Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Украінская журналістка паведаміла, што было перад «брэхам» LifeNews


Паводле словаў карэспандэнткі тэлеканалу «1+1» Вольгі Кашаленкі, у агрэсіўнасьці расейскія журналісты абвінавацілі спачатку ўкраінскіх журналістаў.

У часе сустрэчы кіраўнікоў Украіны, Францыі, Расеі і ФРГ ў Менску па ўрэгуляваньні канфлікту ў Данбасе журналіст расейскага тэлеканалу LifeNews пачаў «брахаць» на ўкраінскую журналістку Вольгу Кашаленку.

Паводле яе слоў, падставай для пачатку дыялёгу стала тое, што ў час жывых уключэньняў гэты журналіст хлусіў. У Палацы Незалежнасьці, дзе адбылася афіцыйная сустрэча кіраўнікоў чатырох дзяржаў — Пятра Парашэнкі, Ангелы Меркель, Франсуа Алянда і Ўладзімера Пуціна — па ўрэгуляваньні сытуацыі ў Данбасе, сабралася больш за 500 прадстаўнікоў розных СМІ.

Сярод карэспандэнтаў вызначыўся журналіст расейскага тэлеканалу LifeNews Аляксандар Юнашаў: як толькі відэа зь яго «брэхам» на ўкраінскіх калег трапіла ў інтэрнэт, у сацсетках адбыўся выбух «гумару» і «абурэньня».

Зрэшты, не ўсе так адназначна ўспрынялі паводзіны журналіста LifeNews. Анатоль Сулейманаў, галоўны рэдактар гэтага расейскага каналу, на сваёй старонцы ў Twitter напісаў, што на месцы свайго калегі ён учыніў бы больш радыкальна.

Журналістка тэлевізійнай службы навін каналу «1 + 1» Вольга Кашаленка распавяла, што журналіст LifeNews запісваў жывое ўключэньне, і сярод яго слоў была такая інфармацыя, якая, на яе думку, не адпавядае рэчаіснасьці:

«Ён рабіў такія жывыя ўключэньні, і ў адным ён распавядаў пра тое, што ўкраінскія журналісты прыехалі ў вопратцы з надпісам „Украіна“. Ну як я пісала ўжо на Facebook, гэта быў адзіны апэратар з ТРК „Украіна“, які сапраўды меў брэндавую куртку. А ў наступным ўключэньні, якое чула мая калега, ён распавядаў, што ўкраінскія журналісты паводзяць сябе вельмі агрэсіўна, і мы проста падышлі спытаць, чаму ён лічыць, што мы агрэсіўна сябе паводзім», — пракамэнтавала карэспандэнтка тэлеканалу «1 + 1» Вольга Кашаленка для Радыё Свабода.

Самі ж жывыя ўключэньні, кажа журналістка, яна не пераглядала:

«Я ў гатунках лайна не разьбіраюся і не спрабую разьбірацца, я ніколі не заходзіла на іх сайты», — адзначыла Вольга. На відэароліку зь інцыдэнтам відаць, што іншыя журналісты прапанавалі вывесьці нахабнага карэспандэнта з афіцыйнай залі за неадэкватныя паводзіны.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG