Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У А.Зьдзьвіжкова ў турме пагоршыўся зрок


Маці асуджанага журналіста Аляксандра Зьдзьвіжкова наведала рэспубліканскі турэмны шпіталь і даведалася, чаму сына паклалі на лячэньне.


Аляксандра Зьдзьвіжкова паклалі ў рэспубліканскі турэмны шпіталь у пятніцу, 15 лютага, але пра ягоны дыягназ сваякі ня ведалі. Маці журналіста Ганна Зьдзьвіжкова, якая жыве ў Барысаве, сёньня адмыслова прыехала ў Менск, каб даведацца пра сынаву хваробу. У сам шпіталь жанчыну не пусьцілі. Яна толькі размаўляла з доктарам, які працуе ў нэўралягічным аддзяленьні, куды патрапіў Аляксандар Зьдзьвіжкоў. Маці журналіста кажа, што пасьля гэтай размовы крыху супакоілася.

Аказалася, у яго пагоршыўся зрок.
“Адлягло... Думала ўжо, можа, у яго хворыя лёгкія, бо ён шмат паліць, ці сур’ёзна прастыў. Казаў, што ў камэры было холадна. Аказалася, у яго пагоршыўся зрок. Зразумела чаму. Там сьвятла мала. Ён пісаў, што працаваць хоча, а там няма кампутара. Сядзім, пісаў, у цемры. Вось і сказалася”.

Калі Аляксандра Зьдзьвіжкова выпішуць са шпіталя? Вось што пра гэта сказаў турэмны доктар:

“У дадзены момант ягоны стан здавальняючы. Па хваробе, у зьвязку зь якой яго да нас накіравалі — гэта прагрэсуючая блізарукасьць — ён абсьледаваны акулістам. Яму правялі курс лячэньня і будуць выпісваць. А пэўных тэрмінаў у рэжымных установах не паведамляюць”.

Сёньня маці Аляксандра Зьдзьвіжкова перадала яму перадачу: харчы, адзеньне, канцылярскія тавары і рэчы асабістай гігіены. Частку гэтай перадачы падрыхтавалі былы рэдактар “Згоды” Аляксей Кароль і ягоны барысаўскі сябар Аляксандар Абрамовіч.

22 лютага ў Вярхоўным судзе Беларусі адбудзецца разгляд касацыйнай скаргі на прысуд, які вынес Аляксандру Зьдзьвіжкову судзьдзя Менскага гарадзкога суду Руслан Аніскевіч. Былы рэдактар газэты “Згода” Аляксей Кароль спадзяецца на поўнае апраўданьне або хоць бы замену пакараньня Аляксандру Зьдзьвіжкову на іншае, не зьвязанае са зьняволеньнем:

“Спадзяваньні грунтуюцца на апошніх вызваленьнях палітвязьняў. Хацелася б, каб да трох вызваленых палітвязьняў хутка далучыліся Аляксандар Зьдзьвіжкоў і Аляксандар Казулін”.

Нагадаем, у студзені Аляксандра Зьдзьвіжкова, які два гады таму перадрукаваў у “Згодзе” карыкатуры на прарока Мухамада, прызналі вінаватым у распальваньні рэлігійнай варожасьці і пакаралі 3 гадамі зьняволеньня. На судзе Аляксандар Зьдзьвіжкоў казаў пра перасьлед з рэлігійных прычын. Шмат хто ў Беларусі і сьвеце патрабуе вызваленьня Аляксандра Зьдзьвіжкова як палітычнага зьняволенага.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG