Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расейску, якую затрымалі за жарт пра тратыл, выпусьцілі пад заклад


Марыя Рымар

Марыя Рымар

Марыю Рымар — грамадзянку Расеі, якую затрымалі ў менскім аэрапорце за няўдалы жарт пра тратыл, адпусьцілі пад заклад. Пра гэта ў Фэйсбуку паведаміў ейны муж.

«Марыю Рымар выпусьцілі пад заклад, — цытуе Андрэя Рымара сайт "Вольга-Ньюс". — Гэта не канец, але вялікі крок наперад. Вялікі дзякуй усім, хто падпісваў, распаўсюджваў, кансультаваў».

Як паведаміў Свабодзе Андрэй Рымар, да суду ягоная жонка ня можа пакінуць Беларусь і застаецца зараз у Менску.

Як пісала Свабода, грамадзкая актывістка з Самары Марыя Рымар ляцела самалётам у Маскву з Кіева празь Менск. 7 ліпеня яна была затрыманая ў менскім аэрапорце. Падчас знаходжаньня ў зоне перадпалётнага дагляду аднаго з сэктараў жанчына заявіла пра наяўнасьць у яе выбуховых рэчываў — як паведамляецца, сказала прыкладна наступнае: «Тратыл там» і паказала на сваю ручную паклажу.

Яе даставілі ў ізалятар на Акрэсьціна. Сьледчы камітэт завёў супраць Марыі Рымар справу паводле 340 артыкулу Крымінальнага кодэксу (ілжывае паведамленьне пра пагрозу).

На сайце change.org у абарону Марыі Рымар падпісаліся больш за 7 тысяч чалавек.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG