Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Дыплямат Паўночнай Карэі зьбег з Расеі ў Беларусь — «Фонтанка»


Трэці сакратар амбасады КНДР у Расеі Кім Чхор Сэн уцёк з Санкт-Пецярбургу на авіярэйсе «Белавія» да Менску, паведамляе піцерская газэта «Фонтанка». Упраўленьне ФСБ па Санкт-Пецярбурзе пакуль не камэнтуе здарэньня, амбасада КНДР у Расеі не адказвае на тэлефанаваньні.

Паводле зьвестак «Фантанкі», першы сакратар амбасады зьвярнуўся ў паліцыю 6 ліпеня з заявай пра тое, што з 1 ліпеня ня бачыў свайго падначаленага, які зьехаў з працы на службовай машыне.

У пошуку бралі ўдзел пецярбурскія апэратыўнікі. Яны заўважылі машыну дыплямата на запісах сыстэмаў назіраньня за 2 ліпеня і прасачылі яе шлях да аэрапорту Пулкава. У аэрапорце Кім Чхор Сэн набыў квіткі на сябе, жонку і сына на рэйс 946-Б-2 «Белавія», які прызямліўся ў Менску а 21:13 2 ліпеня. Па дыпляматычным ці службовым пашпарце карэйскі дыплямат сапраўды мог праляцець у Беларусь. Квіткі былі набытыя за 3 гадзіны да вылету, службовая машына засталася ў аэрапорце.

Праз жорсткі дыктатарскі рэжым КНДР і працяглы фінансавы крызіс з Паўночнай Карэі нярэдка спрабуюць уцячы шараговыя грамадзяне, але дыпляматы ўцякаюць ня часта: у 1997 годзе амбасадар КНДР уцёк з Эгіпту ў ЗША, у 2013 годзе супрацоўнік гандлёвага прадстаўніцтва КНДР у Этыёпіі ўцёк у амбасаду Паўднёвай Карэі.

Зь пекла. Адкрыты аповед уцякачкі з Паўночнай Карэі

Што чакае ў Беларусі паўночнакарэйскага ўцекача, невядома. Беларусь мае дыпляматычныя стасункі з КНДР, на сустрэчы зь міністрам замежных справаў КНДР у 2015 годзе кіраўнік беларускага МЗС Уладзімер Макей казаў, што хацеў бы пашырыць з КНДР гандлёва-эканамічныя стасункі і што ў Беларусі і КНДР падобныя падыходы на многія міжнародныя пытаньні.

З пачатку 2016 году па статус уцекача ў Беларусь зьвярнуліся 228 украінцаў і 10 сырыйцаў. Магчыма, карэйскі ўцякач можа не захацець заставацца ў Беларусі, а паспрабуе ўцячы на Захад, дзе спэцслужбамі цэніцца інфармацыя пра Паўночнакарэйскую дыктатуру.

XS
SM
MD
LG