Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кандыдат у прэзыдэнты на выбарах-2010 Дзьмітры Вус падтрымаў сёлетніх «кандыдатаў пратэсту»


Дзьмітры Вус, архіўнае фота
Дзьмітры Вус, архіўнае фота

Дзьмітры Вус, кандыдат у прэзыдэнты на выбарах 2010 году, 31 траўня прыйшоў на пікет на менскай Камароўцы і расказаў Свабодзе, што прыйшоў туды падтрымаць Міколу Статкевіча, а таксама «ўсё жывое, што цяпер адбываецца».

«26 гадоў у нас будуецца рынкавы сацыялізм, — разважаў Дзьмітры Вус. — Перадвыбарчая кампанія Лукашэнкі зводзілася да таго, што 500 даляраў мусіць быць у кожнага працаўніка. За 26 гадоў гэта ня зроблена. Пасьля сельская гаспадарка мусіла быць паднятая — усё разбурана. Насельніцтва на мільён стала менш.

Прыйшоў падтрымаць здаровы сэнс, каб не было гэткага. Рынкавы сацыялізм, які ён будуе, утопіяй атрымліваецца. Трэба рухацца, нешта новае рабіць».

У 1999–2003 гадах Вус быў дэпутатам Менскага гарадзкога савету, балятаваўся зноў у 2003, 2006 і 2010 гадах — сьцьвярджае, што ў 2010-м перамог, але вынікі фальсыфікавалі, таму прыняў «эмацыйнае рашэньне» балятавацца ў прэзыдэнты. Пасьля выбараў 2010 году 7 з 10 кандыдатаў трапілі за краты. Вус быў у зьняволеньні больш за 9 месяцаў.

«Мая асноўная задача была ў 2010 годзе — данесьці да грамадзкай думкі, што выбараў няма. Тады многія людзі яшчэ верылі ў тое, што выбары існуюць, — казаў Вус. — Я думаю, на сёньняшні момант з гэтай задачай я справіўся.

Я прэтэндэнаў усіх падтрымліваю, хто ня пойдзе на выбарчыя ўчасткі. Ціханоўскага і тых, хто заявіць аб тым, што супраць выбараў такіх хлусьлівых, усіх падтрымліваю».

Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

  • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
  • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
  • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
  • Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
  • 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
  • 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
  • 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
  • Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG