Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Выбары 2012: Адным — перашкоды, другім — падтрымка


Да 22 жніўня, Цэнтрвыбаркам Беларусі рэкамэндуе ўсім 110 акруговым камісіям завершыць рэгістрацыю кандыдатаў у дэпутаты. Пры гэтым, як загадзя папярэдзіла старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына, «вялікай колькасьці прэтэндэнтаў у кандыдаты можа быць адмоўлена ў рэгістрацыі».

Сёньня рэгіянальныя карэспандэнты «Свабоды» даведваліся, якім чынам адбываецца праверка подпісаў выбарцаў, чым цяпер займаюцца патэнцыйныя кандыдаты.

Лагойская акруговая выбарчай камісія № 75 пераправярае подпісы выбарцаў у падтрымку Валянціны Каляка асабліва пільна. «Свабодзе» актывістка паведаміла:

«Мае сьпісы правяраюць самым пільным чынам. Прыяжджаюць зь гэтымі сьпісамі да людзей. Прымушаюць іх паўторна расьпісвацца, каб параўнаць подпісы».

Карэспандэнт: «Гэты раптоўныя праверкі, пэўна ж, бянтэжаць вясковых людзей?»

Каляка: «Канечне ж! Яны тэлефануюць да мяне, пытаюцца: „Чаму і навошта вас правяраюць такім чынам?“»

Лагойская акруговая камісія № 75 ужо двойчы выносіла папярэджаньне Валянціне Каляка. Аднак першае зь іх ужо адмяніў Цэнтрвыбаркам, а другое, як удакладняе, Валянціна, яна таксама аспрэчвае:

«Мы падалі скаргу ў ЦВК і цяпер чакаем адказу… Пакуль няма…»

Валянціна Каляка ўпершыню вылучаецца кандыдатам ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў. І тутэйшыя жыхары падтрымліваюць яе, бо спадарыня Валянціна — актыўная іх заступніца супраць плянаванага будаўніцтва кітайскага індустрыяльнага парку, пад які ўлады разьлічваюць адвесьці 80 квадратных кілямэтраў зямлі, што зараз займаюць вёскі й лецішчы.

«Я ведаю ўсе мясцовыя праблемы не па чутках. І як гэтыя праблемы вырашаюцца чыноўнікамі. Сама хадзіла па інстанцыях і ведаю. А праблемы простага чалавека пад увагу ніхто не бярэ… Такога „балота“, як тут, я яшчэ нідзе й ніколі не сустракала!»

Камэнтуе сытуацыю Сяргей Вазьняк — адзін зь лідараў грамадзянскай кампаніі «Гавары праўду», якая забясьпечвае інфармацыйную й юрыдычную дапамогу Валянціне Каляка:
Мясцовыя вэртыкальшчыкі помсьцяць Валянціне Каляка за тое, што яна выступіла з праблемай разьмяшчэньня кітайскага індустрыяльнага парку

«Мясцовыя вэртыкальшчыкі помсьцяць Валянціне Каляка за тое, што яна выступіла з праблемай разьмяшчэньня кітайскага індустрыяльнага парку. Таму да яе такія перадузятыя адносіны з боку мясцовай улады. І мясцовыя чыноўнікі спрабуюць зараз зьвесьці з Валянцінай свае рахункі, не дапусьціць яе да ўдзелу ў выбарах…»



На Берасьцейшчыне па Белавескай выбарчай акрузе № 8 вылучаецца дарадца прэзыдэнта Ўладзімер Пузырэўскі. Мясцовыя ўлады ўсяляк спрыяюць жыхару Менску атрымаць дэпутацкае месца.

Сябра акруговай камісіі ад Партыі БНФ Пятро Андрыевіч удакладніў, што акрамя збору подпісаў Уладзімер Пузырэўскі, вылучыўся яшчэ й ад працоўнага калектыву:

«Ён таксама вылучаны ад калектыву працоўных СВК „Белавескі“. Такія людзі страхуюцца… Таму для яго няма ніякіх праблем — калі не па адным, то па другім зарэгіструюць».

Раней, кажа Пятро Андрыевіч, у падпісных лістах памочніка прэзыдэнта Ўладзімера Пузырэўскага выявіліся памылкі — не да канца запоўненыя ўсе зьвесткі аб ім:

«Месца жыхарства — горад Менск. Але месца жыхарства — гэта юрыдычная норма. Гэта ня Менск, не Беларусь, а — вуліца, дом, кватэра. Згодна з артыкулам 61 Выбарчага кодэксу, праверцы і ўліку не падлягаюць подпісы выбарцаў, калі нават у падпісным лісьце адсутнічаюць зьвесткі аб асобе, якая вылучаецца кандыдатам».

Спадар Андрыевіч апавёў, што нягледзячы на тое, што Ўладзімер Пузырэўскі вылучыўся і другім шляхам, і, хутчэй за ўсё, будзе зарэгістраваны кандыдатам, ён будзе настойваць на ануляваньні падпісных лістоў:

«Я гэтае пытаньне паставіў на паседжаньні акруговай выбарчай камісіі, і маё гэтае пытаньне ў пратакол будзе занесенае».

Белавеская выбарчая акруга № 8 сфармаваная ў Жабінкаўскім, Камянецкім і Маларыцкім раёнах Берасьцейшчыны. Акрамя дарадцы прэзыдэнта Ўладзімера Пузырэўскага тут вылучаюцца сябра Партыі БНФ Людміла Рамановіч і галоўны інжынэр берасьцейскай мэханізаванай калёны Сямён Казак.
XS
SM
MD
LG