Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Муж расейкі, якая пажартавала пра тратыл, лічыць інцыдэнт у аэрапорце непаразуменьнем, за якое ня варта саджаць


Марыя Рымар

Марыя Рымар

Муж расейскай актывісткі з Самары Марыі Рымар, якая ляцела самалётам у Маскву з Кіева празь Менск, лічыць сытуацыю зь яе арыштам непаразуменьнем і праявай свавольства.

Пра гэта Андрэй Рымар распавёў у інтэрвію Свабодзе.

Андрэй даведаўся пра інцыдэнт у аэрапорце ад самой Марыі — у першыя гадзіны пасьля затрыманьня ў яе заставаўся тэлефон. Цяпер інфармацыю аб ходзе справы ён атрымлівае толькі ад адваката.

«Я зьдзіўлены, чым гэта ўсё прыпраўлена — маўляў, нейкая звар’яцелая расейка, ЛГБТ-актывістка, буяніла ў аэрапорце Менску, проста з моста сказала, што ў яе ў сумцы тратыл. Папраўдзе ўсё ня так было. Гэта цалкам дарослы, разумны чалавек, які проста бараніў, як яму здавалася, сваё законнае права, каб яго ня мацалі, калі ён прайшоў ужо ўсе рамкі і камэры. Хутчэй за ўсё, яна ня мела рацыі. Відаць, і праўда гэта быў законны дагляд. Але фраза, якую яна там сказала ў запале спрэчкі, нешта накшталт „не шукайце на маёй задніцы тратылу, ён у торбе“ — гэта проста з гарачкі вырваліся словы, якім ніхто і блізка не паверыў. Бо калі б ім хоць трошкі паверылі, павінны былі быць выкліканыя сапёры і г.д. Гэта значыць яе проста злавілі на слове, яна паводзіла сябе нястрымана, ня мела мабыць рацыі», — кажа Андрэй Рымар.

Аднак у цэлым ён лічыць гэтую сытуацыю непаразуменьнем, якое не павінна было пацягнуць за сабой такія наступствы:

«Мне вельмі дзіўна, што на Фэйсбуку Сьледчага камітэту гэта паказана як нейкая перамога — трэба ж, у нас такі страшны парадак, што не пасьпеў ты рота адкрыць, як ужо сядзіш у турме. Мне не здаецца, што гэта парадак. Мне здаецца, што гэта хутчэй сваволя. Ну, не спадабалася супрацоўнікам аэрапорту, як яна сябе паводзіла — хай цяпер сядзіць у турме. Былі б яны больш лагодныя — ляцела б дадому. Я думаю, што гэта ўсё проста непаразуменьне, якое ў выпадку адэкватнасьці ўсіх удзельнікаў працэсу ўжо даўно павінна было б скончыцца», — падкрэсьлівае Андрэй Рымар.

Муж Марыі Рымар адзначыў, што ўвогуле ў Расеі яна займалася прававой і юрыдычнай дапамогай грамадзянам.

«Яе профіль не ЛГБТ, а проста абарона людзей — праваабарончая дзейнасьць», — тлумачыць ён.

Андрэй таксама расказаў, што Марыя не падтрымлівала сувязі зь беларускімі актывістамі і праваабаронцамі.

У Беларусь муж Марыі пакуль ехаць не зьбіраецца:

«Я пешчу надзею, што сытуацыя вырашыцца цывілізавана. Пакуль ня бачу ад сваёй прысутнасьці там ніякай карысьці. А там паглядзім. Я сам цяпер ва Ўладзівастоку. Усё, што я магу зрабіць адсюль?.. Можна было зьвярнуцца ў амбасаду — мы зьвярнуліся. Можна было пісаць і тэлефанаваць у Сьледчы камітэт — пісалі і тэлефанавалі. Усё што можам зрабіць — зробім».

Грамадзкая актывістка з Самары Марыя Рымар ляцела самалётам у Маскву з Кіева празь Менск. 7 ліпеня яе затрымалі ў менскім аэрапорце. Падчас знаходжаньня ў зоне перадпалётнага дагляду аднаго з сэктараў жанчына заявіла пра наяўнасьць у яе выбуховых рэчываў. Як паведамляецца, яна сказала нешта накшталт «Тратыл там» і паказала на сваю ручную паклажу.

Марыя Рымар была дастаўлена ў ізалятар на Акрэсьціна. Сьледчы камітэт завёў супраць грамадзянкі Расеі справу паводле 340 артыкулу Крымінальнага кодэксу (ілжывае паведамленьне пра пагрозу). Спосаб стрыманьня ў дачыненьні да Марыю Рымар быў абраны: яе ўзялі пад варту.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG