“Судзьдзя вядзе паседжаньне ў сваім кабінэце, тлумачыць, што тут прасторы мала, людзям – цесна, – паведаміў “Свабодзе” Віталь Сыманюк, якога таксама выдаліў з паседжаньня судзьдзя Аляксандр Беразюк.
Са словаў суразмоўцы, уся група актывістаў накіроўваецца цяпер у абласны суд, каб абскардзіць рашэньне судзьдзі Беразюка. Віталь Сыманюк кажа, што ў будынку Ленінскага суду Берасьця ёсьць сёньня вольныя залі, адну зь якіх можна было б выкарыстаць для паседжаньня.
Сёньня Дзяніс Турчаняк, Інга Абрамава, Жана Абрамава і Сяргей Вакуленка судзяцца зь міліцыянтамі Ленінскага РАУС Берасьця. Заяўнікі лічаць, што 13 сьнежня 2007 году іх незаконна не дапусьцілі на судовае паседжаньне супраць сябра апазыцыі Андрэя Шарэнды.
Берасьцейскі праваабаронца Ўладзімер Вялічкін лічыць, што як 13 сьнежня, так і сёньня парушаюцца правы людзей на атрыманьне інфармацыі, прадугледжанага адпаведнымі артыкуламі Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах, а таксама канстытуцыі Беларусі.