Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Калі бамбаваньні, вельмі вусьцішна»,— жыхары Марыюпаля


Нямала ўкраінскіх сямей з прыфрантавых, прылеглых да Данбасу раёнаў Украіны, перабываюць у Беларусі няпростыя для сябе і сваёй радзімы часы. Маладых сужэнцаў з Марыюпалю карэспандэнт Свабоды сустрэў у Шклове.

Яны не захацелі сфатаграфавацца, але пагадзілі апавесьці пра жыцьцё ў прыфрантавым горадзе:

«Мы прыехалі ў Шклоў да сваякоў з Марыюпаля. Прыехалі пагасьціць пакуль. Даўно ня бачыліся. Там праца яшчэ, слава Богу, ёсьць. Жыць таксама пакуль ёсьць дзе. Аднак не ва ўсіх, вядома ж. Вусьцішна там. Калі бамбаваньні, дужа вусьцішна. Да гэтага прызвычаіцца немагчыма. У жніўні моцнае бамбаваньне было. І запраўкі на ўскрайках гарэлі. І потым 24 чысла — моцна бамбілі.

Цягам дня чуюцца выбухі. Страляніна. Усё трасецца. Грыміць. Недзе далёка, аднак здаецца, што вельмі блізка. У кватэры знаходзіцца немагчыма. Думаеш, што яшчэ сэкунда і прыляціць да нас. Вусьцішна.

Дужа шмат людзей зьяжджае, але празь нейкі час вяртаюцца дамоў. Ведаеце, родны край — ён цягне. Па ім сумуеш, якім бы ён ня быў. Многім людзям проста няма куды ехаць. У асноўным людзі вымушаныя сядзець на адным месцы, бо няма куды ехаць. У нас вось добра, ёсьць тут сваякі дык мы прыехалі. А многія людзі ў нас ня маюць такой магчымасьці, таму сядзяць і чакаюць.

Людзі там баяцца нешта казаць. Гавораць шэптам у вузкім коле сям’і. У кожнага, зразумела, свае погляды. Нехта падтрымлівае адзін бок, нехта другі. Людзі пра сваю пазыцыю стараюцца голасна, услых не гаварыць. Кажуць, што тэлефоны праслухоўваюцца.

Па вечарах вайскоўцы патрулююць. Увечары нікуды ня выйдзеш. Надыходзіць надвячорак — людзей няма.

На вельмі спадзяемся на мір, што ён надыдзе ва Ўкраіне. Людзі дужа гэтага хочуць і чакаюць. Будзем спадзявацца на найлепшае».

XS
SM
MD
LG