Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У турме на Акрэсьціна ў ежу арыштаваным дадаюць снатворнае?


Марыя Рымар

Марыя Рымар

Юрыст з Самары Марыя Рымар, якая адпушчана пад заклад з-пад варты і будзе знаходзіцца ў Менску да суду, мае намер абскардзіць умовы ўтрыманьня ў ізалятары для правапарушальнікаў на Акрэсьціна: яна падазрае, што ў ежу, якой кормяць затрыманых, дадаюць снатворныя рэчывы.

Марыя Рымар паведаміла праваабарончаму цэнтру «Вясна», што 11 ліпеня падала заяву на імя выканаўцы абавязкаў кіраўніка ІЧУ ГУУС Менгарвыканкаму Дрыля Г.В., у якой просіць арганізаваць праверку ежы ў ІЧУ на прадмет утрыманьня ў ёй сэдатыўных рэчываў.

Гэтую заяву, якую ў яе афіцыйна прынялі, падпісалі таксама дзьве яе сукамэрніцы. Яны разам з Марыяй просяць далучыць копіі заявы і вынікі праверкі да матэрыялаў сваіх крымінальных спраў.

«Я выказала здагадку, што ў ежы, якая выдаецца зьняволеным у ІЧУ, утрымліваюцца снатворныя рэчывы, бо ўсё насельніцтва камэраў гэтага ІЧУ сьпіць увесь дзень і ўсю ноч, прачынаецца толькі на час прыняцьця ежы, а тыя, хто курыць — яшчэ і на курэньне.

Гэтая інфармацыя ня толькі пра маю камэру. Там ёсьць вялікая «плязма», на якой поўны агляд усіх камэраў ІЧУ, на першым паверсе, дзе людзей прымаюць, і такая ж ёсьць у кабінэце начальніка ІЧУ. То бок я бачыла і там, і там. Я назірала гэта ў любы час дня і ночы, таму што мяне вывозілі на сьледчыя дзеяньні, затым назад прывозілі. І, пакуль ішла праверка, я сядзела ў межах бачнасьці гэтых камэраў. Усе, хто там сядзеў, пацьвярджаюць, што так і ёсьць…» — сказала суразмоўца.

Марыя Рымар таксама зьбіраецца абскардзіць правамернасьць абранай у дачыненьні да яе меры стрыманьня — заключэньня пад варту. Пад вартай Марыя знаходзілася спачатку ў ІЧУ Менгарвыканкаму на вуліцы Акрэсьціна ў Менску, адтуль яе перавялі ў СІЗА №1 на вуліцу Валадарскага, а далей этапавалі ў СІЗА ў Жодзіна. 18 ліпеня яе адпусьцілі пад заклад.

***

Марыю Рымар затрымалі 7 ліпеня ў Нацыянальным аэрапорце «Менск-2» пры рэгістрацыі на рэйс Менск — Масква. У спрэчцы з супрацоўнікамі аэрапорту яна жартам сказала, што «тратыл у яе ў сумцы». На падставе гэтага яе затрымалі па абвінавачваньні ў «заведама ілжывым паведамленьні пра небясьпеку» і завялі на яе крымінальную справу паводле часткі 1 артыкула 340 Крымінальнага кодэксу Беларусі. Але ў выніку выпусьцілі пад заклад.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG