Паводле Паўла Левінава, мэтай акцыі было зьвярнуць увагу на факты парушэньня заканадаўства ў беларускім войску – да прыкладу, да выпадкаў выкарыстаньня працы жаўнераў, не зьвязанай зь нясеньнем службы – калі вайскоўцаў прымушаюць выконваць абавязкі дворнікаў або грузчыкаў.
Гарвыканкам не даў дазволу на правядзеньне гэтай акцыі, але й не забараніў яе, паколькі заяўлены спадаром Левінавым фармат імпрэзы – шэсьце, але з удзелам усяго двух чалавек – не падпадае пад азначэньне “масавага мерапрыемства”.
У чацьвер апоўдні Павел Левінаў і Ўладзімер Сіманковіч усклалі кветкі да помніка віцебскім воінам-інтэрнацыяналістам і прайшлі па вуліцах гораду да Сьвята-Георгіеўскай царквы, дзе паставілі сьвечкі для ўшанаваньня памяці ўсіх загінулых вайскоўцаў і за здароўе сёньняшніх абаронцаў Беларусі. Ад звычайных мінакоў абодва актывісты адасобілі сябе тым, што прымацавалі на грудзі бэйджыкі, дзе было напісана пра мэту іхнай акцыі. Па дарозе Левінаў і Сіманковіч адказвалі на пытаньні ўсіх цікаўных.