Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці прыйдзецца дочкам Казуліна далучацца да ягонай галадоўкі?


Сёньня а 14 гадзіне можа пачацца галадоўка Вольгі і Юлі Казуліных. Яны далучацца да галадоўкі свайго бацькі, каб дамагчыся ягонага вызваленьня хаця б на час пахаваньня маці.


Другая галадоўка Аляксандра Казуліна доўжыцца ўжо другі дзень. Палітык пачаў акцыю пратэсту ўчора, 24 лютага, калі зрабіў выснову, што ўлады не дазваляюць яму праводзіць жонку ў апошні шлях. За некалькі гадзін да таго я размаўляў з Вольгай Казулінай. Дакладных зьвестак у яе не было, але былі чуткі, якія давалі надзею.

“Ніхто мне афіцыйна не званіў, ёсьць толькі чуткі, але чутак шмат. Сэнс іх той, што ўжо апоўдні тата будзе дома. Гэта кажуць быццам дасьведчаныя людзі, але прыватна”.

Надзеі скончыліся пасьля званка дамоў, які Аляксандру Казуліну дазволілі зрабіць з калёніі. Аляксандар Казулін пацікавіўся ў дачок здароўем і заявіў, што яго на пахаваньне не адпускаюць, таму ён пачынае галадоўку пратэсту. Калі да аўторка ўлады ня пойдуць насустрач, галадоўка стане сухой. Гэта значыць — без вады. “Буду галадаваць да сьмерці. Тады няхай нас хаваюць разам”, — сказаў Аляксандр Казулін.

Да вечара зьвесткі пра тое, што ўлады зьмянілі сваё рашэньне, так і не прыйшлі. Марна прачакаўшы некалькі гадзін, пра намер далучыцца да галадоўкі Аляксандра Казуліна заявілі ягоныя дочкі, а таксама аднапартыйцы: былы адвакат Ігар Рынкевіч, праваабаронца Алег Волчак, былы дэпутат Сяргей Скрабец, які ў 2006 годзе сядзеў з Казуліным у віцебскай калёніі. Паводле Ігара Рынкевіча, гэта можа стаць пачаткам і шырэйшай акцыі.

“Акрамя гэтага, шмат хто тэлефануе з рэгіёнаў, з партыі Грамада, кажуць пра тое, што яны гатовыя распачаць палітычныя акцыі пратэсту ў сталіцы. Але ад гэтага мы іх пакуль адгаворваем. Бо разьлічваем, што ва ўлады хопіць разважнасьці, каб закон быў выкананы і Аляксандар Казулін змог прыехаць да сваёй сям’і”.

Нагадаю, сваякі плянавалі, што ўжо сёньня зь вечара ў менскім Чырвоным касьцёле пачнецца разьвітаньне з Ірынай Казулінай. Яе пахаваньне плянавалася на аўторак, 26 лютага, але пакуль гэтыя пляны залежаць ад таго, ці прыедзе Аляксандар Казулін.


Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG