Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка і новы прэзыдэнт Расеі


Сёньня ў Маскве распачаўся нефармальны саміт кіраўнікоў краінаў СНД. Гэта апошні саміт з удзелам Уладзімера Пуціна. Сваім пераемнікам на пасадзе прэзыдэнта Расейскай Фэдэрацыі ён называе Дзьмітрыя Мядзьведзева. Як складуцца адносіны паміж новым прэзыдэнтам Расеі і Аляксандрам Лукашэнкам? На гэтае пытаньне адказвалі мінакі на вуліцах Менску.


Карэспандэнтка: “Як складуцца адносіны паміж прэзыдэнтам Беларусі Аляксандрам Лукашэнкам і будучым прэзыдэнтам Расеі?”

Юнак: “Я думаю, што яны ня зьменяцца. Мядзьведзеў — пераемнік Пуціна. Таму застанецца і тая ж палітыка, і тое ж разьвіцьцё”.

Спадарыня: “Там усё роўна Пуцін будзе дарадчыкам, а таму нічога ня зьменіцца. Як было, так і будзе”.

Спадар: “Я ўвогуле да Мядзьведзева стаўлюся падазрона, папраўдзе кажучы. Я яго ўвогуле ня ведаю. Ён дагэтуль быў, як вясельны генэрал, а справаў ягоных відаць не было. Вясельны генэрал. І ніякай замены Ўладзімеру Ўладзімеравічу ня будзе – у гэтым я ўпэўнены абсалютна”.

Спадарыня: “Я лічу, што ў лепшы бок зь Мядзьведзевым зьменяцца. Па-першае, у справах узбраеньняў, у гандлі. І ўвогуле, мы, славяне, добра кантактуем. Нашыя беларусы там жывуць, і яны ў нас, расейцы”.

Адносіны Лукашэнкі зь Мядзьведзевым ніякім чынам ня будуць адрозьнівацца ад стасункаў Лукашэнкі з Пуціным.
Карэспандэнтка:
“Як складуцца адносіны паміж прэзыдэнтам Беларусі Аляксандрам Лукашэнкам і будучым прэзыдэнтам Расеі?”

Спадарыня: “Натуральна і адназначна гэта будзе кірунак Пуціна. Я так думаю”.

Юнак:
“Я думаю, што ўсё добра. Я думаю, што яны знойдуць агульную мову. Бо будучы расейскі прэзыдэнт – ён малады, пэрспэктыўны, а таму неяк дамовяцца”.

Юначка: “Я думаю, што гэтыя адносіны зьменяцца. Новы расейскі прэзыдэнт гэта зробіць. Але спадзяюся, што гэтыя зьмены будуць у лепшы бок. І нашыя краіны прыйдуць да агульнай думкі пра далейшае ўзьяднаньне”.

Спадар: “Маё меркаваньне, што Мядзьведзеў – тэхнічная фігура. І ня тое што марыянэтка, але ў вялікай ступені чалавек Пуціна. Таму я лічу, што адносіны Лукашэнкі зь Мядзьведзевым ніякім чынам ня будуць адрозьнівацца ад стасункаў Лукашэнкі з Пуціным. Я думаю, што тут ня будзе ніякіх зьменаў”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG