Начная аБЛОГа" – 3 сакавіка


Агляд беларускага сеціва.


На прэзыдэнцкіх выбарах у Расеі перамог Дзьмітры Мядзьведзеў. На форумах парталу TUT.by зьявілася галінка “У Расеі новы прэзыдэнт”. Яна сабрала такія камэнтары:

"Як будзе жыць "саюзная дзяржава"? Якія перамены будуць у Расеі? Чакаю адказаў. Вітаюцца толькі здаровыя думкі".

"Прэзыдэнт у Расеі такі ж самы. Зьмена аблічча і ўзросту, імя жонкі (+ іншыя дробязі) нікога не павінна ўводзіць у зман. Усё засталося як было".

"Божухна... Новы прэзыдэнт... А вам якая справа? Усё старэйшаму брату цераз плот зазіраем? Няхай самі разьбіраюцца, хто там у іх будзе цараваць".

У суполцы Жывога Журналу by_politics зьявіўся такі запіс: “Наш Аляксандар Рыгоравіч і іхны Пуцін цягам апошніх двух год спаборнічалі ў элегантнасьці. Перамагло, як мае быць, сяброўства. Калі ў нас пра “выбары прэзыдэнта Лукашэнкі” толькі жартавалі, то ў іх пра “выбары прэзыдэнта Мядзьведзева” казалі на кожным кроку, не саромеючыся. Калі ў нас да выбараў дапусьцілі “агалцелых апазыцыянэраў”, то ў іх зарэзалі. Калі ў нас для легітымізацыі Лукашэнкі спатрэбілася разагнаная плошча, то ў іх хапіла млявых развагаў Зюганава пра трансцэндэнтныя парушэньні. Калі нам спатрэбілася 83%, то ім хапіла і 70. Нарэшце, калі наша кампанія “За Беларусь!” стала ўзорам высокамастацкага кічу, які спарадзіў творчы парыў мас, то ўсе іхныя пляны Пуціна... былі дзецьмі вялікадзяржаўнага крэатыву...”

Чытачы Хартыі 97 абмяркоўваюць заявы міністра ўнутраных справаў Уладзімера Навумава, якія прагучалі сёньня ў часе прэсавай канфэрэнцыі ў Менску. Ён, у прыватнасьці, заявіў, што падставаў для амністыі Аляксандра Казуліна няма. Пры гэтым спадар Навумаў кажа: "Калі будуць іншыя прапановы, мы іх выканаем". Рэакцыі чытачоў сайту:

"Наколькі я памятаю, гэты міністар раней акцэнтаваў увагу грамадзтва на тым, што ён нібыта падпарадкоўваецца яго вялікасьці Закону. А вось цяпер бачна, што гэты дзяржаўны муж жыве па паняцьцях. Дадуць загад – выканае. А дзе Закон?"

"Гаворка ідзе не пра амністыю злачынца, а пра тэрміновае і безумоўнае вызваленьне незаконна асуджанага чалавека. Незаконна асуджанага не вызваляюць паводле парушанага закону, а вызваляюць тэрмінова. Вось і ўся прапанова".

"Гэтае інтэрвію – чарговы выкід інфармацыі з мэтай вывучэньня рэакцыі народу на намеры ўлады. Бо любы нармальны чалавек, які сябе паважае, павінен разумець, што за свае словы ён павінен адказваць, а кіраўнік дзяржавы і ягоныя міністры за свае выказваньні павінны несьці адказнасьць у колькі разоў большую, чым люд паспаліты".

Літаратарка Марыйка Мартысевіч піша ў сваім блогу : "Учора стаяла на тэлемосьце Папы Рымскага зь сьветам цэлым, уключна зь Менскам. Многа думала пра піяр-мэнэджмэнт Ватыкану, "Цывілізацыю Любові ва ўнівэрсытэтах сьвету", "ідэалёгію рэлятывізму", хлопца ў куртцы з надпісам “DE PUTA MADRE”, які маліўся ў каталіцкай катэдры, ратавалася ад дажджу малітвай і сымфанічным аркестрам. Было сапраўды прыгожа".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG