Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"За 90 год у СССР выбараў не было і ня будзе"


Званкі на "Свабоду" - 3 сакавіка, панядзелак.


Марыя Іванаўна: “Добры дзень, маё дарагое Радыё Свабода!

Хай сонейка сьвеціць, адкрыюцца дзьверы
І выйдзе Казулін з суровай турмы.
А зьдзекі з нас, з тых, што ляжаць у магіле!
Яны ж працавалі як волаты тыя!
Павагі пры гэтым у рабскай краіне ня мелі яны.
У сэрцы іх рана заўжды, на вякі ад вас, гультаі!
Мы любім Радзіму. Каб вольны быў край,
Казулін, сынок, хутчэй прыяжджай!”

Іван Карпавіч, Менск: “Я хачу выказацца па пытаньню выбараў у Расеі. За 90 год існаваньня Савецкага Саюзу ніколі выбараў не было і ня будзе, і сёньня. Ёсьць прызначэньні папярэднія. За год, за два прызначаюць кіраўніка дзяржавы і іншых, у тым ліку і дэпутатаў. Калі яго не прызначаць, то ён ня пройдзе ніколі, таму што Выбаркам служыць кіраўніку дзяржавы, ад якога атрымлівае грошы народныя. Мне падаецца, даўным-даўно трэба было выбары адмяніць. Ня вешаць локшыну на вушы краінам Захаду і Амэрыцы. Трэба эканоміць грошы і раздаць іх людзям, якія на выбарную сыстэму грошы плацяць. Фарс нікому не патрэбны. А назіральнікаў падманваюць у Савецкім Саюзе спакон веку. Гэта бандыцкая, злачынная, хлусьлівая дзяржава. І чаго мы хочам? Тое самае на ўсёй постсавецкай прасторы”.

Аляксандар Анатольевіч Яцкевіч, Віцебск: “Ды ніколі не апусьцее праваслаўная царква. Ня трэба так турбавацца. Туды хутка будзе АМАП палкамі заганяць. І папы будуць маліцца, а як прычашчэньне, дык палкай па сьпіне будуць біць. Так і ўсе праблемы будуць вырашаныя... Нават размаўляць пра гэту праблему не хачу. Дзякуй”.

Спадарыня: “Хочацца таксама выказаць спачуваньне Казуліну Аляксандру Ўладзіслававічу, яго дочкам, унучку з нагоды такога вялікага гора, і сказаць, як слушна адзначыла адна жанчына, гэта дзяржава вінаватая. Жанчына столькі хварэла! І ў такіх стрэсах! Віна дзяржавы і кожнага з нас, бо мы сядзі м і маўчым і лічым, што так і трэба. А тое, што ён дараваў, то гэта слушна. Ён па-хрысьціянску сказаў, што даруе. Калі б мы ўсе ўмелі спачуваць адзін аднаму ды дараваць, то такое не рабілася б у нашай краіне. Дзякуй”.

Спадар: “Я хацеў бы выказаць сваё незадавальненьне лукашызмам. Усе кажуць, што хутка будуць перамены, хутка нешта адбудзецца. Але чамусьці лукашызм, таталітарны рэжым трымаецца, як і трымаўся. Колькі гэта будзе цягнуцца? Што ні зробіш, ня так ступіў, – адразу міліцыя прыходзіць. Наагул, адбіваюць людзям здароўе за нішто. А ў нашым жыцьці самае важнае здароўе, гонар і таксама свабода. Дзякуй”.

Спадар: “Скажыце, вось будуюцца кватэры. Для каго яны? Для кітайцаў? Лукашэнка сабраўся да 90 гадоў кіраваць. Я думаю, у яго не атрымаецца, бо будуць кітайцы кіраваць…”

Спадарыня: “Добры вечар, шаноўная “Свабода”! Я хачу Вам паведаміць, Вы і самі ведаеце, што да нас у Менск прыехаў сьвяты айцец, які ўчора праводзіў імшу на вуліцы па такім надвор’і. Людзей (паказалі па тэлевізары) было страшна многа. Гэта добра. І сказалі: “Палякі ёсьць палякі. Нягледзячы на такое надвор’е, столькі людзей разам маліліся!” Дай Бог яму здароўя, бо не забыў нашу краіну Беларусь. Ён выйшаў з крыжам Пана Езуса, паказаў, што Пан Езус пайшоў за нас усіх. І яшчэ хачу дадаць. Выбары ў Расеі несправядлівыя. Гэта ўсе мы ведаем”.

Галіна, Магілёў: “Ірыне Казулінай маглі б працягнуць жыцьцё толькі станоўчыя эмоцыі, якія Лукашэнка заціснуў у кішэнях. А для чалавека, які абураецца, што дзяржаву абвінавацілі ў сьмерці, хачу сказаць. Ніхто дзяржаву не абвінавачвае. У сьмерці Ірыны Казулінай вінаваты чалавек, які заціснуў у сваёй кішэні ўсе добрыя эмоцыі, якія б маглі аказаць эфэктыўнае лячэньне і працягнуць ёй жыцьцё. Вось у чым справа. І ня трэба паклёпнічаць на людзей, якія насамрэч абураныя раптоўнай сьмерцю гэтай выдатнай мужнай жанчыны”.

Спадар: “Старшыня Нацбанку спадар Пракаповіч не стамляецца заяўляць пра тое, што наша нацыянальная валюта ўмацоўваецца. У той жа час увесь час кажуць пра рэцэсію даляра, пра яго катастрафічнае падзеньне. Ды мы і самі бачым, што адбываецца з амэрыканскай валютай. Хацелася б запытацца спадара Пракаповіча, у адносінах да чаго ўзмацняецца наш рубель, калі і год таму, і два гады таму, і сёньня за адзін даляр трэба плаціць аднолькавую колькасьць нашай “моцнай” валюты. Ці паводле Пракаповіча два на два ўжо не чатыры? Дзякуй”.

Спадар: “Апошнім часам сярод званкоў на “Свабоду” нешта ня чутна галасоў таварышаў-лукашыстаў. Куды яны падзеліся? Вельмі нядаўна, звонячы на “Свабоду,” яны вельмі актыўна, а некаторыя зь пенай на вуснах, падтрымлівалі свайго куміра. Цяпер, калі Аляксандр Рыгоравіч адабраў ільготы, да іх нарэшце дайшло, што правадыр іх падмануў, іншымі словамі – здрадзіў. Гэта тычыцца ня толькі льготнікаў. Гэта тычыцца і многіх прадпрымальнікаў, а таксама іншых грамадзянаў. Цяпер для іх прыйшоў час зжынаць плады сваёй адданасьці правадыру. Ім нашмат раней трэба было галавой думаць. Цяпер ужо наўрад ці што выправіш. Цягнік, як кажуць, пайшоў. Калі будзе наступны, не вядома”.

Зіноўеў: “Калі маёр міліцыі яшчэ і афіцэр рэзэрву ваеннай выведкі КДБ, то і ён атрымлівае 3 700 Мальцава. Дзякуй”.

Спадар: “Добры дзень, Радыё Свабода. Хачу спадзявацца, што мае словы дойдуць да Аляксандра Ўладзіслававіча Казуліна. Паважаны Аляксандар Уладзіслававіч, я, як і многія беларусы, выказваю Вам свае шчырыя спачуваньні з нагоды сьмерці Вашай любімай жонкі Ірыны. Трымайцеся! Як добра, што на нашай беларускай зямлі ёсьць такія моцныя духам людзі, як Вы, ёсьць з каго браць прыклад. Яны, тыя, хто наверсе, тыя, хто прычыніў Вам і Вашай сям’і столькі гора, ня зломяць Вас духоўна. Як кажуць: кішка слабая. Яны моцныя ўладай, але ня моцныя воляй. Апыніся хто-небудзь зь іх на Вашым месцы, яны б у нагах качаліся, прасілі б міласьці. Гэта яны цяпер такія нахабныя, упэўненыя. Але прыйдзе час, я ў гэта веру – яны, што цяпер правяць баль і зьдзекуюцца з народу, атрымаюць па заслугах, калі не на гэтым, то на тым сьвеце. Бог на сьвеце ёсьць! Тыя, каму яны прычынілі гора, а такіх ужо мноства на Беларусі, ужо праклялі іх да сёмага калена. Трымайцеся, даражэнькі! А закончыць хачу радкамі цудоўнага паэта, публіцыста Ермаловіча: “Жыве Беларусь! Хоць жадаюць і сёньня ёй сьмерці чужынцы і юды свае!”

Тацяна Барэль, Асіповічы: “Добры вечар. Паслухала перадачу пра закон аб мовах. Ад сябе хачу сказаць. Няма і ня будзе ні ў якім іншым месцы сьвету зямлі для беларусаў, акрамя Беларусі. Няма і іншай мовы для беларусаў, акрамя беларускай. Стагодзьдзямі яе душылі і не давалі разьвівацца нашыя браты і суседзі – палякі ды расейцы. А цяпер вось спрабуюць зацугляць беларускія чыноўнікі. Спадару Здановічу хачу сказаць: я ў школе таксама вучыла “наркамаўку”, але ўсім сэрцам прымаю прыродную мяккасьць “тарашкевіцы”, бо менавіта яна адпавядае нашаму маўленьню. Дык можа, усё ж трэба было б вярнуць гэтае пісьмо? І які стымул для самастойнага разьвіцьця са шматлікімі русізмамі “наркамаўкі”?”

Ільля Копыл: “Добры вечар, “Свабода”! На гэтым тыдні адбылося чарговае ўзнагароджваньне. Узнагароды знайшлі сваіх герояў. Ня ведаю, як хто, а я ўбачыў нейкае абясцэньваньне ўзнагародаў. За ўзьвядзеньне даху над летнім амфітэатрам у горадзе Віцебску – узнагарода. І тую ўзнагароду атрымаў ня той будаўнік, які распрацаваў праект, а высокі чыноўнік, які назіраў за гэтым з кабінэту. Узнагароду атрымаў супрацоўнік ДАІ за тое, што дагнаў аўтамабіль, які перавысіў устаноўленую хуткасьць. Але ж гэта яго штодзённы абавязак. За гэта ён атрымлівае грошы. Чыноўнік ад інфармацыі атрымаў ордэн, мабыць, за тое, што праўдзівая інфармацыя ў краіне адсутнічае. А можа, я памыляюся, чагосьці не разумею? Дзякуй за ўвагу”.

Спадар: “Гэтыя радкі адносяцца да 5 сакавіка 1953 года:

Ликуй, народ!
Скончался деспот.
Клейми его позором!
Вот кто был нашим вором,
Чьих отцов и сыновей,
Кто честный труд любил,
Он убирал их поскорей,
Народу все вредил.
Себе карьеру проложил
за нашими плечами.
Ах, сколько душ он погубил,
Свидетели мы сами.

Эх, и времечко же было,
О котором не забыть.
Сталин мудрый. Вождь любимый.
Тысячу лет ему бы жить.
Да, и был бы,
Если б жил бы,
Да людские слёзы и проклятия ему,
Чтобы черти завелись
В позолоченном гробу.

Дзякуй за ўвагу”.

Спадар: “Аб падліку галасоў на выбарах у Расеі. Калі б пры перасоўваньні апрацаваных выбарчых лістоў з Усходу на Захад колькасьць галасоў за Зюганава і Жырыноўскага зьмяншалася на цэлыя адсоткі, дык галасы Багданава ўсяго толькі на дзесятыя, а потым і на сотыя адсоткаў. Атрымліваецца, што ў дэмакрата і масона, тэхнічнага кандыдата, на Камчатцы, Чукотцы, Якуціі і суседніх тэрыторыях прыхільнікаў болей, чым на шматнаселенай частцы Расеі. Можна парадавацца за расейцаў, што і ў іх навучыліся правільна падлічваць галасы на выбарах”.

Спадар: “У Расеі прайшлі выбары прэзыдэнта. Я хачу адзначыць, наколькі высокаякасна прайшлі гэтыя выбары. Пазыцыя кожнага кандыдата ясная, яскравая. Абралі, канечне, вельмі вартага чалавека, інтэлігента, а не такога, як у нас. Паглядзіце гэтыя праграмы. Любы чалавек, нават дзіця, зразумее гэтую праграму. Вось гэта будзе кіраўнік. Ва ўсім у яго яснасьць. Сёньня на мітынгу яны заяўлялі пра тое, што будуць улічваць тыя прапановы і распрацоўкі, якія былі зробленыя іншымі кандыдатамі на прэзыдэнта. Гэта тое, што трэба. Паглядзіце, што было ў нас. Тое, што адзначылі кандыдаты, затаптаў Лукашэнка, абразіў, абылгаў. Так што я вельмі рады за нашых братоў, калегаў, родзічаў расейцаў з нагоды добрага прэзыдэнта Расеі”.

Спадар: “Наконт прэзыдэнцкіх выбараў у Расеі. За аднаго з кандыдатаў на прэзыдэнта Багданава прагаласавала ўсяго каля мільёна выбарнікаў. Адсюль пытаньне да рэжысэраў гэтага спэктаклю пад назвай “Выбары прэзыдэнта Расеі”: як мог гэты прэтэндэнт сабраць два мільёны подпісаў, патрэбных для яго рэгістрацыі ў кандыдаты, пры тым, што яны ўсе былі прызнаныя сапраўднымі? Такі анэкдатычны выпадак можна ўносіць у Кнігу Рэкордаў Гінэса. Дзякуй”.

Тэлеглядач, Барысаў: “Мяркую, выбары ў Расеі былі гульнёй у адны вароты. Адзін кандыдат у эфіры хвілінамі, а другі гадзінамі. Нават не было прамых дэбатаў. ТБ аднаго выстаўляе клоўнам, а другога Каньком-Гарбунком. Няўжо ў вялікай Расеі закончыліся Іваны, добрыя канкурэнты?!”

Халадовіч Станіслаў, Івацэвічы: “Спадар Сурыкаў, ня трэба хлусіць. Беларусы ніколі не забудуць 1996 год, год высадкі расейскага дэсанта ў асобе спадароў Чарнамырдзіна, Строева і Селязьнёва. Гэта было нахабнае і грубае ўмяшальніцтва ва ўнутраныя справы сувэрэннай дзяржавы. І ў цяперашні час з боку Расеі ажыцьцяўляецца маральная і матэрыяльная падтрымка беларускага рэжыму”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG