Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Польшча павялічыць войска амаль у два разы праз наймітаў ПВК «Вагнэр», якія разьмясьціліся ў Беларусі


Міністар абароны Польшчы Марыюш Блашчак
Міністар абароны Польшчы Марыюш Блашчак

Польшча мае намер павялічыць колькасьць сваёй арміі амаль удвая з прычыны пагрозаў, зьвязаных з разьмяшчэньнем у Беларусі падразьдзяленьняў ПВК «Вагнэр».

Пра гэта ў эфіры polskieradio24 паведаміў віцэ-прэм’ер краіны Ярослаў Качыньскі.

Па словах Качыньскага, польскае войска, якое раней складалася ўсяго з трох дывізіяў, будзе мець шэсьць дывізій, а зь цягам часу, імаверна, зьявіцца рэзэрвовая дывізія. Ён таксама ўдакладніў, што цяпер урад працуе над аднаўленьнем расфармаваных пры ранейшым прэзыдэнце Дональду Туску вайсковых частак і стварэньнем новых.

У прыватнасьці, ва Ўзброеных сілах Польшчы нядаўна адрадзілі ракетны дывізіён, які быў расфармаваны ў 2005 годзе. Цяпер гэты дывізіён абсталёўваецца ракетнымі ўстаноўкамі HIMARS.

У сваю чаргу, міністар абароны Польшчы Марыюш Блашчак заявіў, што дакумэнт аб павелічэньні арміі ўжо падпісаны.

«Сёньня Войска Польскае налічвае 172 тысячы воінаў. Я тут гавару пра ўсіх службоўцаў — прафэсійных і пра тэрытарыяльную абарону. Нашая мэта ў тым, каб Войска Польскае налічвала ня менш як 300 тысяч вайскоўцаў. Мы гэтую мэту пасьлядоўна рэалізуем», — удакладніў Блашчак, дадаўшы, што выдаткі на абарону краіны ўзрастуць да 4% ВУП.

Пасьля таго як у Беларусі зьявіліся лягеры наймітаў ПВК «Вагнэр», Польшча вырашыла перадысьлякаваць свае войскі да ўсходняй мяжы. Аляксандар Лукашэнка на сустрэчы з Уладзімірам Пуціным у Санкт-Пецярбургу заявіў, што нібыта стрымлівае вагнэраўцаў ад паходу на Варшаву і Жэшаў.

У Беларусь найміты ПВК «Вагнэр» пачалі пераяжджаць пасьля мяцяжу, арганізаванага яе заснавальнікам Яўгеніем Прыгожыным у канцы чэрвеня 2023 году.

Паводле зьвестак тэлеграм-каналу «Беларускi Гаюн», раніцай 23 ліпеня ў Беларусь прыбыла 11-я калёна ПВК «Вагнэр». «У цяперашні час можна канстатаваць, што пік арганізаванага прыбыцьця наймітаў ПВК „Вагнэр“ у Беларусь прыпаў на пэрыяд 15–19 ліпеня. Пры гэтым у Беларусь працягваюць прыбываць невялікія калёны з тэхнікай наймітаў», — адзначаецца ў тэлеграм-канале.

Асноўнай базай ПВК «Вагнэр» у Беларусі называюць лягер недалёка ад Асіповічаў, у вёсцы Цэль.

14 ліпеня Міністэрства абароны Беларусі заявіла, што байцоў беларускіх войскаў тэрытарыяльнай абароны трэнуюць менавіта найміты Прыгожына, а 20 ліпеня ведамства паведаміла аб правядзеньні сумесных вучэньняў з байцамі «Вагнэра» на палігоне «Берасьцейскі» ля польскай мяжы.

У Міністэрстве абароны Польшчы ў адказ заявілі, што сочаць за сытуацыяй на мяжы зь Беларусьсю і «гатовыя да розных сцэнараў разьвіцьця падзей».

ПВК «Вагнэр» — неафіцыйнае расейскае ўзброенае падразьдзяленьне, створанае блізкім да Крамля прадпрымальнікам Яўгеніем Прыгожыным. Яно фармальна не зьвязанае зь Мінабароны РФ ці іншымі дзяржструктурамі, аднак, як паведаміў прэзыдэнт РФ Уладзімір Пуцін, фінансаваньне гэтай ПВК ажыцьцяўлялася зь дзяржбюджэту.

Вагнэраўцы бралі ўдзел у наземных апэрацыях РФ у Сырыі, Афрыцы і ў вайне з Украінай, дзе іх падазраюць ва ўчыненьні шматлікіх ваенных злачынстваў. ЗША прызналі ПВК «Вагнэр» транснацыянальнай злачыннай арганізацыяй і ўвялі санкцыі супраць зьвязаных зь ёй і яе заснавальнікам структураў.

Санкцыі супраць ПВК «Вагнэр» увёў і Эўразьвяз. Парлямэнты Літвы і Францыі, а таксама Парлямэнцкая асамблея АБСЭ прызналі ПВК «Вагнэр» тэрарыстычнай арганізацыяй.

Спроба ўзброенага мяцяжу ў Расеі. Асноўнае

  • Увечары 23 чэрвеня кіраўнік ПВК «Вагнэр» Яўгеній Прыгожын заявіў, што міністэрства абароны РФ нанесла ракетныя ўдары па тылавых лягерах наймітаў і што «зло, якое нясе вайсковае кіраўніцтва краіны, будзе спынена».
  • Міністэрства абароны Расеі назвала гэтыя словы «інфармацыйнай правакацыяй».
  • Уначы Прыгожын паведаміў, што байцы «Вагнэра» ўвайшлі ў Расею з акупаваных раёнаў Ўкраіны.
  • Раніцай 24 чэрвеня Прыгожын заявіў, што ПВК «Вагнэр» увайшла ў Растоў-на-Доне і ўзяла пад кантроль вайсковыя аб’екты Растова, у тым ліку аэрадром.
  • Пазьней Прыгожын заявіў і пра ўзяцьце пад кантроль вайсковых абʼектаў у Варонежы.
  • У Маскоўскай, Растоўскай і Варонескай вобласьцях РФ увялі надзвычайныя захады бясьпекі.
  • У Расеі завялі крымінальную справу аб узброеным мяцяжы.
  • Пуцін у ранішнім звароце заявіў, што «Расею мяцяжом спрабуюць штурхаць да паразы і капітуляцыі» і што «дзеяньні супраць мяцежнікаў будуць жорсткімі».
  • Кіраўнік дэпартамэнту нацыянальнай бясьпекі ў складзе Аб’яднанага пераходнага кабінэту Валер Сахашчык у сувязі з падзеямі ў Расеі заклікаў беларусаў «выкарыстаць гістарычны шанец».
  • Лідэрка дэмакратычных сілаў Беларусі Ціханоўская заклікала дыпляматаў і сілавікоў не выбіраць паміж Пуціным і Прыгожыным, а вайскоўцаў — выгнаць войскі Расеі зь Беларусі.
  • Аб’яднаны пераходны кабінэт заявіў, што «дэнансуе палітычныя і ваенныя дамовы з Расеяй» і аб’яўляе аб выхадзе Беларусі з АДКБ, ЭАЭС і СНД.
  • Полк Каліноўскага заклікаў грамадзянаў Беларусі рыхтавацца да «вызваленьня ад дыктатуры і акупацыі»
  • Прэс-служба Аляксандра Лукашэнкі ўвечары 23 чэрвеня напісала, што той угаварыў заснавальніка ПВК «Вагнэр» Яўгенія Прыгожына спыніць прасоўваньне да Масквы.
  • Пазьней Прыгожын заявіў аб завяршэньні марша і вяртаньні баевікоў у палявыя лягеры.
  • Пазьней зьявілася навіна аб тым, што Прыгожын паедзе ў Беларусь, а крымінальную справу ў РФ супраць яго спыняць.
  • 26 чэрвеня у Генпракуратуры Расеі паведамілі, што справу супраць Прыгожына не спынілі.
  • 27 чэрвеня Аляксандар Лукашэнка пацьвердзіў прылёт у Беларусь кіраўніка ПВК «Вагнэр» Яўгенія Прыгожына. Найміты ПВК «Вагнэр», паводле Лукашэнкі, будуць працаваць у Беларусі інструктарамі, ім прапанавалі ў распараджэньне закінутую вайсковую частку.
  • 2 ліпеня ПВК «Вагнэр» абвясьціла, што на месяц прыпыняе вэрбоўку ў свае шэрагі. Гэта патлумачылі часовым няўдзелам групоўкі ў вайне супраць Украіны і «пераездам у Рэспубліку Беларусь».
  • У сярэдзіне ліпеня байцы ПВК сталі калёнамі прыбываць у лягер каля вёскі Цэль. Міністэрства абароны Беларусі абвясьціла пра сумесныя трэнаваньні на палігоне «Берасьцейскі».
  • Былы лідэр прарасейскіх сэпаратыстаў на Данбасе Ігар Стралкоў-Гіркін у сваім тэлеграм-канале, спасылаючыся на аднаго з камандзіраў ПВК «Вагнэр», кіраўніка штабу з пазыўным «Маркс», паведаміў, што ў Беларусь прыбудзе да 10 тысяч байцоў «Вагнэру».
  • Агулам у Беларусь прыехалі 12 калёнаў наймітаў. Там была і будаўнічая тэхніка.
  • 23 жніўня, як паведаміла Расавіяцыя, Яўгеній Прыгожын загінуў у разьбітым самалёце пад Цьверру. Разам зь ім там быў адзін з камандзіраў ПВК «Вагнэр» Дзьмітрый Уткін.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG