Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прэс-сакратар Пуціна: Расея не абяцала вызваліць Саўчанку


Расейскі бок заяўляе, што «нічога не абяцаў».

Пытаньне аб вызваленьні ўкраінскай лётчыцы Надзеі Саўчанкі сапраўды ўздымалася прэзыдэнтам Украіны Пятром Парашэнкам у Менску падчас сустрэчы ў «нармандзкім фармаце», аднак расейскі бок не даваў ніякіх запэўненьняў.

Пра гэта паведаміў «Інтэрфаксу» ў пятніцу прэс-сакратар Уладзімера Пуціна Дзьмітрый Пяскоў.

Так Пяскоў пракамэнтаваў заяву Парашэнкі пра тое, што падчас сустрэчы ў «нармандзкім фармаце» ён ўздымаў пытаньне аб вызваленьні лётчыцы і «быў праінфармаваны, што гэта павінна быць зроблена пасьля завяршэньня мэдычнай экспэртызы і папярэдніх высноваў сьледзтва».

«Сапраўды, украінскім бокам на саміце ўздымалася тэма Саўчанкі. Ніякіх запэўненьняў з расейскага боку на гэты конт давацца не магло. У адносінах да Саўчанкі вядуцца сьледчыя дзеяньні, ступень яе вінаватасьці або невінаватасьці вызначыць суд», — сказаў прэс-сакратар прэзыдэнта РФ.

Ён таксама пацьвердзіў, што прэзыдэнт Францыі Франсуа Алянд і канцлер Нямеччыны Ангела Мэркель «сапраўды выказваліся на сустрэчы ў Менску за вызваленьне Саўчанкі». «На гэта ім былі прадастаўленыя адпаведныя тлумачэньні», — падкрэсьліў Пяскоў.

Пасьля заявы Парашэнкі абарона Саўчанкі, якая арыштаваная паводле абвінавачваньня ў датычнасьці да гібелі расейскіх журналістаў, заявіла, што яна, магчыма, ўключаная ў сьпіс па абмене палоннымі. Пасьля адвакат Марк Фейгін паведаміў, што гэта, хутчэй за ўсё, ня так.

На думку адваката Фейгіна, лётчыцу наўрад ці вызваляць бліжэйшым часам і яе крымінальная справа будзе працягнутая. «Зараз у нас сьледзтва падыходзіць да канца, і, хутчэй за ўсё, будзе суд, так што ўсе працэсуальныя фармальнасьці будуць выкананыя», — сказаў абаронца. Ён дадаў, што для высьвятленьня сытуацыі ў адносінах да Саўчанкі неабходныя заявы расейскіх афіцыйных асобаў.

Паводле вэрсыі сьледзтва, расейскія журналісты Ігар Карнялюк і Антон Валошын нібыта былі забітыя 17 ліпеня 2014 г. з наводкі Саўчанкі, якая пазьней была затрымана на мяжы з Расеяй, куды адправілася пад выглядам уцякачкі. Сваю віну яна адмаўляе. Саўчанка і яе адвакаты сьцьвярджаюць, што яе скралі на тэрыторыі Луганскай вобласьці і даставілі ў Расею.

XS
SM
MD
LG