Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Міры паставяць опэру “беларускага Моцарта”


Мастацкая рада Беларускай опэры прыняла да пастаноўкі опэру Яна Давіда Голянда “Чужое багацьце нікому ня служыць”.


Такім чынам будзе разгорнутая яшчэ адна старонка з гісторыі беларускага музычнага тэатру эпохі клясыцызму. Новы спэктакль спадзяюцца паказаць улетку ў Мірскім замку, а потым захаваць у сталым рэпэртуары тэатру.

Камічную опэру “Чужое багацьце нікому ня служыць” Ян Давід Голянд стварыў у 1795 годзе. Немец паводле паходжаньня, кампазытар большую частку свайго жыцьця правёў у Беларусі. Цягам 20 год ён служыў капэльмайстрам у Нясьвіжы пры двары Радзівілаў, а пасьля быў прафэсарам музыкі Віленскага ўнівэрсытэту, дзе вучыў кампазыцыі “філяматаў і філярэтаў”.

Сябра мастацкай рады Беларускага опэрнага тэатру, заслужаны артыст Беларусі Віктар Скарабагатаў (на фота) апавядае, што твор Голянда дайшоў да нас нават ня ў выглядзе поўнай партытуры. У адным з польскіх архіваў дасьледчыца Вольга Дадзіёмава знайшла рэпэтыторыюм: вакальныя партыі, а таксама партыя першай скрыпкі і кантрабаса. Не было нават лібрэта. З гэтага сьціплага матэрыялу супольнымі намаганьнямі “Чужое багацьце” рэканструявалі цалкам.

“На ўзнаўленьне гэтай опэры пайшло больш за тры гады, – расказвае Віктар Скарабагатаў. – П’есу склаў Сяргей Кавалёў паводле таго сцэнару, які захаваўся. Што да вакальных нумароў, пераклады зрабіў Васіль Сёмуха – лібрэта было па-польску. Што тычыцца музыкі, то давялося, вядома ж, вельмі парупіцца Ўладзімеру Байдаву, які займаўся аркестроўкамі”.

Сюжэт, які стаў асновай лібрэта “Чужога багацьця”, быў вельмі распаўсюджаны ў эўрапейскай опэры часу Яна Давіда Голянда. Малады і бедны актор Нясьвіскага тэатру Янка закахаўся ў дачку заможнага Чужапанка – Касю. Каб быць бліжэй да каханай дзяўчыны, Янка пайшоў да пана парабкам. Чужапанак між тым мае свае пляны адносна Касінай будучыні і марыць аддаць яе замуж не за кагосьці, а за самога князя Радзівіла. Урэшце, маладыя людзі знаходзяць спосаб абдурыць амбіцыйнага Чужапанка і знаходзяць сваё шчасьце.

Паводле жанру – гэта зынгшпіль. То бок, паміж вакальнымі нумарамі ідуць дыялёгі. Опэра складаецца з трох дзеяў. Большасьць вакальных нумароў – гэта арыі, якіх толькі ў Касі ажно чатыры, што таксама палягае ў рэчышчы музычнай эстэтыкі эпохі клясыцызму. Паводле стылю музыка Голянда набліжаецца да опэр Моцарта, ягонага сучасьніка.

“Чужое багацьце” я хачу паказаць у Мірскім замку”, – кажа Віктар Скарабагатаў:

“У хуткім часе, напрыклад, будзе адкрывацца Мірскі замак як установа ўжо цалкам адноўленая. Там павінна быць штосьці накшталт тэатру. І мы паспрабуем зрабіць так, каб прэм’ера адбылася менавіта ў Мірскім замку. Далей, вядома ж, яе трэба паказваць на сцэне камэрнай, іначай кажучы, на сцэне Дому афіцэраў. Ну й, напэўна, мае сэнс пракатаць спэктакль па тэатрах Беларусі, дзе ёсьць аркестравая яма”.

Пастаноўку опэры “беларускага Моцарта” маюць ажыцьцявіць галоўны дырыгент тэатру опэры Віктар Пласкіна і рэжысэр Галіна Галкоўская. Салістамі стануць зусім маладыя сьпевакі, у тым ліку тыя, хто пакуль яшчэ вучыцца ў Акадэміі музыкі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG