Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Блякаваць сайты праз суд ці на загад чыноўніка? У Палаце прадстаўнікоў абмяркоўваюць закон «Аб СМІ»


Пастаянная камісія Палаты прадстаўнікоў у правах чалавека, нацыянальных адносінах і СМІ запрасіла прадстаўнікоў беларускага мэдыясэктару на паседжаньне рабочай групы дапрацоўкі да другога чытаньня праекту зьменаў заканадаўства аб сродках масавай інфармацыі 8 траўня.

На паседжаньне запрошаныя прадстаўнікі Міністэрства інфармацыі, Савету Рэспублікі, Нацыянальнага цэнтру заканадаўства і прававых дасьледаваньняў, БТ, АНТ, «Советской Белоруссии», Tut.by, Радыё Свабода, БелаПАН, «Гавары праўду», праўладнага Беларускага саюзу журналістаў і незалежнай Беларускай асацыяцыі журналістаў ды іншыя.

Андрэй Бастунец, архіўнае фота
Андрэй Бастунец, архіўнае фота

Прадстаўнікі БАЖ і Міністэрства інфармацыі спрачаліся наконт таго, што працэдура абскарджаньня абмежаваньня доступу да рэсурсу ў законе не прапісаная. Старшыня БАЖ Андрэй Бастунец даволі рэзка ставіць пытаньне, чаму Мінінфарм так працівіцца, каб працэдура судовага абскарджаньня была дакладна прапісаная. Удзельнікі дыскусіі ў прынцыпе пагаджаюцца, што трэба прапісаць гэта ў законе, каб уладальнік СМІ меў магчымасьць абскарджваць рашэньне.

Андрэй Дзьмітрыеў, архіўнае фота
Андрэй Дзьмітрыеў, архіўнае фота

Адзін зь лідэраў «Гавары праўду» Андрэй Дзьмітрыеў, які прысутнічае на паседжаньні, кажа пра міжнародны імідж: прыводзіць у прыклад, як «айцішнік» Віктар Пракапеня пісаў аб блякаваньні «Хартыі-97».

7 прычынаў, чаму немагчыма цалкам заблякаваць «Хартыю» і «Партызан»

«Доступ у СМІ розных думак — гэта вельмі важна, — кажа Дзьмітрыеў. — Я ня ведаю, як гэта можна прапісаць у заканадаўстве, але для мяне трапіць на старонкі „Звязды“ ці іншага дзяржаўнага СМІ нерэальна».

Таксама Дзьмітрыеў прывёў у прыклад загад рэктара БДУ не даваць камэнтары СМІ безь ягонага дазволу. Згадаў і справу Коржыча — чаму Мінабароны так доўга не давала камэнтароў? Палітык просіць у законе прапісаць, каб любы журналіст мог атрымаць любую інфармацыю ў чыноўнікаў. Выказаўся Дзьмітрыеў і наконт сацыяльных сетак і блогераў.

«Ёсьць журналіст, у якога гэта прафэсійная дзейнасьць. Блогер — гэта іншае. Трэба разьвесьці гэтыя паняцьці. Абавязкова трэба прапісаць у законы правы фрылансэраў», — перакананы Дзьмітрыеў.

Вадзім Гігін, архіўнае фота
Вадзім Гігін, архіўнае фота

Дэкан філязофскага факультэту БДУ Вадзім Гігін кажа, што навіна пра БДУ — гэта «тыповы фэйк».

«У дакумэнце толькі прапісаная ўпарадкаваная працэдура працы прэс-службы БДУ, а не забарона», — сьцьвярджае Гігін.

Андрэй Бастунец цытуе дакумэнт і адзначае: «Слова «ўпарадкаваньне» мы чуем з савецкіх часоў. Намесьнік міністра інфармацыі Беларусі Павал Лёгкі кажа, што чыноўнікаў трэба «вучыць працаваць са СМІ».

«Што тычыцца розных думак у СМІ: калі дзяржаўная газэта публікуе адзін пункт погляду, яна падрывае свой аўтарытэт, — адзначае Лёгкі. — Толькі дыскусія можа ўзьняць аўтарытэт і давер да СМІ».

Ён дадае, што да «Хартыі» «прэтэнзіі назапашваліся»: «адно папярэджаньне, другое, а толькі потым абмежавалі». Усіх блогераў нельга рабіць фрылансэрамі, перакананы ён.

«Ня ўсіх гэты закон задаволіць. Немагчыма ўлічыць усе інтарэсы. Заўваг і прапаноў было шмат, многія мы прапрацавалі. Але работа працягваецца», — падсумоўвае Лёгкі.

***

На выставе «СМІ ў Беларусі» міністар інфармацыі Аляксандар Карлюкевіч паабяцаў, што зьмены ў закон аб СМІ будуць «адкарэктаваныя». Якія канкрэтна будуць зьмены, не ўдакладніў: сказаў толькі, што для ягонага ведамства істотныя.

Раней Палата прадстаўнікоў ухваліла ў першым чытаньні зьмены ў закон аб СМІ, якія забараняюць ананімныя камэнтары і дапускаюць блякаваньне сацсетак. Гэтыя зьмены абурылі і незалежных беларускіх журналістаў, і іхных замежных калегаў. Пры гэтым беларуская дзяржава пастаянна парушае свой цяперашні закон «Аб СМІ».

Каго будуць блякаваць і штрафаваць. Мінінфарм патлумачыў абноўлены закон аб СМІ

Міністар інфармацыі пра новы закон аб СМІ: «Закліканы ўраўняць усіх». Чаму гэта ня так

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG