Гэтым разам пачнём з новай стужкі ганконгскага майстра Эндру Лаў. Некалькі гадоў таму ягоная «Падвойная ракіроўка» трапіла ў сьпіс найлепшых крымінальных драм сьвету. У 2006-м яе перарабіў на свой капыл галівудзкі вэтэран Марцін Скарсэзэ – і атрымаў за сваіх «Адступнікаў» «Оскара». А ў 2007-м Лаў перабраўся ў Галівуд, каб рабіць амэрыканскую кар’еру. Ягоны першы фільм на новай пляцоўцы завецца «Паства». Галоўныя ролі выконваюць абаяльныя Рычард Гір ды Кэрстэн Данст. Але кіньце надзеі на рамантычную камэдыю! Стужка прысьвечана гаротнаму лёсу судовых назіральнікаў за сэксуальнымі маньякамі.
Галівудзкі мача Гір час ад часу схільны пагуляць у дрэннага хлопчыка. Ягоны Эрал Бэбедж – вэтэран кантрольнай службы – ня мае ніякіх ілюзій наконт свайго кантынгенту – звычайных псыхапатаў ды забойцаў. І спрабуе абараніць ад іх пазасталае чалавецтва ўсімі магчымымі і немагчымымі сродкамі. Мяжа, што падзяляе назіральніка і ягоную паству, крок за крокам робіцца амаль незаўважнай. Моцнае кіно з выдатнай працай апэратара Энрыке Чэд’яка ўражвае адметна адбудаванай атмасфэрай нарастаючага шаленства. Незвычайны фільм, варты вашае ўвагі.
Галоўнае адмоўнае ўражаньне -- галівудзкая стужка «Майкл Клейтан». Вось вам чарговы аргумэнт на карысьць таго, што славутыя «оскары» няшмат чаго вартыя. Фільм рэжысэра Тоні Гілроя сёлета праходзіць ажно па 6 конкурсных намінацыях. Але гэтую гісторыю сумленнага адваката з бруднымі рукамі амаль немагчыма ўспрымаць сур’ёзна.
Шчыра кажучы, «Майкл Клейтан» -- гэта проста двухгадзінны рэклямны ролік Джорджа Клуні. Пасівелы плэйбой паліць на начных вуліцах, падвозіць да школкі малога сына і між справамі змагаецца з злачыннай карпарацыяй. Усё разам нагадвае старое кіно накшталт «Трох дзён Кандора». Тады гэта было Сэнсацыяй. Сёньня – татальны сэканд-хэнд.
А зараз - мой асабісты выбар гэтага тыдня: «Суіні Тод - дэманічны цырульнік з Фліт-стрыт». Кароль амэрыканскай готыкі Цім Бартан зрабіў чарговы мюзікл. Раней ў ягоных стужках сьпявалі і танчылі выключна лялькі. Гэтым разам усё больш складана: Бартан экранізаваў славутае брадвэйскае шоў. Галоўную партыю засьпяваў Джоні Дэп.
Бартан у добрай форме: змрочны расповед пра лёнданскага цырульніка-забойцу выглядае вельмі эфэктна. Выкшталцоная музыка Стывена Зондхайма гучыць надзвычай драматычна. І тым не менш, гэта кіно на адзін вечар. Прывабнае, але пустое. Як бутэлька з-пад чырвонага віна пасьля таго, як выпіта апошняя кропля напою.