Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Міністар культуры падтрымаў ідэю назваць Нацыянальны аэрапорт «Менск» імем Скарыны


Барыс Сьвятлоў лічыць вартай увагі ідэю надаць Нацыянальнаму аэрапорту «Менск» імя Францішка Скарыны, а самалётам — імёны выдатных дзеячаў мастацтваў. Такое меркаваньне міністар культуры выказаў у камэнтары інфармацыйнаму агенцтву БЕЛТА.

Больш за тое, паводле слоў Сьвятлова, гэтую ідэю Міністэрства культуры ня толькі падтрымлівае, але ўжо накіравала неабходныя звароты ў адпаведныя дзяржаўныя структуры.

«Такая ініцыятыва агучана не ўпершыню, яна нарадзілася некалькі гадоў таму, але рэалізацыя яе ў Год культуры была б сымбалічнай», — адзначыў Барыс Сьвятлоў.

Раней генэральны дырэктар Нацыянальнага мастацкага музэя Беларусі Ўладзімер Пракапцоў прапанаваў надаць Нацыянальнаму аэрапорту «Менск» імя Францішка Скарыны, а самалётам — імёны выдатных дзеячаў мастацтваў. Падобны крок стане дадатковай рэклямай нацыянальнай культуры, улічваючы, што гэты год абвешчаны Годам культуры, а ў 2017 годзе Беларусь і іншыя краіны адзначаць 500-годзьдзе выданьня Францыскам Скарынам Псалтыра.

Інтэлігенцыя просіць надаць менскаму аэрапорту імя Скарыны і абвясьціць 6 жніўня Днём беларускага друку

Практыка называць аэрапорты ў гонар вядомых дзеячаў культуры досыць пашыраная ў сьвеце. Міжнародны аэрапорт у Варшаве носіць імя выбітнага польскага кампазытара Фрэдэрыка Шапэна. Міжнародны аэрапорт у сталіцы Вугоршчыны Будапэшце названы ў гонар аднаго з найвялікшых піяністаў XIX стагодзьдзя Фэрэнца Ліста. А разбураны цяпер аэрапорт у Данецку насіў імя выдатнага савецкага кампазытара Сяргея Пракоф’ева.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG