Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Адвакат пра справу расейкі з «трацілам»: Складу злачынства няма, ляпнула на эмоцыях


Сьледчы камітэт завёў справу паводле 340 артыкулу Крымінальнага кодэксу (ілжывае паведамленьне пра пагрозу) супроць грамадзянкі Расеі Марыі Рымар.

Грамадзкая актывістка з Самары Марыя Рымар ляцела самалётам у Маскву з Кіева празь Менск. 7 ліпеня яна была затрыманая ў менскім аэрапорце пасьля таго, як падчас нагляду паведаміла пра знаходжаньне ў яе торбе выбухоўкі. Вось што паведаміла пра інцыдэнт супрацоўніца прэсавай службы Сьледчага камітэту Юлія Ганчарова на сваёй старонцы ў Фэйсбуку.

«7 ліпеня, падчас знаходжаньня ў зоне перадпалётнага дагляду аднаго з сэктараў жанчына заявіла пра наяўнасьць у яе выбуховых рэчываў. А калі дакладней, сказала прыкладна наступнае: „Траціл там“ і паказала на сваю ручную паклажу. У дадзены час жанчына затрыманая, зь ёй працуюць сьледчыя», — паведаміла Юлія Ганчарова.

З расейкай ужо сустракаўся яе адвакат зь Менску Вадзім Мушынскі. Паводле адваката, да канца дня 8 ліпеня стане вядома, якая мера стрыманьня будзе абраная ў дачыненьні да Марыі Рымар, але, на яго думку, разьлічваць на хуткае вызваленьне ёй амаль не даводзіцца. «На 14 гадзінаў мяне выклікалі ў ізалятар на Акрэсьціна, дзе яе трымаюць. Гэта значыць, што хутчэй за ўсё дакладна будуць выстаўляць ёй абвінавачаньне паводле 340 артыкулу, мала шанцаў, што абыдзецца ўсё адміністрацыйнай справай. Хаця, на маю думку, тут відавочна, што складу злачынства няма. Чалавек быў на эмоцыях, яе некалькі разоў правяралі, у тым ліку яе тую торбу, а тут зноў — праз мэталашукальнік. Вось яна і сказала, маўляў, калі вы шукаеце траціл, дык ён у торбе. Яўна не ўсьведамляла, куды трапіла, хоць такія жарты ўсюды не вітаюцца. Але ўсё ж на такі выпадак мусяць быць інструкцыі, каб патлумачыць чалавеку, што гэтак жартаваць ня трэба, перапытаць. Ці была зроблена такая спроба, ня ведаю, а фактам ёсьць тое, што абодва бакі дайшлі да завядзеньня крымінальнай справы. Хоць відавочна, што гэта проста эмоцыі», — мяркуе адвакат Вадзім Мушынскі.

Паводле абаронцы, да канца дня стане вядома, якая мера стрыманьня абраная сьледчымі. Улічваючы тое, што затрыманая Марыя Рымар — грамадзянка іншай краіны, у дачыненьні да яе могуць ужыць такую меру, як арышт, не выключае адвакат.

Паводле СК за 340 артыкулам Крымінальнага кодэксу за мінулы год было заведзена 44 крымінальныя справы.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG