Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Цэнтар Разумкова: Пуцін паставіў ультыматум, каб Украіна здала Дэбальцава


Жыхары Дэбальцава пакідаюць горад, фота 6 лютага
Жыхары Дэбальцава пакідаюць горад, фота 6 лютага

Фармальна заключыўшы пагадненьне аб спыненьні агню, прарасейскія сэпаратысты і Расея пакінулі для сябе магчымасьць узнавіць канфлікт у любы момант, лічыць судырэктар праграмаў зьнешняй палітыкі і міжнароднай бясьпекі «Цэнтру Разумкова» Аляксей Мельнік.

— Як бы вы ахарактарызавалі дынаміку баявых дзеяньняў на ўсходзе Ўкраіны пасьля падпісаньня другой менскай дамовы? Што адбываецца ў самых гарачых кірунках — Дэбальцава, Шчасьце, Марыюпаль?

— Характэрна, што падчас начных перамоваў у Менску на тэрыторыю Ўкраіны з боку Расеі зайшлі 50 танкаў, 40 сыстэм РСЗА і 40 бронетранспартэраў. З гэтага можна рабіць высновы пра намеры бакоў. На фоне дэклярацыі аб спыненьні агню, напярэдадні рашэньня пра замірэньне на ўкраінскую тэрыторыю зайшла вялікая колькасьць расейскага наступальнага цяжкога ўзбраеньня. Гэта вельмі істотны момант, які дазваляе нам ацэньваць пэрспэктывы замірэньня.

Пасьля таго як замірэньне было падпісана, кожную хвіліну інтэнсіўнасьць баёў павялічваецца. Ёсьць усе падставы лічыць, што ў два дні, якія засталіся да ўваходжаньня ў сілу пагадненьня аб спыненьні агню, будзе максымальнае павелічэньне атак з мэтай захопу большых пляцдармаў і нанясеньня большай шкоды ўкраінскаму боку.

Аляксей Мельнік
Аляксей Мельнік

— А што адбудзецца апоўначы 15 лютага? Ці можна разьлічваць на выкананьне пісьмовай дэклярацыі?

— Зразумела, што ўвод вялікай колькасьці цяжкага ўзбраеньня — гэта падрыхтоўка да ўдару па Дэбальцава, дзе цяпер знаходзіцца ад 6 да 8 тысяч украінскіх вайскоўцаў. Калі нехта лічыць, што па камандзе ў 00 гадзін 00 хвілін 15 лютага стрэлы спыняцца, то гэта вельмі наіўна. Хутчэй за ўсе, Расея зноў выкарыстае такую рыторыку — маўляў, мы каманду далі, але ёсьць тыя, хто нам не падпарадкоўваецца. Учора Пуцін падчас свайго 6-хвіліннага выступу пасьля падпісаньня мірнага пагадненьня агучыў два вельмі важныя тэзісы. Першы — тое, што ён дэ-факта прызнаў свой кантроль пад прарасейскімі баевікамі і пацьвердзіў, што і далей будзе іх падтрымліваць. Другі — гэта ўльтыматум, пастаўлены ўкраінскаму боку пра тое, што 8 тысяч вайскоўцаў, якія знаходзяцца ў раёне Дэбальцава, павінны скласьці зброю. Гэта быў ультыматум. І я баюся, што пасьля ён спашлецца на гэтыя свае словы і скажа: маўляў, я ж папярэджваў.

Прарасейскія баевікі ў 6 кілямэтрах ад Дэбальцава
Прарасейскія баевікі ў 6 кілямэтрах ад Дэбальцава

— Адны бачаць у менскім пагадненьні крок да дээскаляцыі, іншыя сьцьвярджаюць пра тупік дыпляматычных перамоваў. Як вы ацэньваеце пэрспэктывы міру ў выніку сустрэчы «нармандзкай чацьвёркі»?

— Улічыўшы зьнешняе падабенства ключавых пунктаў верасьнёўскай і сёньняшняй менскіх мірных дамоваў, можна прыйсьці да высновы, што апошнюю напаткае такі самы лёс, як і папярэднюю. Ключавая праблема ў тым, што, у адрозьненьне ад Украіны і заходніх партнэраў, Пуцін абсалютна не зацікаўлены ў спыненьні канфлікту. А ўсе пункты дамовы ён ізноў можа трактаваць па-свойму. Таму адзін бок бачыць крокі да дээскаляцыі, а ў той жа час Расея чытае ў дамове магчымасьць узнаўленьня канфлікту ў любы момант, калі Пуцін палічыць патрэбным.

— На што можа разьлічваць Украіна ў выпадку, калі канчаткова стане зразумелым, што дыпляматыя не працуе?

— Цяпер на Захадзе зьмянілася разуменьне і ўспрыманьне гэтага канфлікту. Мала засталося тых, хто бачыць тут унутраны ўкраінскі канфлікт. Гэта гучыць у заявах. Можна нават казаць пра пераломны момант у разуменьні таго, што адбываецца. Усе бачаць, што Расея — гэта бок канфлікту, а не памагаты ў перамовах. Зыходзячы з гэтага, можна спадзявацца, што рашэньні Захаду будуць з пазыцыі таго, што Расея вядзе вайну супраць Украіны і супраць Захаду на тэрыторыі Ўкраіны. Ужо верагодна можна чакаць, што будзе ўзмацненьне эканамічных санкцыяў супраць Расеі і што будзе прынята рашэньне пра аказаньне Ўкраіне ваеннай дапамогі ў выглядзе паставак абарончага ўзбраеньня. Вось гэтыя захады могуць спыніць Расею.

Жанчына плача каля аўтобуса, на якім эвакуююць з Дэбальцава яе блізкіх
Жанчына плача каля аўтобуса, на якім эвакуююць з Дэбальцава яе блізкіх

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG