Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рэгістрацыя кандыдатаў. Дзень першы. Як гэта было

абноўлена

Падчас зацьвярджэньня кандыдатаў па Берасьцейскай Заходняй акрузе № 1
Падчас зацьвярджэньня кандыдатаў па Берасьцейскай Заходняй акрузе № 1
22 жніўня стаў першым днём рэгістрацыі кандыдатаў у Палату прадстаўнікоў пятага скліканьня. Аднак ня ўсе акруговыя камісіі правялі рэгістрацыю ў гэты дзень. Некаторыя з розных прычынаў праводзяць яе 23 жніўня, што адпавядае графіку правядзеньня выбарчай кампаніі. Таму канчатковыя вынікі рэгістрацыі стануць вядомыя ў чацьвер.

Пакуль жа назіральнікі адзначаюць, што сярод тых, хто не прайшоў рэгістрацыю, лідэр руху «За свабоду» Аляксандар Мілінкевіч. А вось лідэры АГП і Партыі БНФ Анатоль Лябедзька і Аляксей Янукевіч сталі паўнавартаснымі прэтэндэнтамі на дэпутацкае крэсла. Дарэчы, спадар Янукевіч зарэгістраваны па адной акрузе з дэпутатам Палаты прадстаўнікоў другога скліканьня генэралам Валерыем Фраловым.

Вынікі рэгістрацыі камэнтуюць

Аляксандар Мілінкевіч
Анатоль Лябедзька
Аляксей Янукевіч

Дзяніс Дашкевіч
Аляксандар Фядута






19:00 Ад Партыі БНФ зарэгістраваны таксама Ян Лагвіновіч (Маладзечанская гарадзкая выбарчая акруга № 72).

Магілёў. Зарэгістраваныя кандыдатамі старшыня абласной арганізацыі Аб’яднанай грамадзянскай партыі Ўладзімер Шанцаў, актывістка кампаніі «Гавары праўду» Аксана Закрэўская.

Гомель. Зарэгістраваныя ў рэгіёне ўсе 7 прадстаўнікоў АГП, у тым ліку і Ўладзімер Кацора, які напісаў у заяве, што згодны балятавацца кандыдатам пры ўмове вызваленьня палітвязьняў і ўключэньня ў склад выбаркамаў вылучэнцаў АГП.

✖ На сайце прыхільнікаў АГП паведамляецца, адмовілі ў рэгістрацыі Міхаілу Васільеву (Барысаўская сельская акруга № 63), Галіне Аксючыц (Заслаўская № 77), Уладзімеру Малярчуку (Вілейская № 74).

18:20 Прэсавая служба БХД: Вольгу Кавалькову, якая балятавалася па Шабаноўскай 91-й акрузе ў Менску, не зарэгістравалі кандыдаткай.

18:15 У Пружанскай акрузе № 9 (Берасьцейшчына) зарэгістраваны кандыдатам сябра АГП Аляксандар Кабанаў. Ягоны канкурэнт — старшыня Пружанскага райвыканкаму Аляксандар Юркевіч.

18:50 У Бабруйску не зарэгістравалі вылучэнку ад грамадзянскай кампаніі «Гавары праўду» Аксану Самуйлаву. Дваццаць чалавек, якія падпісаліся былі за актывістку, адмовіліся ад сваіх подпісаў. Аксана Самуйлава заяўляе, што будзе абскарджваць рашэньне Бабруйскай-Першамайскай выбарчай акруговай камісіі.

Самуйлава: «Якім спосабам у людзей выбіваліся гэтыя адмовы, я магу толькі сабе ўявіць і паспачуваць гэтым людзям. Улада рэальна бачыць канкурэнцыю ў маёй асобе і ў працы кампаніі „Гавары праўду“. Пазнавальнасьць кампаніі „Гавары праўду“ і кандыдатаў, якіх яна падтрымлівае, і мая асабістая была б на высокім узроўні».

✖ Па той жа акрузе не зарэгістраваны вылучэнец ад Аб’яднанай грамадзянскай партыі Андрэй Казлоў. У дэклярацыі ён не адзначыў наяўнасьць фірмы. Паводле актывіста, яе ён не ўказаў, бо яна ўжо паўтары году як ня дзейная. Тым ня менш, фірма юрыдычна не закрытая.

«Таму, што я вылучаўся ад партыі АГП. А другая прычына — яны палічылі, што я схаваў, што на мне лічыцца фірма, якая ўжо паўгоду дзейнасьці не вядзе наагул. Перада мною зарэгістравалі кандыдата ад Лібэральна-дэмакратычнай партыі, у якога былі парушэньні па заробку. Тым ня менш, камісія палічыла, што гэтае парушэньне не сур’ёзнае, а ў мяне сур’ёзнае».

✔ Бабруйская Ленінская выбарчая камісія № 78 зарэгістравала кандыдатам ў дэпутата вылучэнца ад АГП Мацьвея Хатары.

18:00 У Івацэвіцкай выбарчай акрузе № 11 не зарэгістраваная сябра АГП Вікторыя Грынюк. У яе выявілі недакладнасьці ў дэклярацыі.

✔ Зарэгістраваныя па гэтай акрузе прадстаўнік БСДП(Г) і «Гавары праўду» Валянцін Лазарэнкаў, сябра ЛДПБ Валер Папека і цяперашні дэпутат парлямэнту Леанід Кавалевіч.

Як апавёў Валянцін Лазарэнкаў, на паседжаньні вырашылі, што дэбаты гэтых кандыдатаў ня будуць праводзіцца. Бо спадар Папека адсутнічаў, а дзейсны дэпутат ад дэбатаў адмовіўся.

✖ А дырэктарку «Аранчыцкага хлебапрыёмнага прадпрыемства» Ірыну Замковіч не зарэгістравалі, бо ня ўпісала ў дэклярацыю кватэру ў Берасьці.

17:40 Актывістку стваранай партыі Беларуская хрысьціянская дэмакратыя Надзею Іюльскую не зарэгістравалі кандыдаткай па Грушаўскай акрузе ў Менску, паведамляе прэсавая служба БХД.

17:55 Прадстаўнікі АГП паведамілі «Свабодзе», што выбарчыя камісіі не зарэгістравалі сябраў гэтай партыі: Андрэя Казлова (Бабруйская-Першамайская № 79), Людмілу Мірзаянаву (Каліноўская № 108, Менск), Паўла Казлоўскага (Васьняцоўская № 93, Менск) і Анатоля Богуша (Слуцкая № 67).

17:46 Камісія Віцебскай Чыгуначнай акругі № 19 зарэгістравала кандытам вылучэнца ад Партыі левых «Справядлівы сьвет» Вадзіма Кузьміна і прадстаўніка Партыі БНФ Канстанціна Смолікава.

17:44 У Віцебскай Чкалаўскай акрузе № 18 зарэгістраваны Аляксей Гаўруцікаў, у Віцебскай Горкаўскай № 17 — Алена Фаміна, у Аршанскай гарадзкой № 26 — Канстанцін Анташкевіч. Усе трое — сацыял-дэмакраты з «Народнай Грамады», прыхільнікі былога кандыдата на прэзыдэнта, палітвязьня Міколы Статкевіча.

17:43 Па Віцебскай Кастрыніцкай акрузе № 20 зарэгістраваны сябра Партыі левых «Справядлівы сьвет» Аляксандар Вінаградаў.

✖ Не зарэгістравалі кандыдата ад АГП Сяргея Рогалева. Паводле камісіі, ён не пазначыў усе прыбыткі ў дэкларацыі.

17:40 Кобрынь, Берасьцейская вобласьць. Кандытам зарэгістраваны сябра Партыі БНФ Алесь Страчук. Ягоныя канкурэнты: дзейны дэпутат ПП НС Аляксандар Зазуля, сябра ЛДПБ Уладзімер Надольскі, дырэктар Кобрыньскай птушкафабрыкі Дзьмітры Місюк.

17:38 Аляксандар Фядута піша ў сваім блогу, што па Віцебскай сельскай акрузе зарэгістраваны кандыдатам Леанід Аўтухоў.

17:30 У Лунінецкай акрузе № 13 (Берасьцейская вобласьць) зарэгістраваны былы сябра Партыі БНФ, а цяпер незалежны кандыдат Віталь Каратыш.

✔ Спадар Каратыш апавёў «Свабодзе», што праўладнай кандыдаткай зарэгістраваная тут Валянціна Верас, начальніца Лунінецкага аддзелу адукацыі.

17:28 Па Шклоўскай выбарчай акрузе № 90 зарэгістраваны намесьнік старшыні партыі БНФ Рыгор Кастусёў.

✔ Зарэгістравана па гэтай жа акрузе й вылучэнка ад партыі левых «Справядлівы сьвет» Зінаіда Мілешчанка.

✔ У Магілёве па Цэнтральнай выбарчай акрузе № 85 зарэгістраваныя актывіст партыі БНФ Віталь Макаранка, вылучэнка ад Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі «Грамада» Анастасія Войтава ды Аляксей Паўлоўскі — вылучэнец Аб’яднанай грамадзянскай партыі.

✔ Па Ленінскай выбарчай акрузе № 84 кандыдатамі зарэгістраваныя актывіст Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі «Грамада» Аляксей Падбярэцкі, а таксама вылучэнец ад АГП Мікалай Расюк.

✔ Пасьведчаньне кандыдата ў дэпутаты атрымаў паплечнік палітвязьня Мікалая Статкевіча Аляксандар Ірхо. Яго на дэпутацтва вылучыла партыя левых «Справядлівы сьвет».

✔ У Горацкай выбарчай акрузе зарэгістраваны кандыдатам незалежны вылучэнец Андрэй Юркоў.

✔ Па Крычаўскай акрузе актывіст партыі БНФ з Хоцімку Валер Каранкевіч. Яго падтрымлівае грамадзянская кампанія «Гавары праўду».

17:27 Кіраўнік Партыі БНФ Аляксей Янукевіч і былы дэпутат Палаты прадстаўнікоў Валеры Фралоў зарэгістраваныя кандыдатамі ў дэпутаты па Аўтазаводзкай акрузе ў Менску.

Аляксей Янукевіч, што да рэгістрацыі апазыцыйных кандыдатаў, кажа: «Я думаю, што яны рэальна рэгістравалі тых, хто відавочна будзе здымацца. А тых, хто меркаваў ісьці да канца, шмат каго „парэзалі“».

17:22 У Жлобінскай выбарчай акрузе № 40 зарэгістраваны кіраўнік раённай арганізацыі Партыі левых «Справядлівы сьвет» Валер Рыбчанка. Зь ім будуць супернічаць: сябра ЛДП, пэнсіянэр Сяргей Камароў, майстар БМЗ Ігар Чарняўскі, старшыня райвыканкаму Леанід Апанасюк.

17:00 Кіраўніца выбарчага штабу Ігара Случака Юлія Сакалова праз Facebook: У Гомельскай Савецкай аркузе № 34 кандыдатам зарэгістраваны Ігар Случак.

17:13 У Віцебскай-Чкалаўскай выбарчай акрузе № 18 не зарэгістравалі прадстаўніцу АГП Ірыну Яскевіч (недакладна запоўніла дэклярацыю пра маёмасьць).

✔ Віцебскага актывіста Аляксандра Мікуліна, які зьбіраў подпісы за вылучэньне па той самай акрузе, акруговая выбарчая камісія зарэгістравала.

17:10 Пінск. Сябра ПБНФ Алесь Рамановіч зарэгістраваны кандыдатам. Ён будзе канкурэнтам дзейкаму дэпутату Зінаідзе Мандроўскай.

17:00 Аляксандар Фядута ў сваім блогу паведамляе што акруговыя камісіі не зарэгістравалі:

  • Лідзію Сагідуліну, Полацкая акруга
  • Сяргея Парсюкевіча, Віцебская Кастрычніцкая
  • Федара Петрусевіча, Берасьцейская Ўсходняя
  • Аксану Самуйлаву, Бабруйская Першамайская акруга

17:00 Магілеў. Не зарэгістраваны кандыдатам на дэпутата кіраўнік гарадзкой арганізацыі партыі БНФ Сяргей Брыцікаў.

Брыцікаў: «Нейкія падставы фармальныя ў іх былі ўсё ж такі. Я не пазначыў у дэклярацыі акцыі акцыянэрнага таварыства „Магатэкс“. Акцыі былі атрыманыя пятнаццаць год таму. Каштоўнымі паперамі мне іх цяжка лічыць, бо дывідэнтаў мне па іх ніколі не налічвалі. Дакумэнт аб маім адхіленьні я атрымаю толькі заўтра раніцай, тады й буду вырашаць, абскарджваць гэтае рашэньне ці не».

16:50 Віцебшчына: зарэгістраваныя Яраслаў Берніковіч, Хрыстафор Жаляпаў і Мікалай Дзямідаў

Акруговая камісія Наваполацкай выбарчай акругі № 25 зарэгістравала кандыдатам на дэпутата актывіста кампаніі «Гавары праўду» Яраслава Берніковіча.

✖ Камісія Лепельскай выбарчай акругі № 23 не зарэгістравала прадстаўніка Партыі працы і справядлівасьці Сяргея Мяфодзьева — ён недакладна ўказаў у дэклярацыі сваю маёмасьць. Прадстаўнік Партыі БНФ Хрыстафор Жаляпаў у той самай выбарчай акрузе зарэгістраваны.

✔ У Аршанскай-Дняпоўскай выбарчай акрузе № 27 зарэгістраваны кандыдатам прадстаўнік Партыі левых «Справядлівы сьвет» Мікалай Дзямідаў.

16:46 У Буда-Кашалёўскай выбарчай акрузе № 38 кандыдатамі ў дэпутаты зарэгістраваны ўсе чацьвёра прэтэндэнтаў, якія падавалі дакумэнты. Гэта сябра Аб’яднанай грамадзянскай партыі Марат Афанасьеў са Жлобіну, вылучэнцы Рэспубліканскай партыі працы й справядлівасьці Аляксандар Грамыка, Ліберальна-дэмакратычнай партыі Дзьмітры Касянкоў, а таксама старшыня Рэчыцкага райвыканкаму Пётар Шостак, які вылучаўся ад працоўных калектываў і шляхам збору подпісаў.

Заяву на тэледэбаты падаў у камісію толькі Марат Афанасьеў. Усе іншыя кандыдаты ад такой формы агітацыі адмовіліся, у тым ліку й прадстаўнік улады спадар Шостак.

16:32 Назіральнік папрасіў адмовіць у рэгістрацыі старшыні Лепельскага райвыканкаму

Перад пасяджэньнем акруговай камісіі Лепельскай выбарчай акругі № 23 назіральнік ад БХК Ігар Казьмярчак падаў у камісію заяву. Ён папрасіў акруговую камісію адмовіць у рэгістрацыі на кандыдата ў дэпутаты парляменту старшыні Лепельскаму райвыканкаму Пятру Шыкшняну.

Падставамі для гэтага спадар Казьмярчак лічыць незаконную датэрміновую агітацыю за чыноўніка, у прыватнасьці ягоны ўдзел у цэрымоніі адкрыцьця дзіцячай кансультацыі пры Бешанковіцкім раённым шпіталі.

«Пётар Шыкшнян узначальвае Лепельскі райвыканкам, і да Бешанковіцкага раёну ніякага дачынення не мае. Затое гэты самы Бешанковіцкі раён уваходзіць у склад Лепельскай акругі № 23, дзе Пётр Шыкшнян вылучаны кандыдатам у дэпутаты. І на ўрачыстым адкрыцьці медычнай установы ў суседнім раёне ён быў невыпадкова прадстаўлены прысутным як патэнцыйны кандыдат у парлямэнт», — кажа Ігар Казьмярчак.

Акруговая камісія пачала разгляд кандыдатур на будучых кандыдатаў, не прыняўшы да увагі заяву назіральніка.

16:46 У Лагойскай выбарчай акрузе не зарэгістравалі Валянціну Каляка.
Валянціна Каляка сапраўды атрымала адзнаку „выдатна“, таму што ўлада яе спалохалася

Адзін зь лідэраў грамадзянскай кампаніі «Гавары праўду» Аляксандар Фядута: «На наш погляд, гэта найвышэйшая адзнака, якую маглі паставіць праўладныя чыноўнікі чалавеку, які ўпершыню ўдзельнічае ў выбарах увогуле. Валянціна Каляка сапраўды атрымала адзнаку „выдатна“, таму што ўлада яе спалохалася. Нікога з вылучэнцаў дэмакратычных сілаў так не прасавалі, як яе. Ні да іншых выбарцаў, як да выбарцаў Валянціны Каляка, не хадзілі з пагрозамі альбо з прапановамі зьняць подпісы і да таго падобным. Таму, ведаеце, Валянціна Каляка перамагла! Тым больш, што яна сапраўды перамагла, бо зямля засталася за гаспадарамі, а кітайскі парк будзе будавацца ў іншым месцы».

16:42 Сайт Партыі БНФ: Васіль Раманаў зарэгістраваны па Гомельска-Сельмашаўскай акрузе № 32.

Назіральнік у акрузе № 32 Андрэй Толчын паведаміў, што у акрузе застаўся кандыдатам генэральны дырэктар «Гомсельмашу» Валер Жмайлік і прадстаўнік БНФ Васіль Раманаў: «Яны ня хочуць нагружаць камісіі падлікам галасоў. Будзе вельмі проста. БНФ здыме Раманава з выбараў — і няма праблем».

Назіральнік Уладзімер Целяпун: «Як незалежны назіральнік, я напісаў заяву, каб мне далі магчымасьць азнаёміцца з дакумэнтамі прэтэндэнтаў, якім адмоўлена ў рэгістрацыі. Але камісія аднагалосна пастанавіла не паказваць мне ніякіх дакумэнтаў».

16:36 Баранавічы. Не зарэгістравалі

  • кіраўніка гарадзкой арганізацыі «Справядлівага сьвету» Аляксандра Галькевіча (памылкі ў маёмаснай дэклярацыі)
  • грамадзкага актывіста Рыгора Грыка (знайшлі несапраўдныя подпісы). Абодва вылучаліся па акрузе № 6.
  • незалежнага кандыдата, прадпрымальніка Дзьмітрыя Аўгуста.

✔ Кандыдатамі па акрузе № 6 сталі галоўны лекар Аляксандар Сьцяцко і сябра ЛДПБ Мікалай Арцемчук.

✔ Па акрузе № 5 у Баранавічах кандыдатамі сталі прадпрымальнік, сябра партыі БНФ Мікола Чарнавус і кіраўніца гарадзкой арганізацыі АГП Анжэла Камбалава.

✖ Адмовілі сябру ЛДПБ Барысу Гасану.

Канкурэнцыю Чарнавусу і Камбалавай складзе начальніца аддзела баранавіцкага філіялу «Атланта» Вольга Палітыка.

16:36 У Берасьці адмовілі ў рэгістрацыі кандыдатамі ў дэпутаты старшыні гарадзкой арганізацыі партыі «Справядлівы сьвет» Людміле Дзенісенцы, сябру БСДП(Г) Міхаілу Кавальчуку, былому лідару гэтай жа партыі, а цяпер незалежнаму кандыдату Анатолю Ляўковічу.

Не зарэгістравалі і актывіста «Гавары праўду» Фёдара Петрусевіча.

Людміле Дзенісенцы адмовілі ў рэгістрацыі па Берасьцейскай акрузе № 1 на падставе таго, што яна падала няправільныя дадзеныя пра маёмасьць.

З падобных матываў адмовілі Міхаілу Кавальчуку, які вылучаўся па акрузе № 2.

Спадар паведаміў «Свабодзе», што прычына — у аўто, якое ён даўно збыў і забыўся: «У мяне быццам бы лічацца два аўто. Хаця я іх ужо даўно прадаў па даверанасьці з правам перапродажу. У 1994 ці 1995 годзе «Масквіч 412» прадаў, які на мэталялом нават цяжка здаць... А ён лічыцца, аказваецца, за мной. Вы можаце ўявіць, ці магу я памятаць за 18 гадоў? І другі аўтамабіль я так жа збыў у канцы 90-х — старэнькі «Форд».

Міхаіл Кавальчук кажа, што будзе абскарджваць нерэгістрацыю.

Адмовілі ў рэгістрацыі і кіраўніку «Сацыял-дэмакратаў за дыялёг і кансалідацыю» Анатолю Ляўковічу, які ішоў як незалежны кандыдат шляхам збору подпісаў. Камісія выявіла ў яго несапраўдныя подпісы. Спадар Ляўковіч вылучаўся па акрузе № 1 у Берасьці.

На выбарчай акрузе № 4 Берасьця не зарэгістраваны актывіст «Гавары праўду», які ішоў шляхам збору подпісаў Фёдар Петрусевіч.

Найбольшы адсеў кандыдатаў адбыўся на Берасьцейскай Заходняй акрузе № 1. Акрамя Людмілы Дзенісенкі і Анатоля Ляўковіча тут не зарэгістравалі яшчэ сябра партыі «Працы і Справядлівасьці» Сяргея Вярэніча. З 7 прэтэндэнтаў кандыдатамі там сталі 4.

Усяго ж у Берасьці не зарэгістраваныя кандыдатамі 5 чалавек.

✔ Ад дэмакратаў у кандыдаты прайшлі 7 чалавек — Ганна Канюс (БСДП(Г), Рыгор Бакіевіч (ПБНФ), Ігар Маслоўскі (БСДП(Г), Дыяна Касьцюковіч (АГП), Ірына Серыкава («Справядлівы сьвет»), Андрэй Валчок (БСДП(Г), Анатоль Новік («Справядлівы сьвет»). Як незалежны кандыдат ідзе і Аляксандар Мельнік.

16:32 Блог Аляксандра Фядуты: не зарэгістравалі актывістаў «Гавары праўду» Вікторыю Пашкоўскую (Кастрычніцкая акруга).

✖ Акруговая выбарчая камісія № 45, якую ачольвае намесьнік старшыні райвыканкаму па ідэалёгіі Сяргей Каральчук, адмовіла ў рэгістрацыі кандыдатам актывісту кампаніі «Гавары праўду» Дзянісу Дашкевічу:
Сказалі, што мы намалявалі тысячу подпісаў, але сапраўдныя зь іх толькі 50. Гэта было вельмі брудна

«Сказалі, што мы намалявалі тысячу подпісаў, але сапраўдныя зь іх толькі 50. Гэта было вельмі брудна. Хацелася проста набіць морду. Нервы проста не вытрымлівалі — яны хацелі ўжо выклікаць міліцыю. Ніякіх дакумэнтаў мне не паказалі, бо была вельмі напружаная атмасфэра».

Спадар Дашкевіч кажа, што ня мае сэнсу абскарджваць рашэньне камісіі. Ініцыятыўная група будзе ладзіць акцыю за адхіленьне ад пасадаў кіраўніцтва райвыканкаму.

Аляксандар Фядута: «Улада перапалохалася маладога хлопца — ні эканамісты, ні юрыста, ні лідара партыі, а маладога хлопца які зрабіў уласны сайт й давёў, што ён можа весьці за сабою людзей. І пайшлі за ім і паверылі яму. І менавіта таму ўлада яго не зарэгістравала. І я лічу, што найлепшым адказам гэтай уладзе будзе адзін: яны працягнуць сваю працу, як і абяцалі. Бо наперадзе — наступная кампанія 2014 года. І менавіта гэтыя людзі будуць даводзіць уладзе, што зь імі трэба лічыцца!».


16:30 Уладзімера Навасяда зарэгістравалі кандыдатам на дэпутата. Пра гэта ён паведаміў Свабодзе.

16:28 Прэсавы сакратар БАЖ Барыс Гарэцкі праз сацыяльную сетку Facebook: не зарэгістраваныя
Артур Фінькевіч,
Марына Хоміч (БХД, Уручанская акруга № 109),
Леанід Мажальскі.

16:23 Анатоль Лябедзька праз Facebook: Не зарэгістравалі графа Аляксандра Прушынскага.

16:20 Кандыдатамі ў дэпутаты зарэгістраваныя:

лідар АГП Анатоль Лябедзька
намесьнік кіраўніка БНФ Рыгор Кастусёў
адзін з кіраўнікоў БНФ Алесь Стральцоў

Анатоль Лябедзька: «Калі мяне віншаваў старшыня камісіі, я сказаў: „На вялікі жаль, не магу прыняць вашы віншаваньні, таму што выказваю поўны і абсалютны недавер усёй вашай камісіі“. У іх былі зьдзіўленыя твары. Для мяне гэта насамрэч такі тэхнічны момант — сама рэгістрацыя».
«Ну і ўсё ж такі: будзеце ісьці да канца?» — «Не, канечне!»

Карэспандэнтка: «Ну і ўсё ж такі: будзеце ісьці да канца?»

«Не, канечне! У нас ёсьць кампанія „За сумленныя выбары без Лукашэнкі“. Мы катэгарычна супраць „прызначэньня“ дэпутатаў. І будзем заклікаць людзей не хадзіць на выбары, не галасаваць».

16:11 У Гарадзенскай сельскай выбарчай акрузе № 52 не зарэгістравалі траіх зь пяці прэтэндэнтаў.

Мікалая Рэкеця, выкладчыка Беларускага інстытуту права — за шматлікія памылкі ў падпісных лістах.

✖ З гэтай жа прычыны настаўніка фізыкі з Галавачскай сярэдняй школы Алега Салея і сябра ЛДПБ Паўла Коўшаля, які забыўся ўнесьці ў дэклярацыю аб даходах прададзены аўтамабіль, які, паводле Коўшаля, належаў ягонаму сябру.

✖ Не атрымаў рэгістрацыі ў Ваўкавыскай выбарчай акрузе № 48 вылучэнец ад партыі БНФ Павал Севасьцян з Слоніма. Яму адмовілі з прычыны судзімасьці за хуліганства, тэрмін якой яшчэ не пагашаны.

Лідар Гарадзенскай арганізацыі БНФ Вадзім Саранчукоў знаходзіўся на паседжаньні камісіі, паколькі ён таксама балятуецца ў парлямэнт шляхам вылучэньня ад партыі.

Саранчукоў перакананы, што насамрэч беларускія выбарцы ня маюць ніякага выбару. Ён кажа, што адзін зь яго супернікаў не ўказаў ў дэклярацыі болей за 800 тысячаў даходу, а з 300 подпісаў, правераных у яшчэ аднаго праўладнага вылучэнца, не знайшлі нават ніводнае памылкі.

Саранчукоў: «З гэтага якраз і відаць, што кантролю за выбарчым працэсам няма. На праверку подпісаў назіральніка Сазонава не пусьцілі, нашых людзей у камісіях таксама няма, і які загад спушчаны зьверху, тое і выконваецца».

Назіральнік ад Беларускага Хэльсінскага камітэту ў Горадні Раман Юргель кажа, што этап рэгістрацыі кандыдатаў у большасьці нечым нагадваў этап фармаваньня камісіяў — працэдура адбывалася менш, як за паўгадзіны.

Юргель: «Гэта наводзіць на думкі аб тым, што з ЦВК паступіла ўказаньне рэгістраваць усіх, і такім чынам засьведчыць міжнародным назіральнікам, што на выбарах поўная дэмакратыя. Насамрэч, рэгіструюць усіх — ад вартаўніка да генэрала».

16:10 Блог Аляксандра Фядуты:

✔ Па Менскай Кальварыйскай акрузе зарэгістраваная Тацяна Караткевіч.

✖ Не зарэгістраваныя:

Міхаіл Пашкевіч — па Менскай Купалаўскай акрузе
Ігар Драко — па Менскай Усходняй акрузе
Жанна Солап — па Менскай Коласаўскага акрузе

16:00 Менск. Аляксандра Мілінкевіча не зарэгістравалі.

У падтрымку Мілінкевіча было сабрана 2452 подпісы. Але сябра камісіі абвесьціла: «Колькасьць несапраўдных подпісаў, выяўленых пры праверках, склала 99 подпісаў, альбо 28,3 ад агульнай колькасьці правераных подпісаў».

Да таго ж, Мілінкевіч быццам бы не задэкляраваў зямельны ўчастак ў вёсцы Бершты на Гарадзеншчыне. Але Мілінкевіч настойваў, што зямля знаходзіцца ва ўласнасьці дзяржавы, а ён яе арандуе. Але 11 з 12 сябраў акруговай камісіі прагаласавалі супраць.
Мы ўсе шанцы мелі выйграць гэтыя выбары ва Ўруччы

Аляксандар Мілінкевіч: «Для мяне ясна, што гэта палітычнае рашэньне, што яно незаконнае, неправавое, палітызаванае. Гэта рашэньне немэтазгоднасьці: немэтазгодна, каб мы ішлі да канца, таму што мы ўсе шанцы мелі выйграць гэтыя выбары ва Ўруччы».

Карэспандэнтка: «У вас было больш, чым у два разы больш подпісаў сабрана, чым неабходна. Вы верыце, што такі адсеў можа быць?»

«Я ня толькі ня веру, я проста цьвёрда ведаю, што мы сабралі значна-значна больш, чым неабходна па законе».

Аляксандар Мілінкевіч, які ад пачатку зьбіраўся ісьці да канца, мае намер аспрэчыць рашэньне акруговай камісіі ў ЦВК. Ён вельмі ўражаны сустрэчамі зь людзьмі падчас выбарчай кампаніі:

«90% людзей, што падыходзілі да нас, казалі, што хочуць пераменаў. А ўлады ня хочуць пераменаў, баяцца пераменаў. Я думаю, гэта кепская дарога для дзяржавы. Не таму, што Мілінкевіча не зарэгістравалі, а таму, што гэта дэманструе тую палітыку, якую яны сёньня праводзяць і будуць праводзіць заўтра. Самая галоўная для мяне выснова (і я вельмі рады, што пайшоў на выбары) — гэта тое, што зь людзьмі варта гаварыць. І тое, што людзі настроены на хуткія перамены. А ўлада, якая абмежавалася ад людзей, у гэта паверыць ня хоча».

15:40 Сайт Партыі БНФ: Людміла Рамановіч паведаміла, што яе зарэгістравалі кандыдаткай у дэпутаты ад па Белавескай выбарчай акрузе № 8.

14:57 Кандыдатам на дэпутата зарэгістраваны Дзьмітры Бандарчук.

Ён будзе балятавацца ў Гарадзенска-Знаменскай акрузе.

14:40 Леў Марголін не запрошаны на паседжаньне акруговай камісіі

Намесьнік старшыні Аб’яднанай грамадзянскай партыі (АГП) Леў Марголін, вылучаны на кандыдата ў дэпутаты па Барысаўскай гарадзкой акрузе № 62, не атрымаў запрашэньня прысутнічаць на сёньняшнім паседжаньні, дзе будзе адбывацца рэгістрацыя.

Леў Марголін мяркуе: «На мой погляд, гэта нядобрая прыкмета. І найбольш верагодна, што гэта акруговая камісія ня мае намеру мяне рэгістраваць...»

Па словах суразмоўцы, іншы патэнцыйны кандыдат АГП Міхаіл Васільеў, які вылучаецца ў Барысаўская сельскай выбарчай акрузе № 63, ужо мае запрашэньне на паседжаньне, прызначанае на 16 гадзінаў.


13:55 Зарэгістраваныя першыя кандыдаты ад Партыі БНФ

Партыя БНФ паведаміла пра першых зарэгістраваных кандыдатаў у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў.

Кандыдатамі ад Партыі БНФ зарэгістраваныя:

  • Вадзім Саранчукоў (Гарадзенская-Цэнтральная выбарчая акруга № 50)
  • Аляксандар Гарасюк (Лунінецкая выбарчая акруга № 13)
  • Рыгор Бакіевіч (Берасьцейская-Цэнтральная выбарчая акруга № 2)
  • Іван Шэга (Слонімская выбарчая акруга № 58)
  • Віктар Марчык (Мастоўская выбарчая акруга № 56).

Усяго Партыя БНФ вылучыла 43 кандыдатаў у дэпутаты. Шэраг акруговых камісій правядуць пасяджэньні а 15-й гадзіне.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG