Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму прадпрымальнікам загадзя ня кажуць пра павышэньне падаткаў?


Сэсія Магілёўскага аблсавету дэпутатаў зацьвердзіла павелічэньне стаўкі адзінага падатку для індывідуальных прадпрымальнікаў на 30%.

Павелічэньне падатковага цяжару адбываецца насуперак пастановам ураду Беларусі пра яго зьніжэньне й што праграма зьніжэньня падатковага цяжару
У інспэкцыі міністэрства падаткаў і збораў па Магілёўскай вобласьці гэтае павышэньне называюць нязначным. Прадпрымальнікі ж прадракаюць пагаршэньне ўмоваў існаваньня малога бізнэсу на Магілёўшчыне.

Першымі забілі трывогу ў сувязі з тады яшчэ толькі меркаваным павышэньнем адзінага падатку бабруйскія прадпрымальнікі. Яны пісьмова зьвярнуліся да старшыні Магілёўскага аблвыканкаму Барыса Батуры з просьбай не павышаць падатак.

Прадпрымальнікі тлумачылі, што павышэньне падатку ў цяперашніх умовах немэтазгодна, бо зьмяніліся ўмовы працы — значнай частцы прадпрымальнікаў давялося звольніць найманых работнікаў. Акрамя таго, рост курсу эўра, да якога дапасаваны падатак, сыстэматычна павялічвае падатковы цяжар.

“У выпадку павелічэньня ставак адзінага падатку будзем лічыць, што павелічэньне падатковага цяжару адбываецца насуперак пастановам ураду Беларусі пра яго зьніжэньне й што праграма зьніжэньня падатковага цяжару ня тычыцца такіх суб’ектаў гаспадараньня, як індывідуальныя прадпрымальнікі. У такім разе будзем разглядаць гэта як наўмыснае пагаршэньне ўмоваў вядзеньня бізнэсу”, — агучыла меркаваньні бабруйскіх дробных бізнэсоўцаў прадпрымальніца Алена Мядзьведзева.

Высьветліць, наколькі ж павялічылася стаўка адзінага падатку, аказалася няпроста.

У абласным савеце параілі зьвярнуцца ў інспэкцыю Міністэрства падаткаў і збораў па Магілёўскай вобласьці. Праект пастановы пра павелічэньне падатку распрацоўвала гэтая ўстанова.
Мы заплацім падаткі, а потым, пасьля першага сакавіка нам скажуць — даплачвайце

Супрацоўнік інспэкцыі па пытаньнях дзейнасьці прыватных прадпрымальнікаў Ігар Герасімаў паведаміў:

“Што там прынялі — хутчэй за ўсё новую пастанову па адзіным падатку ды, магчыма, па мясцовых зборах. А што канкрэтна было прынята, я вам сказаць канкрэтна не магу, бо я ня браў удзелу”.

У інспэкцыі ўсё ж удалося даведацца, што падатак павялічылі. Сказалі — нязначна, аднак наколькі — засталося таямніцай. Пастанову аблсавета падаткавікам яшчэ не даслалі.

Таямніцу з падаткам раскрыў адзін з дэпутатаў аблсавету, які пажадаў не называць свайго імя. Паводле ягоных словаў, падатак павялічылі ў сярэднім на трыццаць працэнтаў.

З чаго такая таямніца? Адказвае Алена Мядзьведзева:

“Мы заплацім падаткі, а потым, пасьля першага сакавіка нам скажуць — даплачвайце. Цяпер агучыць — можа, ня ўсе захочуць за гэты месяц плаціць такі падатак. Калі б цяпер нам сказалі, што там будзе адзін мільён падатку, я б, магчыма, не пайшла яго плаціць. А так, калі я заплачу, мне давядзецца першага сакавіка даплаціць, каб ня страціць таго падатку”.

Бізнэсоўцы тлумачаць павышэньне падатку тым, што значная частка іхніх калегаў згарнула бізнэс, а значыць, дзяржава нясе страты. Страты нейкім чынам трэба кампэнсаваць. Акрамя таго, дзяржава імкнецца наблізіць падаткаабкладаньне індывідуальных прадпрымальнікаў да падаткаабкладаньня прадпрыемстваў. А гэта, лічаць прадпрымальнікі, толькі пагоршыць умовы для існаваньня дробнага бізнэсу на Магілёўшчыне.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG