Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Сэйме Літвы абмеркавалі адносіны зь Беларусьсю і Каліноўскага


Выданьне Delfi.lt у сваёй публікацыі «Адносіны зь Беларусьсю выклікаюць жарсьць у Сэйме: прагматызм ці здрада інтарэсаў Літвы» прадставіла існуючы спэктар думак у Сэйме.

Прадстаўнікі самых значных палітычных партый краіны падзяліліся меркаваньнямі на актуальныя пытаньні адносінаў зь Беларусьсю. Не ўсе парлямэнтары згодныя з заявамі прэзыдэнта і прэм’ер-міністра краіны наконт далейшага разьвіцьця адносінаў з Беларусьсю і новай перазагрузкі.

За дыялёг

Старшыня сацыял-дэмакратычнай партыі Літвы Гінтаўтас Палуцкас кажа, што разьвіцьцю адносінаў паміж краінамі галоўным чынам замінае будоўля БелАЭС — тым ня менш, паводле яго, не падтрымліваць ніякіх адносінаў з суседзкай краінай было б ненармальна.

«Падтрымліваць дыялёг з суседам гэта нармальна, бо было б абсалютна ненармальна не падтрымліваць ніякіх адносінаў, нягледзячы на геапалітычную сытуацыю, нягледзячы на іншыя, вядома, вельмі важныя рэчы. Усё ж хачу сказаць, што гэтае супрацоўніцтва адбываецца дагэтуль. І дыпляматычныя адносіны ня зрушаны. І эканамічнае супрацоўніцтва дастаткова інтэнсіўнае. І грузы праз Клайпедзкі порт інтэнсіўна транспартуюцца... Без сумненьняў, толькі падчас дыялёгу, размоваў можна выказаць і тую самую крытыку наконт правоў чалавека, абмежаваньня правоў палітычных актывістаў і апазыцыі ў Беларусі. Але без ніякага дыялёгу, наогул без размоў, мы можам бачыць да чаго гэтага прыводзіць: мы бачым Астравецкую АЭС, якая пабудавана і пачне дзейнічаць. Можа быць, калі б мелі больш інтэнсіўныя зносіны, гэтага б не адбылося, але тое здагадкі» — кажа Гінтаўтас Палуцкас.

Лідэр партыі зялёных і сялян Рамунас Карбаўскіс кажа, што падтрымлівае ініцыятыву прэзыдэнта Наўседы, бо паводле яго Беларусь гэта не Расея — яна ня мае імпэрыялістычных аспэктаў у палітыцы.

Старшыня партыі таксама дадаў, што наладжваючы зносіны зь Беларусьсю трэба нагадваць аб прынцыповых пазыцыях Літвы і кажа, што падыход з ізаляцыяй краіны не падтрымліваецца нават у сусьветнай супольнасьці.

За перадачы парэшткаў Каліноўскага

Крыху адрозьніваецца пазыцыя старшыні Зьвязу лібэралаў Літвы — Вікторыі Чмыліце-Нельсэн. Яна кажа, што гэта ўжо не першая спроба знайсьці агульную мову з суседняй краінай — гэта адбываецца кожныя некалькі месяцаў у пачатку тэрміну новага прэзыдэнта. Яна заклікае трымацца прынцыповай пазыцыі наконт БелАЭС і не рабіць у адносінах да Беларусі ніякіх скідак, бо пазыцыя грунтуецца на інтарэсах дзяржавы і грамадзтва.

Тым ня менш, дэпутатка заявіла, што лічыць добрай ідэю перадачы Беларусі парэшткаў лідэра паўстаньня 1863-1864 гадоў Кастуся Каліноўскага.

«Я думаю, што было б вельмі прыемна, калі Каліноўскі, якога лічаць героем і які вельмі важны для іх, будзе перададзены Беларусі. Я б, вядома, пагадзілася», — падкрэсьліла лідэр лібэральнага руху.

Супраць перадачы парэшткаў

Кансэрватары тым часам маюць больш скептычны погляд на пытаньне далейшых адносінаў зь Беларусьсю.

Аўдронюс Ажубаліс кажа, што за сваё жыцьцё ўжо шмат разоў бачыў, як Захад трапляе на тую самую вуду беларускага дыктатара — спачатку ідзе пацяпленьне ў адносінах паміж Беларусьсю і Захадам, зьяўляюцца інвэстыцыі і крэдыты, а потым краіна зноў трапляе пад расейскі ўплыў.

Адзінае што мяняе апошнім часам сытуацыю, дадае спадар Ажубаліс, гэта зьяўленьне БелАЭС на мяжы зь Літвой.

«Я не хачу, каб з прычыны меркаванага пацяпленьня, якога сапраўды ня будзе, мы ахвяравалі б сваёй прынцыповай пазыцыяй і адным з нешматлікіх інструмэнтаў, якія засталіся для нас, каб паспрабаваць замацаваць палітычную волю ЭЗ і паспрабаваць закрыць гэты праект», — заявіў дэпутат.

Палітык таксама крытыкуе ідэю вярнуць парэшткі Каліноўскага ў Беларусі. На яго думку, парэшткі ніхто не раздае так лёгка — павінна быць афіцыйная просьба Беларусі з абавязкам абараняць і шанаваць іх.

«Я заўсёды кажу, што мы можам быць веруючымі ці няверуючымі, але мы павінны захоўваць павагу да тых рэшткаў чалавечага цела ў зямлі, нават калі гэтага чалавека ўжо няма. Яны не павінны стаць прадметам нейкага абмену з надзеяй, што гэтыя парэшткі дапамогуць нешта дэмакратызаваць. Пакуль Лукашэнка там, ніхто ніколі не дапаможа дэмакратызацыі», — падкрэсьліў Ажубаліс

Кошт збліжэньня зь Беларусьсю

Між тым, дэпутат Сэйму і старшыня Партыі свабоды Аўшрыне Армонайце, зьвярнула ўвагу на кошт збліжэньня з Беларусьсю.

«Мне цяжка паверыць, што перагрузка адносін можа быць шчырай зь беларускага боку» — сьцьвярджае палітык.

«У палітычных колах кажуць пра нейкую перагрузку адносінаў зь Беларусьсю. Я лічу, што такая перагрузка можа быць вельмі дарагой, і, перш за ўсё, ня трэба было б адчайвацца і легітымізаваць небясьпечную і зусім непатрэбную для Літвы Астравецкую АЭС, якая знаходзіцца за 50 кілямэтраў ад нас. Па-другое, мы ня можам забыць і закрыць вочы на грубыя парушэньні правоў чалавека ў самой Беларусі. Мы ня можам закрыць вочы на тое, што дагэтуль апазыцыя і апазыцыйныя няўрадавыя арганізацыі павінны працаваць толькі ў падпольлі. Трэцяя рэч — выклікае занепакоенасьць, што Беларусь у вайсковым пляне інтэгравана ў ваенную сыстэму Расейскай Фэдэрацыі», — кажа Армонайце.

Палітык таксама дадала, што ў гэтым кантэксьце прэзыдэнт Наўседа павінен заставацца цьвёрдым і верным прынцыпам Літвы.

Паводле слоў Армонайце, беларускія культуролягі і грамадзкія дзеячы, якія цікавяцца нашай агульнай гісторыяй, могуць быць запрошаныя на цырымонію пахаваньня Кастуся Каліноўскага ў Літве, на могілках Росу.

«Магчыма, мы маглі б запрасіць іх сюды на цырымонію. Я маю на ўвазе не рэжым, а тых прадстаўнікоў тых грамадзкіх рухаў і тых дзеячаў, якія выказалі жаданьне. Мне здаецца, што гэта можна зрабіць. Не хацелася б, каб гэтыя парэшткі, як сымбаль, сталі інструмэнтам і каналам для перазагрузкі адносінаў з рэжымам. Я думаю, што гэта будзе няправільна», — заявіла старшыня Партыі свабоды Аўшрыне Армонайце.

Што важна ведаць пра перапахаваньне Кастуся Каліноўскага

Цырымонія перапахаваньня парэшткаў удзельнікаў антырасейскага паўстаньня 1863-64 гадоў адбылася 22 лістапада на віленскіх могілках Росы.

  • Цягам 2016 году на гары Гедзіміна ў Вільні двойчы здарыліся апоўзьні, паўстала пагроза славутай вежы.
  • У 2017 годзе падчас раскопак на гары Гедзіміна ў Вільні літоўскія археолягі выявілі парэшткі 21 паўстанца, у тым ліку іхніх лідэраў Кастуся Каліноўскага і Зыгмунта Серакоўскага.
  • У сакавіку 2019 году літоўскія дасьледнікі пацьвердзілі ідэнтыфікацыю парэшткаў Каліноўскага мэтадам выключэньня астатніх, а таксама праз супастаўленьне ўзросту, мэтаду сьмяротнага пакараньня і параўнаньня чэрапу з фатаздымкам.
Парэшткі Кастуся Каліноўскага
Парэшткі Кастуся Каліноўскага

  • У ліпені 2019 году для параўнаньня ДНК эксгумавалі магілу брата Кастуся Каліноўскага Віктара ў Сьвіслачы на Горадзеншчыне (у лідэра паўстаньня не засталося нашчадкаў па мужчынскай лініі). Але вынікі экспэртызы дагэтуль не апублікаваныя.
  • Дзяржаўную камісію ў справе перапахаваньня ўзначаліў прэм’ер-міністар Літвы Саўлюс Сквярняліс. Польскія ўлады актыўна супрацоўнічалі ў перамовах пра мэмарыялізацыю, а вось афіцыйны Менск асаблівага зацікаўленьня ня выявіў.
  • Беларуская грамадзкасьць дамаглася таго, каб на кожным надмагільлі апроч надпісаў па-літоўску і па-польску была і беларуская мова.
  • У канцы верасьня шэраг беларускіх інтэлектуалаў зьвярнуліся да літоўскіх уладаў з просьбай перадаць парэшткі аднаго з галоўных нацыянальных герояў для перапахаваньня ў Беларусі. Літоўцы не адрэагавалі, бо не атрымалі афіцыйнага звароту ад беларускіх уладаў.
  • У Вільні перапахаваюць парэшткі 20 з 21 знойдзеных паўстанцаў — навукоўцы ня здолелі ідэнтыфікаваць ксяндза Станіслава Ішору. Ёсьць генэтычныя дадзеныя нашчадкаў, якія жывуць у Літве і Польшчы, але аналіз паказаў, што сярод пахаваных яго няма.

Публікацыі на тэму

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG