Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пэрфоманс у двары на вуліцы Чарвякова, вядомым як «Плошча Перамен». 10 верасьня
Пэрфоманс у двары на вуліцы Чарвякова, вядомым як «Плошча Перамен». 10 верасьня

33-і дзень пратэстаў. Учынак шахтара ў забоі. Нечаканая заява праўладных партый. Суды над ратавальнікамі

абноўлена

Што адбываецца ў Беларусі на 33-і дзень пратэстаў супраць фальсыфікацыі прэзыдэнцкіх выбараў.

19:21 10.9.2020

Расейская акторка выбачылася за ролю ўдзельніцы пратэстаў у Беларусі

Расейская акторка Кацярына Шмакава выбачылася за ролю ўдзельніцы беларускіх пратэстаў у праграме «Международная пилорама» на тэлеканале НТВ. У сюжэце гэтай праграмы, якую раней неаднаразова крытыкавалі за своеасаблівы стыль гумару, яна скардзілася на нізкія ганарары за ўдзел у пратэстах і казала, што выходзіць на вуліцу, каб пазнаёміцца з супрацоўнікам АМАПу.

Прабачэньні за выпуск Шмакава выклала ў Фэйсбук. «Я прашу прабачэньня перад усімі людзьмі Беларусі, жанчынамі», — кажа яна. Шмакава сказала, што ёй сорамна за ролю. «Апраўдваць сябе тым, што я атрымліваю тэкст за тры хвіліны да матору [пачатку здымак], — гэта ўжо ня важна, — кажа яна. — Гэта было жахліва, жахліва бязбожна з майго боку».

19:20 10.9.2020

Літоўскі сэйм прызнаў Ціханоўскую нацыянальна абраным лідэрам

Літоўскі сэйм 10 верасьня прызнаў Сьвятлану Ціханоўскую нацыянальна абраным лідэрам. Аляксандра Лукашэнку назвалі нелегітымным кіраўніком.

За такую рэзалюцыю аднагалосна выступіў 91 сябра сэйму. Сярод аўтараў рэзалюцыі — міністар замежных спраў Літвы Лінас Лінкявічус, сьпікер Віктарас Пранцкеціс. Акрамя гэтага, у прынятай рэзалюцыі літоўскі сэйм заклікае міжнародную супольнасьць рэагаваць на падзеі ў Беларусі і перашкодзіць Расеі вызначыць палітычны кірунак Беларусі.

19:18 10.9.2020

«Сьведка Александровіч мае незвычайна востры зрок». Як судзілі ратавальнікаў на водах

Два дні ў судзе Цэнтральнага раёну судзілі ратавальнікаў, якія 6 верасьня пасьля нядзельнай акцыі пратэсту выцягнулі з вады людзей і перавезьлі на другі бераг. Траіх аштрафавалі, справы пяцярых накіравалі на дапрацоўку.

Сьведка-міліцыянт сказаў, што пазнаў ратавальніка Сяргея Арцюшэўскага па твары. Той аспрэчыў — зь берага на такой адлегласьці, на якой яны былі ў лодцы, твары разгледзець немагчыма — і не прызнаў сябе вінаватым, бо ратаваў людзей, якія былі ў небясьпецы. Судзьдзя прыняў рашэньне аштрафаваць Арцюшэўскага на 810 рублёў.

«Два чалавекі цяжка дыхалі, у аднаго быў сутаргавы сындром, ён захлынаўся, у яго былі пасінелыя вусны, зьбітае дыханьне. Тэмпэратура вады была каля 15 градусаў. Людзі былі ў вадзе каля 3 хвілін», — распавёў на судзе іншы ратавальнік Сяргей. Рэпартаж з суду цалкам тут.

18:39 10.9.2020

Лідэр J:Морс назваў адмену канцэрту у Маладэчне палітычна матываванай

У Маладэчне канцэрт J:Морс адмянілі праз COVID-19 і надвор’е. Фронтмэн лічыць рашэньне палітычна матываваным.

«Мы б проста выбачыліся перад гледачамі і жылі б неяк далей. Але калі людзі, якія набылі квіткі, даведваюцца ў дзень канцэрту, што ён адмяняецца, гэта непрыгожа. Сытуацыя мне падказвае, што сам ДК быў гатовы праводзіць канцэрт, але, хутчэй за ўсё, ім параілі вышэйшыя арганізацыі яго не праводзіць», — сказаў Уладзімер Пугач.

Раней лідэр гурту Ўладзімер Пугач увайшоў у Каардынацыйную раду і засьпяваў дуэтам з Вольскім, а гурт выпусьціў песьню «Даруй», прысьвечаную пратэстам. Артыкул цалкам чытайце тут.

18:37 10.9.2020

Чатыры партыі, якія маюць рэпутацыю праўладных, запатрабавалі спыніць гвалт і правесьці новыя выбары

Лідэры 10 беларускіх партыяў падпісалі рэзалюцыю з патрабаваньнямі спыніць гвалт, расьсьледаваць забойствы і катаваньні, правесьці новыя выбары прэзыдэнта цягам 6 месяцаў. Партыі ўтварылі пастаянную раду.

У ліку партыяў, чые лідэры падпісалі рэзалюцыю, — апазыцыйныя АГП, БНФ, БСДГ, БСДП(Г), «Зялёныя» і «Справядлівы сьвет», а таксама партыі з праўладнай дагэтуль рэпутацыяй — Сацыяльна-спартовая і Рэспубліканская партыі, Партыя працы і справядлівасьці і Партыя народнай згоды.

Здымкам ліста са Свабодай падзяліўся адзін з падпісантаў — старшыня БСДП (Грамада) Ігар Барысаў. Падрабязнасьці тут.

18:35 10.9.2020

«Далі 5 хвілін на зборы». Затрымалі Дзьмітрыя Семчанку, які на знак пратэсту сышоў з прэзыдэнцкага пулу

Жонка Дзьмітрыя Семчанкі пацьвердзіла «Нашай Ніве», што ў другой палове дня 10 верасьня ў іх кватэру прыйшлі супрацоўнікі міліцыі і забралі мужа. «Быў адзін ня ў форме, а таксама 2–3 у масках. Далі 5 хвілін сабрацца і павезьлі ў Фрунзенскі РУУС. Сказалі, што будуць правяраць, ці ўдзельнічаў Дзіма ў несанкцыянаваных акцыях», — сказала Юлія Семчанка.

Дзьмітры Семчанка да нядаўняга часу працаваў на тэлеканале АНТ, узначальваў прэзыдэнцкі пул афіцыйных журналістаў. Аднак пасьля падзеяў 9–12 жніўня вырашыў сысьці з тэлеканалу.

17:41 10.9.2020

Больш за 300 расейскіх адвакатаў зьвярнуліся ў Міністэрства юстыцыі Беларусі

Больш за 300 расейскіх адвакатаў падпісаліся пад адкрытым зваротам у Міністэрства юстыцыі Беларусі, у якім канстатуюць, што парушэньні правоў чалавека і прафэсійных правоў адвакатаў у Беларусі набылі масавы і сыстэмны характар.

У заяве яны заклікаюць улады Беларусі:

  • Прыняць меры па абароне правоў грамадзян, якія пацярпелі пры падаўленьні мірных сходаў 9–11 жніўня 2020 году (у тым ліку правоў на атрыманьне прававой дапамогі, справядлівы судовы разбор) і прыцягнуць да адказнасьці супрацоўнікаў праваахоўных органаў і іншых асоб, якія ўчынілі акты гвалту ў дачыненьні да грамадзян.
  • Забясьпечыць адвакатам Рэспублікі Беларусь магчымасьць для свабоднага і бесьперашкоднага ажыцьцяўленьня сваёй прафэсійнай дзейнасьці ў поўнай адпаведнасьці зь міжнароднымі стандартамі.
17:19 10.9.2020

«Людзі масава падтрымліваюць». Звольненаму за бел-чырвона-белы сьцяг ратавальніку пішуць дзясяткі беларусаў

У Менску ідзе барацьба за бел-чырвона-белыя сьцягі, грамадзяне іх масава вывешваюць, а невядомыя здымаюць, час ад часу іх здымаюць супрацоўнікі МНС. Але ня ўсе падтрымліваюць такія загады кіраўніцтва.

Максіма Сташулёнка звольнілі паводле артыкула: на думку кіраўніцтва, ён парушыў прысягу і падпіску аб невыдаваньні службовай тайны. 8 верасьня ён пачуў размову двух чалавек і паведаміў у адным з раённых чатаў, дзе будуць здымаць бел-чырвона-белыя сьцягі.

Максім будзе абскарджваць рашэньне кіраўніцтва праз суд, ён ня згодны са звальненьнем. За два дні Максіму напісалі некалькі дзясяткаў чалавек з прапановамі новай працы і падтрымкі. Максім мае малое дзіця, ягоная жонка цяжарная.

Цалкам чытайце тут.

17:15 10.9.2020

«Ад мужчынскай годнасьці ў гэтага рэжыму нічога не засталося», — баскетбольная зорка Алена Леўчанка

«Пра закон згадваюць толькі тады, калі трэба апраўдаць беззаконьне. Як некага арыштаваць — прыкрываюцца „несанкцыянаваным мерапрыемствам“. А пакараць вінаватых за гвалт — такога закону няма». Самая вядомая ў сьвеце беларуская баскетбалістка Алена Леўчанка ў інтэрвію Свабодзе расказвае, чаму перастала быць апалітычнай і так востра перажывае цяперашнія падзеі.

А таксама разважае пра слабасьць мужчын ва ўладзе, якія пазыцыянуюць сябе гаспадарамі краіны, — Аляксандра Лукашэнкі, Юрыя Караева, Уладзімера Макея ды іншых. Вялікае інтэрвію чытайце па спасылцы.

16:20 10.9.2020

Гарняк Юры Корзун: «Гэта была акцыя супраць гвалту і беззаконьня, якія пануюць у краіне»

«Сёньня я правёў акцыю пратэсту супраць гвалту і беззаконьня, якія пануюць у нашай краіне — найперш з боку ўладаў супраць мірных людзей», — патлумачыў Юры Корзун, чаму прыкаваў сябе да абсталяваньня на глыбіні 305 мэтраў і адмаўляўся падымацца на паверхню.

На пытаньне пра далейшыя пляны адказаў, што ад 11 верасьня далучаецца да страйку рабочых «Беларуськалію» і працягне адстойваць свае ранейшыя патрабаваньні. А ці не асьцерагаецца перасьледу, пад які ўжо трапілі найбольш актыўныя завадатары страйкаму?

«Думаю, перасьлед непазьбежны, але чаго баяцца? Неўзабаве ўжо кожны беларус адседзіць свае суткі. Да таго ж я нічога не парушаў, каб мяне прыцягваць да крымінальнай адказнасьці. Згодны, што мела месца парушэньне працоўнай дысцыпліны. Але максымальнае пры гэтым пакараньне — пазбаўленьне прэміі. Звольніць ня маюць права. За страйк — так, цалкам магчыма. У такім выпадку будзем змагацца, падаваць у суд», — ня траціць вытрымкі суразмоўца. Вялікае інтэрвію зь Юрыем Корзунам чытайце тут.

15:54 10.9.2020

«Гэта сапраўды разьдзірае душу». Вікторыя Азаранка пра падзеі ў Беларусі

Беларуская тэнісістка Вікторыя Азаранка, якая цяпер выступае на турніры U. S. Open у Нью-Ёрку, сказала 9 верасьня амэрыканскім журналістам, што цяперашнія падзеі ў Беларусі — «вельмі складаная тэма для размовы».

«Гэта вельмі сумна, і папраўдзе, цяжка гаварыць пра гэта. Але я спадзяюся, што ўвесь гвалт неўзабаве спыніцца, рэальна спыніцца, бо гэта сапраўды разьдзірае душу. Я нават размаўляць не магу без слёз на вачах, калі пра гэта думаю», — цытуе ранейшае выказваньне Азаранкі The New York Times.

15:51 10.9.2020

Затрыманых студэнтак БДМУ аштрафавалі на 675 рублёў

Суд Маскоўскага раёну Менску 10 верасьня аштрафаваў затрыманых напярэдадні шасьцярых студэнтак БДМУ на 675 рублёў кожную, піша тэлеграм-канал «Рупар БДМУ». Дзяўчаты правялі ноч у ізалятары на Акрэсьціна.

Каго аштрафавалі: Анастасію Шматкову; Паліну Вежнавец; Яну Зябко; Тацяну Каплун; Марыю Алешка; Дар’ю Эркаеву; Адрыяну Шэрэль.

За што аштрафавалі: усіх затрыманых абвінавацілі ва ўдзеле ў несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве (ч. 1 арт. 23. 34 КоАП).

15:04 10.9.2020

Месяц беларускага пратэсту: дзень за днём. Інфаграфіка

Цэлы месяц пасьля прэзыдэнцкіх выбараў Беларусь жыве ва ўмовах пратэстаў супраць рэжыму Аляксандра Лукашэнкі. За гэты час краіна пабачыла рэкордныя па колькасьці мірныя вулічныя акцыя пратэсту, беспрэцэдэнтны гвалт з боку сілавікоў і нябачную дагэтуль грамадзкую салідарнасьць. Самыя важныя падзеі пратэстнага месяцу — у нашай інфаграфіцы.

14:24 10.9.2020

«Вольная Беларусь — гэта жанчына». Польская набэлістка пра беларускіх жанчын у палітыцы

Вольга Такарчук, ляўрэатка Нобэлеўскай літаратурнай прэміі 2018 году, выказала салідарнасьць зь беларускімі жанчынамі, якія змагаюцца за свабоду сваёй краіны.

«Сёньня вольная Беларусь — гэта жанчына», — напісала Такарчук у тэксьце, апублікаваным 9 верасьня на сайце Gazety Wyborczej.

14:24 10.9.2020

Зяленскі: беларускі народ хоча сапраўднай, а не расейскай дэмакратыі

Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі лічыць малаверагодным, што цяперашнія пратэсты ў Беларусі прывядуць да павелічэньня ўплыву Расеі на краіну.

«Расея заўсёды мела моцны ўплыў на Беларусь. Сёньня беларускі народ змагаецца за справядлівасьць, свабодныя і сумленныя выбары. Гэтая барацьба ня спыніцца, але я ня думаю, што яна сумяшчальная з узмацненьнем уплыву Расеі на Беларусь», — сказаў Уладзімір Зяленскі ў інтэрвію найбуйнейшаму ў Ізраілі выданьню The Jerusalem Post.

«Беларускі народ хоча сапраўднай, а не расейскай „дэмакратыі“. У любым выпадку мы не падтрымліваем умяшаньне любой дзяржавы ва ўнутрыпалітычную сытуацыю ў Беларусі, і мы лічым, што беларускі народ павінен сам вырашыць, як рухацца ў будучыню і што ён хоча», — дадаў Уладзімір Зяленскі, адказваючы на пытаньне, ці не выклікае ў яго занепакоенасьць, што сытуацыя ў Беларусі прывядзе да дамінаваньня Расеі ва ўсёй Усходняй Эўропе.

14:12 10.9.2020

Шахтар Юры Корзун даў інтэрвію Свабодзе. Вось асноўныя тэзы

  • Цяпер ён на волі, пасьля абсьледаваньня ў шпіталі яго адпусьцілі дахаты. Ён зьбіраецца сустрэцца з калегамі, якія ў страйку.
  • Юрыю анулявалі пропуск, і ён цяпер ня можа трапіць на працу. Гаворкі пра звальненьне пакуль няма, але шахтар не выключае, што будзе звольнены пасьля далучэньня да страйкаму.
  • Пра акцыю ён нікому загадзя не казаў, нават жонцы. Баяўся, каб пра гэта не даведалася кіраўніцтва і яго не ўпусьцілі б у шахту.
  • Кайданкі, якімі ён сябе прыкаваў, ён набыў у інтэрнэт-краме.
    • Пасьля таго, як яго вывезьлі з шахты, адразу павезьлі ў МНС, каб зьняць кайданкі і трохмэтровы мэталічны ланцуг, якім Юры быў прыкуты
      Юры Корзун
      Юры Корзун

14:09 10.9.2020

Акцыя салідарнасьці зь Беларусьсю ў Барсэлёне

14:07 10.9.2020

Кіраўніцтва «Беларуськалія»: Корзун выведзены з шахты, бо парушыў патрабаваньні аховы працы

Адміністрацыя ААТ «Беларуськалій» пракамэнтавала сытуацыю з шахтаром Юрыем Корзунам, які 10 верасьня прыкаваў сябе кайданкамі да абсталяваньня шахты, а затым быў гвалтоўна эвакуяаваны з забою.

«Пасьля заканчэньня працоўнай зьмены а 6.15 машыніст рудніка 1-га рудаўпраўленьня Юры Корзун адмовіўся пакінуць працоўнае месца, — спасылаецца БелаПАН на тэлеграм-канал прадпрыемства. — Паколькі названыя дзеяньні парушалі патрабаваньні аховы працы, горнавыратавальнікі вывелі работніка з шахты. Гэты выпадак не паўплываў на вытворчы працэс».

Як паведаміў страйкам «Беларуськалія», Юрыя Корзуна, які прыкаваў сябе да абсталяваньня на глыбіні 305 мэтраў і адмаўляўся падымацца на паверхню, прымусова вынесьлі з шахты. Кайданкі разрэзалі, «ужыўшы сілу».

Месца, дзе прыкаваў сябе Юры Корзун
Месца, дзе прыкаваў сябе Юры Корзун

На паверхні яго чакала машына хуткай дапамогі, гарняка адправілі ў прыёмны пакой Салігорскай цэнтральнай лякарні. Туды ж сьледам рушыла калёна з некалькіх дзясяткаў шахтараў, якія сабраліся ў падтрымку Корзуна ля прахадной 1-га рудаўпраўленьня.

Пра адзіночную акцыю Юры Корзун паведаміў раніцай 10 верасьня. Ён заявіў, што мае намер знаходзіцца ў шахце да пачатку выкананьня яго патрабаваньняў, у ліку якіх — адстаўка Аляксандра Лукашэнкі, спыненьне сілавых дзеяньняў у дачыненні да мірных грамадзянаў, іх выкраданьня, зьбіцьця і катаваньняў. Таксама запатрабаваў спыніць «запалохваньне і звальненьне працоўных», вызваленьня затрыманых прадстаўнікоў страйкаму.

Пра свае ўмовы ён пісьмова праінфармаваў кіраўніцтва прадпрыемства.

13:50 10.9.2020

Працягваюцца затрыманьні за мірныя пратэсты, бальшыню пакідаюць пад вартай да суду

Не спыняюцца затрыманьні беларусаў, якія выходзяць на мірныя акцыі пратэсту. Напярэдадні людзі выйшлі, каб выказаць пратэст у зьвязку з арыштамі чальцоў Каардынацыйнай рады — Марыі Калесьнікавай, Максіма Знака, Ільлі Салея.

Паводле Міністэрства ўнутраных спраў, 9 верасьня за «парушэньне заканадаўства аб масавых мерапрыемствах» па краіне затрымалі 37 чалавек. Чакаць суду пад вартай 26 зь іх.

У Менску пратэсты разганялі з ужываньнем сілы людзі ў балаклавах, у цывільным і ў форме без знакаў адрозьненьня.

Але калі дагэтуль сілавікі стараліся не чапаць жанчын, то ў апошнія дні, словамі кіраўніка МУС Юрыя Караева, «пад раздачу» трапляюць усе, незалежна ад полавай прыкметы.

13:42 10.9.2020

«Замест хлусьні павінна запанаваць праўда». У Горадні маліліся аб вырашэньні крызісу і вяртаньні Кандрусевіча

У галоўным горадзенскім касьцёле 9 верасьня прайшла адмысловая імша, на якой маліліся аб вырашэньні грамадзка-палітычнага крызісу ў Беларусі і вяртаньне дадому мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча, якога 31 жніўня памежнікі не пусьцілі ў краіну.

Загрузіць яшчэ

XS
SM
MD
LG