Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Пра колькасьць назіральнікаў пакуль казаць рана», — якія партыі і арганізацыі накіроўваюць назіральнікаў у камісіі


Ілюстрацыйнае фота. Падлік галасоў падчас прэзыдэнцкіх выбараў 2015 году
Ілюстрацыйнае фота. Падлік галасоў падчас прэзыдэнцкіх выбараў 2015 году

Чаму апазыцыйныя палітычныя партыі не вылучаюць сваіх прадстаўнікоў у назіральнікі ў выбарчых камісіях?

УЖЫВУЮ Выбары-2020. Як праходзіць прэзыдэнцкая кампанія падчас пандэміі

ЦВК апублікавала табліцу са зьвесткамі пра назіральнікаў, акрэдытаваных выбарчымі камісіямі. З дакумэнту вынікае, што праўладная КПБ вылучыла 600 назіральнікаў, а БНФ і АГП — толькі па адным. Свабода разьбіралася, чаму так.

З палітычных партый найбольшай актыўнасьцю вызначылася праўладная Камуністычная партыя Беларусі — ад яе акрэдытавана 600 назіральнікаў; на другім месцы Рэспубліканская партыя працы і справядлівасьці — 414 назіральнікаў, на трэцім Лібэральна-дэмакратычная партыя — 67. Па адным назіральніку зарэгістравана ад Аб’яднанай грамадзянскай партыі і Партыі БНФ.

Сярод грамадзкіх арганізацый лідзіруюць афіцыйныя прафсаюзы — 8059 назіральнікаў, БРСМ — 5334 і «Белая Русь» — 4326. Для параўнаньня: ад Беларускага Хэльсынскага камітэту акрэдытавана 47 назіральнікаў.

«Права выбару»: «Мы канцэнтруемся менавіта на ўчастковых камісіях»

Кампанія назіраньня «Права выбару-2020» аб’яднала восем палітычных і грамадзянскіх структур: Беларускі Народны Фронт, Беларускую хрысьціянскую дэмакратыю, Беларускую сацыял-дэмакратычную партыю (Грамаду), рух «За свабоду», Аб’яднаную грамадзянскую партыю, Беларускую партыю «Зялёныя», аргкамітэт Партыі свабоды і прагрэсу, Прафсаюз радыёэлектроннай прамысловасьці (РЭП).

Нацыянальны каардынатар кампаніі «Права выбару-2020» Леў Марголін тлумачыць, што яны ня вельмі намагаліся накіроўваць назіральнікаў у тэрытарыяльныя камісіі, бо тыя мала што вырашаюць.

Леў Марголін
Леў Марголін

«Яны толькі фіксуюць дадзеныя, часьцяком сфальсыфікаваныя дадзеныя, якія прыходзяць з участковых камісій.

Мы канцэнтруемся менавіта на ўчастковых камісіях — там будзе шчыльнае назіраньне. Мы бяром 300–350 участкаў, якія будуць закрытыя на ўсе 6 дзён галасаваньня, сур’ёзна рыхтуем прыкладна 700 назіральнікаў. Яны праходзяць курс навучаньня, выконваюць тэсты. Хто пасьпяхова скончыў — накіроўваем ад партый і арганізацый на ўчасткі.

Будзе яшчэ валянтэрскае назіраньне. Тых, хто далучыцца на сайце, будзем накіроўваць на ўчасткі ў дзень асноўнага галасаваньня. Для іх на сайце разьмяшчаем 7 адукацыйных ролікаў па розных пытаньнях назіраньня, працоўны сшытак, дзе шмат карыснага матэрыялу. Плянуем зрабіць вэбінар для ўсіх ахвотных», — сказаў Леў Марголін.

«Наяўнасьць назіральнікаў больш важная не для палітычных партый, а для саміх кандыдатаў»

Палітоляг Юрась Чавусаў аказаўся тым адзіным сябрам БНФ, які акрэдытаваны назіральнікам у Цэнтральнай выбарчай камісіі. На яго думку, пра колькасьць назіральнікаў пакуль казаць рана. Да таго ж колькасьць назіральнікаў у тэрытарыяльных камісіях ня вельмі важная, бо яны мала што вырашаюць. Важней мець назіральнікаў на выбарчых участках.

Юрась Чавусаў
Юрась Чавусаў

«Назіральнікі на ўчастках будуць адыгрываць ролю ў асноўны дзень галасаваньня 9 жніўня і цягам 5 дзён датэрміновага галасаваньня. Таму зараз пра гэта казаць зарана.

Што тычыцца лічбаў, якія вывесіла ЦВК па стане на 6 ліпеня, па маіх зьвестках, яны могуць адрозьнівацца ад сапраўдных, бо я ведаю, што ў тэрытарыяльных камісіях назіральнікі ад БНФ ёсьць. Я зьяўляюся яшчэ назіральнікам у выбарчай камісіі Фрунзенскага раёну Менску, якая „зарубіла“ 47 тысяч подпісаў за Бабарыку. Статус назіральніка не дае магчымасьці азнаёміцца з праверкай подпісаў, але ты чуеш лічбы з пратаколаў, якія агучваюцца раённымі камісіямі», — кажа Юрась Чавусаў.

На яго думку, наяўнасьць назіральнікаў больш важная не для палітычных партый, а для саміх кандыдатаў.

«Ня ўсе кандыдаты, якія праводзяць кампанію, заклапаціліся гэтым пытаньнем. Я ведаю, што ў штабе Валера Цапкалы больш-менш была наладжаная праца па накіраваньні людзей на сходы раённых камісій па выніках праверкі подпісаў. А вось у Віктара Бабарыкі — не. Бо прадстаўнікі ягонага штабу ў мяне пыталіся пра лічбы ў Фрунзенскім раёне», — кажа Юрась Чавусаў.

Міжнародных назіральнікаў ня будзе, але інфармацыя будзе зьбірацца і акумулявацца

Праблема беларускіх выбараў не ў назіральніках. Назіральнік можа засьведчыць, што выбары не адбываюцца свабодна і справядліва, ён можа засьведчыць, што не адбываецца сумленнага падліку галасоў, дадае Юрась Чавусаў.

«Але сыстэмы паралельнага падліку галасоў на аснове падліку назіральнікаў зроблена быць ня можа. Назіральнікі могуць пабачыць толькі выніковы пратакол», — заўважае палітоляг.

Аднак палітычныя партыі будуць пільна і ўважліва назіраць за выбарамі. Бо міжнародных назіральнікаў ад АБСЭ на выбарах фактычна ня будзе. Таму вялікую надзею спадар Чавусаў мае на падрыхтаваных назіральнікаў зь міжпартыйнай кампаніі «Права выбару», якая распрацавала адзіную мэтадалёгію, мае шматгадовыя традыцыі супольнага назіраньня.

«Інфармацыя будзе зьбірацца і акумулявацца. Гэта вельмі важна і істотна для ацэнкі выбараў. Безумоўна, тое, што адбываецца перад выбарамі — рэпрэсіі, ціск на кандыдатаў — таксама важна. Але само галасаваньне, падлік галасоў — вельмі адказны этап, па якім будзе давацца агульная ацэнка выбараў для міжнароднай супольнасьці», — мяркуе палітоляг Юрась Чавусаў.

Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

  • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
  • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
  • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
  • Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
  • 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
  • 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
  • 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
  • Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG