Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пэрфоманс у двары на вуліцы Чарвякова, вядомым як «Плошча Перамен». 10 верасьня
Пэрфоманс у двары на вуліцы Чарвякова, вядомым як «Плошча Перамен». 10 верасьня

33-і дзень пратэстаў. Учынак шахтара ў забоі. Нечаканая заява праўладных партый. Суды над ратавальнікамі

абноўлена

Што адбываецца ў Беларусі на 33-і дзень пратэстаў супраць фальсыфікацыі прэзыдэнцкіх выбараў.

10:16 10.9.2020

У Салігорску шахтар адмовіўся пакідаць шахту на глыбіні 305 мэтраў да выкананьня палітычных патрабаваньняў

Паводле тэлеграм-каналу «Страйкам ААТ „Беларуськалій“», салігорскі шахтар Юры Корзун прыкаваў сябе кайданкамі да горназдабывальнага абсталяваньня ў шахце на глыбіні 305 мэтраў.

Корзун патрабуе

  • спыненьня перасьледу рабочых,
  • вызваленьня сябраў страйкаму,
  • сыходу Аляксандра Лукашэнкі.

Фота свайго звароту да дырэктара ён апублікаваў на сваёй старонцы ў ВК.

10:16 10.9.2020

«Чвэрць мільёна беларусаў нельга арыштаваць». Каардынацыйная рада адрэагавала на зьняволеньне сяброў прэзыдыюму

Сутнасьць зьняволеньня Марыі Калесьнікавай выключна палітычная і мэта яго — ціск на Каардынацыйную раду і беларускае грамадзтва ў цэлым, лічыць адвакат Міхаіл Кірылюк.

«Чвэрць мільёна грамадзян Беларусі, якія больш за месяц кожныя выходныя мірна выходзяць з патрабаваньнямі аднавіць справядлівасьць, нельга арыштаваць, — напісаў Кірылюк. — І ігнараваць і супрацьстаяць ім немагчыма».

Ён заклікаў, каб усе патрабавалі

  • выпусьціць невінаватых людзей з турмаў,
  • пакараць паводле закону ўсіх, хто зьдзекаваўся з грамадзянаў Беларусі,
  • правесьці новыя сумленныя выбары як мага хутчэй.


Культурны экспэрт Вольга Зарэцкая піша, што Лукашэнка наіўна спадзяецца, што арыштамі і затрыманьнямі запужае бальшыню і на вуліцы стане выходзіць усё менш і менш.

«Нацыя абражаная. І нацыя адзіная ў сваім імкненьні спыніць зьдзекі з сваёй свабоды і права „людзьмі звацца“». Лукашэнку давядзецца прыслухацца да 9 мільёнаў чалавек, хоча ён гэтага ці не, лічыць Зарэцкая.

Паліттэхноляг Уладзімер Мацкевіч перакананы, што «ўцягненьне Каардынацыйнай рады як адзінага прадстаўнічага органа беларускага грамадзтва ў працэс стварэньня пляцоўкі для канструктыўнага дыялёгу для пераадоленьня палітычнага крызісу і забесьпячэньня згоды ў грамадзтве ёсьць найлепшым сцэнарам для кожнага з бакоў».

10:17 10.9.2020

Суд спыніў справу супраць назіральніка, якога вінавацілі ў хуліганстве

Менскі раённы суд не задаволіў пазоў сакратаркі ўчастковай выбарчай камісіі № 53 аграгарадка Калодзішчы Ірыны Паповай да незалежнага назіральніка Кірыла Аношкі, на якога быў складзены пратакол за хуліганства (арт. 17.1).

Сакратарка камісіі, паводле Кірыла Аношкі, у судзе «фактычна зьняпраўдзіла пратакол сваімі паказаньнямі».

Пасьля выбараў незалежныя назіральнікі, і сярод іх Кірыл, вырашылі пацікавіцца ў сяброў выбарчай камісіі рэальнымі вынікамі выбараў, бо ў іх не супадалі дадзеныя пра яўку зь лічбамі камісіі.

«Мы прыяжджалі ў сельсавет і пыталіся, ці хочуць сябры камісіі нешта расказаць. Муж адной з назіральніц даслаў SMS-паведамленьне сябру камісіі, дзе працытаваў Крымінальны кодэкс. Пасьля гэтага ўначы яго затрымалі. Яшчэ адна назіральніца паехала падаваць заяву ў Бараўлянскую міліцыю, і яе там затрымалі. Яна там даведалася, што і на мяне складзены пратакол у міліцыі».

Пазьней Кірыла выклікалі ў суд. Паводле матэрыялаў справы, ён нібыта прыяжджаў у сельсавет на працоўнае месца сябра камісіі, пагражаў ёй і парушаў грамадзкі парадак. Насамрэч Кірыл хацеў удакладніць лічбы, бо ня быў вывешаны пратакол.

«Ірына Папова выступала сёньня ў судзе і на 80% абвергла тое, што было ў пратаколе. Такім чынам атрымалася, што хуліганства няма. Потым яна пацьвердзіла, што канфліктаў паміж намі не было. У выніку не было да чаго прычапіцца і судзьдзя вырашыла спыніць справу».

10:57 10.9.2020

У Салігорску шахтара-пратэстоўца гвалтам паднялі на паверхню

Шахтару Юрыю Корзуну, які прыкаваў сябе да горназдабыўнага абсталяваньня ў шахце на глыбіні 305 мэтраў, разрэзалі кайданкі і вынесьлі яго з шахты. Юрыя адправілі ў прыёмны пакой шпіталя.

У Салігорску ідзе марш у падрымку Корзуна.

10:58 10.9.2020

Лукашэнка: Мяне часта папракаюць у тым, што «ўладу ён не аддасьць». Правільна папракаюць

10 верасьня падчас прадстаўленьня Андрэя Шведа на пасадзе генэральнага пракурора Аляксандар Лукашэнка заявіў:

«Мяне часта папракаюць у тым, што „ўладу ён не аддасьць“. Правільна папракаюць. Мяне народ не для гэтага абраў. Як і вы таксама — уладальнікі гэтай улады і яе носьбіты.

Улада не для таго даецца, каб яе ўзяў, кінуў і аддаў.

У сярэдзіне 90-х яна валялася ў гразі, аб яе выціралі ногі. Гэтак жа як і аб вас — тых, хто насіў пагоны. Шмат хто з вас гэты пэрыяд памятае. І я не хачу, каб Беларусь вярнулася да таго часу. Таму ніхто кінуць у гразь уладу, як яны патрабуюць, не пасьмее», — цытуе Лукашэнку БелТА.

11:28 10.9.2020

Калесьнікава патрабуе ад Сьледчага камітэту завесьці крымінальную справу супраць яе выкрадальнікаў

Зьняволеная сябра прэзыдыюму Каардынацыйнай рады напісала заяву аб пачатку крымінальнай справы на імя старшыні СК, апісаўшы падзеі 7 і 8 верасьня.

Яна сьцьвярджае, што можа апазнаць усіх, каго пералічыла ў заяве аб выкраданьні, псыхалягічным ціску, пагрозах пазбаўленьня жыцьця і спробах вывезьці яе за межы Беларусі.

Фрагмэнт заявы дае прэс-служба штабу Віктара Бабарыкі.

11:30 10.9.2020

«Гумовыя кулі выклікаюць нэкроз». 19-гадовая пацярпелая падчас пратэстаў у Менску ўжо месяц у шпіталі

Марыі Зайцавай 19 гадоў. Яна ўдзельніца акцыі пратэсту, прыехала ў Менск з Гомля. І ўжо месяц Марыя ляжыць у шпіталі: 9 жніўня выбухам шумавой гранаты ёй парвала барабанную перапонку. На целе некалькі ранаў ад гумовых куляў. Ці адновіцца яе слых, невядома.

Інтэрвію з Марыяй Зайцавай запісала Вольга Бяшлей для тэлеканалу «Настоящее время».

11:51 10.9.2020

«Гэта тая Маша, якую я ведаю ўсё жыцьцё». Размова зь сястрой Марыі Калесьнікавай

Свабода пагутарыла зь сястрой Марыі Калесьнікавай Тацьцянай. Вось самае важнае:

«Маша такой была заўсёды. Гэта тая Маша, якую я ведаю ўсё жыцьцё»

«Мы нарадзіліся ў Чыжоўцы, а расьлі ва Ўруччы. Маша вельмі любіць гарадзкія шпацыры, можа хадзіць па 10 км на дзень. Мы зь ёй часта гулялі па праспэкце і ў Асмалоўцы».

«Калі мне ў дзяцінстве рабілі ўколы, то Маша плакала разам са мной з пачуцьця салідарнасьці. І ў гэтым сапраўды ўся яна – яна вялікі эмпат».

«Маша часта гаварыла, што ня зьедзе. І ня зьедзе таму, што тут у Беларусі застаюцца яе сябры. Затрыманыя Віктар Бабарыка, яго сын Эдуард. Маша казала, што ня можа пакінуць іх тут і зьехаць зь Беларусі».

Тацьцяна і Марыя разам. Фота Тацьцяны Хоміч
Тацьцяна і Марыя разам. Фота Тацьцяны Хоміч

11:53 10.9.2020

Выліты на нацыяльны сьцяг бруд могуць успрымаць толькі тыя, хто і раней ставіўся да яго адмоўна

Піша ў сваім блогу Сяргей Навумчык

Прыгадваюцца словы дэпутата Апазыцыі БНФ Лявона Баршчэўскага на сэсіі Вярхоўнага Савета ў адказ на аргумэнт пра калябарантіаў: «Гітлер насіў штаны, дык што, нам цяпер без штаноў хадзіць?». ​

11:55 10.9.2020

Лукашэнка загадаў жорстка разабрацца з «арганізатарамі і агітатарамі каардынацыйных радаў»

Аляксандар Лукашэнка, прадстаўляючы новага генэральнага пракурора Андрэя Шведа, загадаў прыняць больш вострыя захады да арганізатараў і агітатараў «каардынацыйных радаў».

«Усялякія там каардынацыйныя рады, іншыя арганізацыі.... Канстытуцыйны суд і генэральны пракурор у свой час далі ацэнку гэтым каардынацыйным радам. Але вы павінны даваць ня толькі прававую ацэнку дзеяньням арганізатараў і агітатараў, а і прымаць больш магутныя, вострыя захады пракурорскага рэагаваньня на падобныя дзеяньні», — цытуе Лукашэнку БелТА.

Паводле Аляксандра Лукашэнкі, ён «не трымаецца за ўладу пасінелымі рукамі дзеля сябе», але калі чыніцца «практычна нахабная інтэрвэнцыя звонку», не да законаў, трэба прыняць жорсткія захады, каб спыніць усялякую «дрэнь», якая на гэта прэтэндуе.

Практычна ўсе чальцы прэзыдыюму Каардынацыйнай рады дзеля наладжваньня дыялёгу паміж уладай і грамадзкасьцю, за выключэньнем ляўрэаткі Нобэлеўскай прэміі Сьвятланы Алексіевіч, арыштаваныя або ў вымушанай эміграцыі.

12:24 10.9.2020

Сьледчы камітэт адмовіўся пачынаць справу за незаконнае затрыманьне амаль паўсотні журналістаў

28 жніўня, на наступны дзень пасьля масавага затрыманьня журналістаў у Менску і Берасьці, Беларуская асацыяцыя журналістаў накіравала старшыні Сьледчага камітэту заяву аб узбуджэньні крымінальнай справы па факце перашкоды законнай дзейнасьці супрацоўнікаў СМІ.

У дакумэнце на чатырох аркушах падрабязна апісваліся абставіны надзвычайнага здарэньня, а таксама абгрунтаваньне неабходнасьці распачаць крымінальную справу паводле прыкметаў артыкулу 198 Крымінальнага кодэксу.

10 верасьня Беларуская асацыяцыя журналістаў атрымала адказ ад начальніка аддзелу па працы са зваротамі грамадзянаў цэнтральнага апарату Сьледчага камітэту.

«Паведамляем, што выкладзеная ў звароце інфармацыя па сутнасьці носіць абстрактны характар, у сувязі з чым падставаў для правядзеньня Сьледчым камітэтам праверак і прыняцьця рашэньняў у парадку, вызначаным Крымінальна-працэсуальным кодэксам Рэспублікі Беларусь, ня маецца», — гаворыцца ў адказе.

27 жніўня ў Менску на плошчы Свабоды, на плошчы Незалежнасьці, на праспэкце Незалежнасьці, а таксама ў Берасьці супрацоўнікамі органаў унутраных спраў былі затрыманыя 47 журналістаў.

Міліцыянты ў адвольным парадку зьнішчалі зыходныя матэрыялы здымкаў, якія ўяўляюць сабой інтэлектуальную ўласнасьць журналістаў і СМІ. Усё гэта суправаджалася пагрозамі пашкоджаньня прафэсійнай тэхнікі журналістаў.

12:25 10.9.2020

«Хлопцы прасілі: „Братачкі, ня біце больш”. Але тыя білі зь яшчэ большым азьвярэньнем»

«Усё разьвівалася вельмі імкліва: не ставала часу, каб усё ўсьвядоміць. Я пачуў выбух пад коламі, потым убачыў рулю вінтоўкі перад сваім тварам, і ў наступную сэкунду я ўжо даваў нырца рукамі наперад у асфальт: гэта не такая простая задача — выскачыць зь мінівэна і хутка легчы на зямлю.

Побач моцна білі мэдыкаў, і я падумаў, што, напэўна, Насьці ўдалося даказаць ім, што мы выпадковыя людзі. З аднаго боку, вельмі спадзяваўся, што нас адпусьцяць дадому, з другога, вырашыў, што, нават калі не адпусьцяць, усё ня так ужо дрэнна — пройдзем усё гэта, раз нас ужо прынялі, пабачым, як усё адбываецца знутры. Я і здагадацца ня мог, што нас насамрэч чакала ў тую ноч!»

Гісторыі гвалту сілавікоў у жніўні

12:45 10.9.2020

Зьявіўся джазавы варыянт песьні «Муры» з Паўлам Аракелянам, Маргарытай Ляўчук, Лявонам Вольскім, Паўлам Латушкам, Дзянісам Дудзінскім, хорам дзяцей, актораў, лекараў, навукоўцаў...

12:59 10.9.2020

Калесьнікава, Знак і Салей. У Беларусі ўжо 60 палітычных зьняволеных

Максім Знак, Марыя Калесьнікава, Ільля Салей. Архіўнае фота
Максім Знак, Марыя Калесьнікава, Ільля Салей. Архіўнае фота

Чальцы Кааардынацыйнай рады Марыя Калесьнікава, Максім Знак і Ільля Салей прызнаныя палітычнымі зьняволенымі. Агулам колькасьць палітвязьняў у Беларусі наблізілася да 60 чалавек.

Ад самага пачатку свайго стварэньня Каардынацыйная рада была рэзка нэгатыўна ўспрынятая кіраўніцтвам Беларусі і асабіста Аляксандрам Лукашэнкам. Яшчэ 18 жніўня ён заявіў што яе дзейнасьць незаконная і што гэта спроба захопу ўлады.

Праз два дні пасьля яго выступу Генэральнай пракуратурай па факце стварэньня і дзейнасьці Каардынацыйнай рады была пачатая крымінальная справа паводле арт. 361 КК.

«Мы перакананыя, што крымінальны перасьлед Марыі Калесьнікавай, Максіма Знака і Ільлі Салея мае палітычна матываваны характар і скіраваны на спыненьне іх законнай дзейнасьці, — гаворыцца ў супольнай заве праваабаронцаў. — Прадэманстраваныя спэцслужбамі неправавыя падыходы (выкраданьне і спроба гвалтоўнага выдварэньня за межы краіны Марыі Калесьнікавай у працяг такіх жа практык, ужытых у дачыненні да Сьвятланы Ціханоўскай і Вольгі Кавальковай), а таксама пагрозы фізычнай расправы яшчэ болей падкрэсьліваюць супрацьпраўны характар перасьледу».

На падставе гэтага прадстаўнікі беларускіх праваабарончых арганізацый заявілі аб прызнаньні Марыі Калесьнікавай, Максіма Знака і Ільлі Салея палітычнымі зьняволенымі. Праваабаронцы патрабуюць неадкладнага іх вызваленьня і спыненьня крымінальнага перасьледу.

13:41 10.9.2020

«Я захапляюся мужнасьцю гэтых людзей, мужнасьцю Сьвятланы Алексіевіч». Расейскі пісьменьнік пра падзеі ў Беларусі

Цімур Алеўскі з тэлеканалу «Настоящее время» запытаў расейскага пісьменьніка Дзьмітрыя Глухоўскага, чаму маўчыць расейская інтэлігенцыя і ці ёсьць ёй што сказаць пра падзеі ў Беларусі.

«Мае сымпатыі адназначна, 100% на баку беларускага народу. Я захапляюся мужнасьцю гэтых людзей, мужнасьцю, у прыватнасьці, Сьвятланы Алексіевіч, якая адважылася на тое, каб у свае сталыя гады зноў стаць часткай барацьбы свайго народу за годнасьць і свабоду. У нас у краіне мы часта бачым людзей, якія, здавалася б, павінны ўжо задумацца пра душу, але працягваюць абслугоўваць рэжым».

13:42 10.9.2020

«Замест хлусьні павінна запанаваць праўда». У Горадні маліліся аб вырашэньні крызісу і вяртаньні Кандрусевіча

У галоўным горадзенскім касьцёле 9 верасьня прайшла адмысловая імша, на якой маліліся аб вырашэньні грамадзка-палітычнага крызісу ў Беларусі і вяртаньне дадому мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча, якога 31 жніўня памежнікі не пусьцілі ў краіну.

13:50 10.9.2020

Працягваюцца затрыманьні за мірныя пратэсты, бальшыню пакідаюць пад вартай да суду

Не спыняюцца затрыманьні беларусаў, якія выходзяць на мірныя акцыі пратэсту. Напярэдадні людзі выйшлі, каб выказаць пратэст у зьвязку з арыштамі чальцоў Каардынацыйнай рады — Марыі Калесьнікавай, Максіма Знака, Ільлі Салея.

Паводле Міністэрства ўнутраных спраў, 9 верасьня за «парушэньне заканадаўства аб масавых мерапрыемствах» па краіне затрымалі 37 чалавек. Чакаць суду пад вартай 26 зь іх.

У Менску пратэсты разганялі з ужываньнем сілы людзі ў балаклавах, у цывільным і ў форме без знакаў адрозьненьня.

Але калі дагэтуль сілавікі стараліся не чапаць жанчын, то ў апошнія дні, словамі кіраўніка МУС Юрыя Караева, «пад раздачу» трапляюць усе, незалежна ад полавай прыкметы.

14:07 10.9.2020

Кіраўніцтва «Беларуськалія»: Корзун выведзены з шахты, бо парушыў патрабаваньні аховы працы

Адміністрацыя ААТ «Беларуськалій» пракамэнтавала сытуацыю з шахтаром Юрыем Корзунам, які 10 верасьня прыкаваў сябе кайданкамі да абсталяваньня шахты, а затым быў гвалтоўна эвакуяаваны з забою.

«Пасьля заканчэньня працоўнай зьмены а 6.15 машыніст рудніка 1-га рудаўпраўленьня Юры Корзун адмовіўся пакінуць працоўнае месца, — спасылаецца БелаПАН на тэлеграм-канал прадпрыемства. — Паколькі названыя дзеяньні парушалі патрабаваньні аховы працы, горнавыратавальнікі вывелі работніка з шахты. Гэты выпадак не паўплываў на вытворчы працэс».

Як паведаміў страйкам «Беларуськалія», Юрыя Корзуна, які прыкаваў сябе да абсталяваньня на глыбіні 305 мэтраў і адмаўляўся падымацца на паверхню, прымусова вынесьлі з шахты. Кайданкі разрэзалі, «ужыўшы сілу».

Месца, дзе прыкаваў сябе Юры Корзун
Месца, дзе прыкаваў сябе Юры Корзун

На паверхні яго чакала машына хуткай дапамогі, гарняка адправілі ў прыёмны пакой Салігорскай цэнтральнай лякарні. Туды ж сьледам рушыла калёна з некалькіх дзясяткаў шахтараў, якія сабраліся ў падтрымку Корзуна ля прахадной 1-га рудаўпраўленьня.

Пра адзіночную акцыю Юры Корзун паведаміў раніцай 10 верасьня. Ён заявіў, што мае намер знаходзіцца ў шахце да пачатку выкананьня яго патрабаваньняў, у ліку якіх — адстаўка Аляксандра Лукашэнкі, спыненьне сілавых дзеяньняў у дачыненні да мірных грамадзянаў, іх выкраданьня, зьбіцьця і катаваньняў. Таксама запатрабаваў спыніць «запалохваньне і звальненьне працоўных», вызваленьня затрыманых прадстаўнікоў страйкаму.

Пра свае ўмовы ён пісьмова праінфармаваў кіраўніцтва прадпрыемства.

14:09 10.9.2020

Акцыя салідарнасьці зь Беларусьсю ў Барсэлёне

14:12 10.9.2020

Шахтар Юры Корзун даў інтэрвію Свабодзе. Вось асноўныя тэзы

  • Цяпер ён на волі, пасьля абсьледаваньня ў шпіталі яго адпусьцілі дахаты. Ён зьбіраецца сустрэцца з калегамі, якія ў страйку.
  • Юрыю анулявалі пропуск, і ён цяпер ня можа трапіць на працу. Гаворкі пра звальненьне пакуль няма, але шахтар не выключае, што будзе звольнены пасьля далучэньня да страйкаму.
  • Пра акцыю ён нікому загадзя не казаў, нават жонцы. Баяўся, каб пра гэта не даведалася кіраўніцтва і яго не ўпусьцілі б у шахту.
  • Кайданкі, якімі ён сябе прыкаваў, ён набыў у інтэрнэт-краме.
    • Пасьля таго, як яго вывезьлі з шахты, адразу павезьлі ў МНС, каб зьняць кайданкі і трохмэтровы мэталічны ланцуг, якім Юры быў прыкуты
      Юры Корзун
      Юры Корзун

Загрузіць яшчэ

XS
SM
MD
LG