Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзяржаўнае сьвята адзначаць вылетамі самалётаў


Комплекс “Лінія Сталіна” дзякуючы намаганьням уладаў пераўтвараецца ў цэнтар прапаганды “квітнеючай і моцнай Беларусі”. На лета тут заплянаванае першае авіяшоў пад назвай “Менск Аэра-2008”. Чакаецца прысутнасьць дэлегацый з двух дзясяткаў краінаў.

Першае нацыянальнае авіяшоў будзе прымеркаванае да дзяржаўнага Дня незалежнасьці і расьцягнецца ажно на чатыры дні – з 3 да 6 ліпеня. Арганізатарамі мерапрыемства – беларускі фонд “Памяць Аўгана”, зь ініцыятывы якога некалькі гадоў таму “Лінія Сталіна” і паўстала, а таксама расейскія “Авіясалён” і “Сол Мэдыя Гран”.
Кіраўнік фонду «Памяць Аўгана» Аляксандар Мятла кажа, што «гісторыка-культурны» цэнтар (так афіцыйна разглядаецца "Лінія Сталіна”) мусіць пашыраць спэктар сваіх “паслугаў”:
«Адрозна ад тых мерапрыемстваў, якія мы ладзілі раней на «Лініі Сталіна», гэтае, натуральна, само па сабе для нас новае. Але самае галоўнае, што яно, так бы мовіць, не «аднаразовае». Калі вы прыходзілі, прыкладам, паглядзець інсцэніроўку бою, то нейкі эпізод баявых дзеяньня прайшоў – і ўсё, на гэтым да пабачэньня, хто чым хоча, той тым і займаецца. У дадзеным выпадку маецца на ўвазе, што будзе загружаны цэлы дзень – пачынаючы з раніцы і заканчваючы позьнім вечарам».
Як вынікае з расказу Мятлы, збольшага ўсё зьвядзецца да дэманстрацыі акрабатычных нумароў расейскімі пілятажнымі групамі “Рускія віцязі” і “Стрыжы” на баявых самалётах МіГ-29 і Су-27. Пры гэтым удакладняецца: перамовы з расейскімі паветранымі “асамі” яшчэ нават не пачыналіся, але ў станоўчым іх выніку ў фондзе не сумняюцца. Затое зь вялікай доляй упэўненасьці можна казаць, што “разбавяць” расейскі калярыт беларускія вайсковыя злучэньні, а таксама малая авіяцыя пад патранажам ДТСААФ.
Фактычна “Лінія Сталіна” “прыватызаваная” і пасьпяхова пераўтвораная ў камэрцыйнае прадпрыемства фондам “Памяць Аўгана”. Пачынаючы ад месца паркоўкі і заканчваючы паслугамі экскурсавода – усё тут каштуе рэальныя грошы. Апошнім часам аўганцы пачалі актыўна працаваць у рэчышчы дзяржаўнай ідэалёгіі, празь інсцэніроўкі ўзгадваючы “крывавыя падзеі”, якіх насамрэч, сьведчаць гісторыкі, у гэтых мясьцінах не было.
Алесь Пушкін хоць сам у мінулым і “інтэрнацыяналіст”, але імпэту былых саслужыўцаў, якія ўзвальваюць на сябе ўсё новыя ініцыятывы, не падзяляе:
“Дзяржаўная ідэалёгія не павінна будавацца на аўганскай (ці на любой іншай) вайне. Яна павінна аддаць належнае гэтым людзям і адвесьці ім вельмі сьціплае месца – ціхае і сьціплае месца ў грамадзтве. А калі яны хочуць мець клюб па інтарэсах, дык можа калі і будзе беларускамоўны клюб аўганцаў, дык і я туды пайду.”
Арганізатары разьлічваюць: мерапрыемствы ў рамках авіяшоў наведае некалькі дзясяткаў, а мо і соцень тысяч беларусаў і гасьцей краіны. Паводле Мятлы, за адзін раз комплекс можа прыняць да 50 тысяч гледачоў. З улікам, што шоў расьцягнецца на чатыры дні, агульная масавасьць можа перавысіць 200 тысяч. Паводле аптымістычных прагнозаў, жаданьне прыехаць на «Лінію Сталіна» выкажуць прадстаўнікі ня меней, чым 20 краінаў. Забаўляць удзельнікаў і гледачоў будуць расейскія ды беларускія поп-выканаўцы.
Менш радасьці тое мерапрыемства прынясе аўтааматарам ды дачнікам, якія на выходныя заўсёды ў вялікай колькасьці перасоўваюцца па гэтым кавалку дарогі Менск-Маладэчна. На час імправізаваных “войнаў” на “Лініі Сталіна” дарога папросту перакрываецца і кола ў аб’езд вымяраецца дзясяткамі кілямэтраў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG