Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Плятформа «Голас» адказала на абвінавачаньні Ярмошынай у «злачынстве»


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

На сайце плятформы «Голас», якая заклікае высылаць фота запоўненых бюлетэняў для галасаваньня, зьявілася заява з рэакцыяй на абвінавачаньні старшыні Цэнтральнай выбарчай камісіі і абяцаньнем апублікаваць зыходны код сэрвісу пасьля выбараў. На плятформе зарэгістраваліся каля 1 млн чалавек.

Што не спадабалася Лукашэнку, Ярмошынай і Генпракуратуры

Аляксандар Лукашэнка 6 жніўня заявіў, што неабходна даць ацэнку законнасьці ініцыятываў у альтэрнатыўным падліку галасоў на выбарах у Беларусі:

«Яшчэ адна тэма, якая ўсплыла, гэта альтэрнатыўны падлік галасоў у дзень выбараў. І Генэральнай пракуратуры, і судам варта даць ацэнку законнасьці падобных ініцыятываў. У судах, калі такія звароты туды паступяць», — сказаў ён.

Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына заявіла ў відэазвароце ад 6 жніўня, што дзейнасьць інтэрнэт-плятформы «Голас» скіраваная на «арганізацыю масавых беспарадкаў» і зьяўляецца «стварэньнем ценевага Цэнтарвыбаркаму, ня больш і ня менш».

«Як нас запэўніваюць, гэта кантроль за волевыяўленьнем, — казала Ярмошына. — Не, дарагія мае, гэта не кантроль. Гэта стварэньне скажонага выніку выбараў для таго, каб дэвальваваць афіцыйны вынік галасаваньня і на гэтай падставе арганізаваць масавыя беспарадкі».

У Генэральнай пракуратуры 7 жніўня заявілі, што онлайн-плятформы «Голас» і Zubr.in, якія заклікаюць фатаграфаваць выбарчыя бюлетэні на ўчастках для галасаваньня і адпраўляць здымкі, а таксама ўдзельнічаць у альтэрнатыўным падліку галасоў выбарнікаў, займаюцца правядзеньнем сацыялягічных апытаньняў і дасьледаваньняў без акрэдытацыі.

«Пры выяўленьні фактаў правядзеньня грамадзянамі, назіральнікамі неправамерных апытаньняў грамадзкай думкі, якія датычацца грамадзка-палітычнай сытуацыі ў краіне, выбараў прэзыдэнта Беларусі, без атрыманьня адпаведнай акрэдытацыі маюцца падставы для прыцягненьня іх да адміністрацыйнай адказнасьці паводле арт. 9.28 КаАП», — паведамілі ў Генпракуратуры.

Што адказалі стваральнікі плятформы «Голас»

  • Плятформа зробленая «беларусамі для беларусаў, каб быць упэўненымі ў дакладнасьці і празрыстасьці падліку галасоў». Мэта плятформы — пераканацца ў дакладнасьці афіцыйных вынікаў. «Мы верым, што ў выпадку справядлівых выбараў афіцыйныя зьвесткі і зьвесткі плятформы супадуць».
  • Давер да ЦВК падае, бо камісія «блякуе любыя спробы беларусаў павысіць празрыстасьць выбарчага працэсу: людзей не пускаюць працаваць ва ўчастковых выбарчых камісіях, выдаляюць са сьпісу назіральнікаў, парушаюць нашы правы і тайну галасаваньня, мадыфікуючы выбарчыя кабіны, падрабляюць нашыя подпісы для вылучэньня ў выбарчыя камісіі людзей, якіх мы ня ведаем, ігнаруюць нашыя шматлікія звароты ў адказ на нерэгістрацыю кандыдатаў у прэзыдэнты і многае іншае».
  • Плятформа «не кантралюе волевыяўленьне грамадзянаў, не зьяўляецца „ценевым выбаркамам“, ня дэвальвуе афіцыйных вынікаў выбараў, не парушае закону, не фінансуецца з-за мяжы, не выдае пэрсанальных зьвестак зарэгістраваных карыстальнікаў, не агітуе ні за аднаго з кандыдатаў, не наносіць шкоды выбарнікам, не займаецца правядзеньнем сацапытаньняў і галоўнае — не заклікае да масавых беспарадкаў».
  • Ад карыстальнікаў толькі чакаюць фота таго, які выбар яны ўжо зрабілі, таму «ўплываць на ход галасаваньня сэрвіс ня можа». Плятформа ня можа сказіць вынікі выбараў, бо «ўвесь масіў фатаздымкаў бюлетэняў уносяць самі выбарнікі», і ўсе фота будуць апублікаваныя ў вольным доступе з захаваньнем ананімнасьці.

Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

  • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
  • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
  • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
  • Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
  • 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
  • 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
  • 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
  • Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG