Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ю.Беленькі: “Расея і сёньня застаецца імпэрыяй”


Як учорашняе абраньне Дзьмітрыя Мядзьведзева новым прэзыдэнтам Расеі можа адбіцца на расейска-беларускіх дачыненьнях? З гэтым пытаньнем наш менскі карэспандэнт зьвярнуўся да шэрагу палітыкаў і палітолягаў.


Алесь Лагвінец, палітоляг, дарадца Аляксандра Мілінкевіча ў міжнародных пытаньнях, мяркуе, што разьлічваць на вялікія зьмены ў дачыненьнях Масквы і Менску ня варта:

“Грунтуючыся на ўсіх тых дэклярацыях, якія ўчора ўвечары зрабіў спадар Мядзьведзеў, можна меркаваць, што зьменаў у вонкавай палітыцы Расеі ня будзе. Таму беларусам варта навучыцца ўзаемадзейнічаць з Расеяй на ўзаемавыгаднай, празрыстай аснове. І трэба вельмі асьцерагацца паўзучай прыватызацыі Беларусі з боку Расеі. Замарожваньне сёньняшняга беларускага стану і захаваньне неэфэктыўнай эканамічнай мадэлі робіць вельмі ўразьлівай усю нашу эканоміку і ўсю нашу дзяржаву”.

Старшыня камісіі Палаты прадстаўнікоў Уладзімер Здановіч лічыць, што пакуль яшчэ рана казаць пра магчымасьць карэктаваньня беларуска-расейскіх дачыненьняў на тле ўчорашняга абраньня Дзьмітрыя Мядзьведзева:

“Таму што чалавек толькі што абраны. І будзем казаць так: ён яшчэ не праявіў сябе ў гэтай дзейнасьці.

Але ўсё ж ёсьць спадзяваньні, што карэнным чынам палітыка мяняцца ня будзе, а будзе працягвацца ў тым жа рэчышчы, у якім яна ішла дагэтуль”.

Маскоўскі палітоляг Андрэй Суздальцаў лічыць, што ўчорашняя перамога Дзьмітрыя Мядзьведзева можа прыкметна адбіцца на расейска-беларускіх дачыненьнях, асабліва на асабістых стасунках кіраўнікоў дзьвюх дзяржаваў:

“Эліты, якія падтрымліваюць у Расеі Мядзьведзева і Пуціна, безумоўна, блізкія, але перасякаюцца яны толькі часткова. Я сам са зьдзіўленьнем заўважыў, што чакаецца не малая нейкая ратацыя, а даволі, я б сказаў, крутая. Прычым усё гэта робіцца і будзе рабіцца ў рамках Канстытуцыі, што для Расеі рэч фэнамэнальная. І таму новыя людзі, якія прыйдуць з новым прэзыдэнтам, ужо разумеюць, што і яны прыходзяць не назаўсёды.

На гэтым тле пра якую інтэграцыю можна казаць?! У Маскве ўлада зьмяняецца, а ў Менску – ніколі. Калі слухаеш заявы Лукашэнкі пра пабудову пятага, шостага блёку атамнай станцыі, дык разумееш, што ён арыентуецца дзесьці на 2025, 2026 ці 2027 год — мінімум.

І другое, трэба ўлічваць, што Пуцін – перадусім афіцэр. З крыві і косьці. І ён ацэньваў сваю місію як служэньне, службу Расеі. Мядзьведзеў перадусім мэнэджэр. І зь ім наладзіць стасункі Лукашэнку будзе цяжка. Вельмі цяжка. Ня трэба забывацца, што Лукашэнка таксама быў афіцэрам. І гэта дапамагала яму, няхай збольшага, але знаходзіць супольную мову з Пуціным. Тут абсалютна іншая сытуацыя”.

Намесьнік старшыні Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі БНФ Юрась Беленькі лічыць, што з заменай Пуціна на Мядзьведзева сутнасьць расейскіх уладаў ня зьменіцца:

“У Расеі адбылася кансэрвацыя той улады, якую некаторыя аналітыкі на Захадзе называюць чэкісцкай альбо кагэбэшнай. Гэта супадае ў прынцыпе і з нашымі ацэнкамі. Таму той частцы беларускага грамадзтва, якая адэкватна ўспрымае пагрозы з боку Масквы, трэба быць гатовай да любых паваротаў падзеяў. Расея застаецца краінай з агрэсіўнай імпэрскай альбо нэаімпэрскай палітыкай. Гэты чыньнік – самы галоўны. А ня тое, якая канкрэтна асоба сёньня ачольвае Расею”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG