Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Праваабаронцы накіравалі ў ЦВК прапановы, як забясьпечыць празрыстасьць выбараў


Прапановы аб празрыстасьці выбарчага працэсу былі накіраваныя ў Цэнтравыбаркам ад імя Беларускага Хэльсынскага камітэту.

Зыходзячы з досьведу нацыянальнага і міжнароднага назіраньня, грунтуючыся на ацэнках выніковай справаздачы місіі БДІПЧ АБСЭ, прадстаўнікі кампаніі вылучылі чатыры асноўныя прапановы, якія б маглі істотна падвысіць празрыстасьць выбарчага працэсу ў Беларусі.

1. Адкрыты падлік галасоў з дэманстрацыяй бюлетэняў назіральнікам

Выбарчы кодэкс не вызначае канкрэтны спосаб падліку галасоў, а таксама парадак разьмеркаваньня абавязкаў паміж чальцамі ўчастковых камісій. Гэтыя пытаньні ня ўрэгуляваныя і ў зборы мэтадычных матэрыялаў для ўчастковых камісій.

Кожнаму чальцу раздаецца пэўная колькасьць бюлетэняў, якія адначасова падлічваюцца. Аднак пры такім спосабе сябры камісіі ведаюць толькі лічбы, вызначаныя імі самімі. Належная рэалізацыя ч. 3 арт. 55 Выбарчага кодэксу магчымая толькі ў тым выпадку, калі кожнаму чальцу ўчастковай камісіі дазволена ўдзельнічаць у агульным падліку бюлетэняў, непасрэдна аглядаць кожны зь іх і пазнаку, пастаўленую ў ім выбарнікам.

Згодна са справаздачай місіі БДІПЧ АБСЭ па выніках парлямэнцкіх выбараў 17 лістапада 2019 году, неабходна вызначыць празрыстыя працэдуры падліку галасоў, каб усе назіральнікі маглі пераканацца, што вынікі сумленныя і падлічаныя належным чынам.

Прадстаўнікі кампаніі мяркуюць, што дэманстрацыя кожнага бюлетэня назіральнікам з абвяшчэньнем выніку ўслых стала б сур’ёзным крокам да большай празрыстасьці і надзейнасьці падліку галасоў.

2. Копію пратаколу аб выніках галасаваньня варта завяраць

Выбарчы кодэкс не забараняе назіральніку атрымаць завераную копію пратаколу ўчастковай камісіі аб выніках галасаваньня. На практыцы ў некаторых выпадках выбарчыя камісіі на просьбу назіральнікаў завяраюць пратаколы, у большасьці ж выпадкаў адмаўляюць, спасылаючыся на тое, што не абавязаныя гэтага рабіць.

Прадстаўнікі кампаніі перакананыя: запаўненьне копій пратаколаў дазволіць падвысіць гарантыі празрыстасьці вынікаў галасаваньня. Яны зьвяртаюць увагу, што Канвэнцыя аб стандартах дэмакратычных выбараў, выбарчых правоў і свабодаў у дзяржавах-удзельніцах СНД прадугледжвае, што нацыянальным назіральнікам павінна быць дадзена права атрымліваць завераныя копіі пратаколаў аб выніках галасаваньня.

Замацаваньне гэтага права ў дакумэнтах Цэнтральнай камісіі спрыяла б імплемэнтацыі названых палажэньняў Канвэнцыі СНД.

3. Разьбіўка вынікаў галасаваньня па выбарчых участках

На думку прадстаўнікоў кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары», празрыстасьці выбарчага працэсу спрыяла б таксама публікацыя Цэнтральнай камісіяй вынікаў галасаваньня з разьбіўкай па выбарчых участках.

Гэта адзначалася ў выніковай справаздачы місіі БДІПЧ АБСЭ па назіраньні за парлямэнцкімі выбарамі-2019. З мэтай падвышэньня празрыстасьці і падсправаздачнасьці варта публікаваць вынікі з разьбіўкай па кожным выбарчым участку, пры гэтым такія зьвесткі павінны ўключаць колькасьць зарэгістраваных выбарнікаў, колькасьць галасоў, аддадзеных за кожнага кандыдата, колькасьць галасоў „супраць усіх“, а таксама колькасьць сапраўдных, несапраўдных і сапсаваных бюлетэняў.

4. Зрабіць адкрытымі ўсе не апублікаваныя пастановы ЦВК

На афіцыйным сайце Цэнтравыбаркаму разьмяшчаюцца прынятыя пастановы. Разам з тым, як вынікае з маніторынгу сайту камісіі, у адмысловым разьдзеле адсутнічае шэраг пастановаў, наяўнасьць якіх вынікае з нумарацыі апублікаваных дакумэнтаў.

Прадстаўнікі кампаніі просяць разьмясьціць тэксты «зьніклых» пастановаў або паведаміць, чаму іх немагчыма апублікаваць.

Пералічаныя рэкамэндацыі накіраваныя на ўдасканаленьне выбарчых працэдураў. Іх рэалізацыя не патрабуе ўнясеньня зьменаў і дапаўненьняў у Выбарчы кодэкс, а можа быць зроблена ЦВК у межах сваіх паўнамоцтваў.

Зварот у ЦВК накіраваны ў адпаведнасьці з артыкулам 40 Канстытуцыі Беларусі, у якім адзначана, што кожны мае права накіроўваць асабістыя або калектыўныя звароты ў дзяржаўныя органы.

Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

  • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
  • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
  • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
  • Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
  • 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
  • 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
  • 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
  • Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG