Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дэпутат літоўскага Сэйму пра Каліноўскага: «Гэта герой найвышэйшага парадку, і ён застанецца ў Вільні»


Эмануэліс Зінгерыс
Эмануэліс Зінгерыс

Старшыня міжнароднай камісіі Сэйму Літвы, самы дасьведчаны дэпутат з амаль 30-гадовым стажам працы ў парлямэнце Эмануэліс Зінгерыс у гутарцы са Свабодай пракамэнтаваў ініцыятывы магчымай перадачы парэшткаў Кастуся Каліноўскага ў Беларусь.

Спадар Зінгерыс называе «надзвычай важнай гістарычнай падзеяй» тое, што праз гэтулькі часу нарэшце знайшлі ды ідэнтыфікавалі парэшткі паўстанцаў. Штогод Эмануэліс Зінгерыс разам зь першым кіраўніком незалежнай Літвы Вітаўтасам Ландсбергісам бярэ ўдзел ва ўрачыстасьцях, прысьвечаных паўстаньню 1863 году на Лукіскім пляцы ў Вільні, дзе выконвалі сьмяротныя прысуды.

Паводле яго, тагачасны лёзунг «За нашу і вашу свабоду» ня страціў актуальнасьці і сёньня — найперш у Беларусі, на радзіме Кастуся Каліноўскага. І менавіта з гэтай прычыны асабіста ён супраць таго, каб змагар, які ўсё жыцьцё прысьвяціў барацьбе зь несправядлівасьцю, зноў стаў закладнікам прарасейскага рэжыму.

Лёзунг «За нашу і вашу свабоду!» дагэтуль актуальны для Беларусі

— Дзеля справядлівасьці, у Літве, Польшчы ўнёсак Каліноўскага ў нацыянальна-вызвольны рух ацэньваецца ня так, як у Беларусі: нават беларуская афіцыйная гісторыяграфія прызнае ягоныя заслугі. Ці азначае гэта, што, скажам, для літоўскага істэблішмэнту дапушчальная страта «не найважнейшага героя»?

— Дыскусія толькі пачынаецца, вы падключаецеся да яе пачатку... Знаходкі археолягаў, гісторыкаў на гары князя Гедзіміна (самым галоўным месцы ВКЛ і цяперашняй Літвы) парэшткаў апошніх герояў ХІХ стагодзьдзя найвышэйшага рангу, якія ўзначальвалі паўстаньне і супрацьстаялі сатрапам, — проста эпахальная падзея. Дзіўна, што гэтага не адбылося раней; мы больш ведалі пра дзясяткі тысяч прадстаўнікоў асьвечаных колаў Беларусі, Літвы, Польшчы, часткі Ўкраіны, якіх генэрал Мураўёў выслаў у Сібір, чым пра тых, хто ляжаў побач. У гэтым сэнсе Вільня павінна застацца месцам неаспрэчнага знаходжаньня парэшткаў герояў.

Амаль у кожным горадзе Літвы, Польшчы, магчыма і Беларусі, ёсьць вуліцы, названыя ў гонар Каліноўскага. Таму мы лічым яго героем першага шэрагу, а заклік «За нашу і вашу свабоду!» дагэтуль ёсьць актуальным. На жаль, у шэрагу краінаў усталяваліся таталітарныя рэжымы і працягваецца барацьба за дэмакратыю. У тым ліку ў Беларусі.

— Ужо чуюцца прапановы падзяліць Каліноўскага «на мошчы», пахаваўшы часткі ў розных месцах Эўропы, да якіх ён меў дачыненьне. Маўляў, каб нікому не было крыўдна...

— Нягледзячы на тое, што вялікія масы беларусаў удзельнічалі ў грамадзкім паўстаньні супраць паняволеньня, змагаліся за незалежнасьць, роўнасьць і братэрства, менавіта Вільня мусіць стаць месцам апошняга спачыну для тых, хто завершыў тут жыцьцё. Я зь цяжкасьцю магу ўявіць, каб адна частка парэшткаў Каліноўскага паехала ў Менск, другая ў Варшаву, а трэцяя яшчэ кудысьці. Усё ж гэта не рэліквіі сьвятых, якія можна трымаць у храмах па ўсім сьвеце. У нашым выпадку барацьбіт за свабоду мусіць быць годна пахаваны «цалкам».

Паколькі цэнтральным месцам для ВКЛ, куды ўваходзілі землі Беларусі, Літвы, Латвіі, Украіны і якое суіснавала ў адной дзяржаве з Польскім каралеўствам, ёсьць Вільня, не магу назваць здаровай ідэю падзяліцца з усімі роўнымі фрагмэнтамі шанаванага чалавека.

Так, большая частка сялянаў была зь беларускіх родаў (адрозна ад паўстаньня 1831 году, калі шляхта грунтавалася на ідэалах Францускай рэвалюцыі і польска-літоўскай Канстытуцыі 3 траўня 1791 году), але мы павінны дайсьці да агульнага разуменьня: пантэон для вялікіх пакутнікаў і герояў, якія падняліся, каб вызваліць нашыя землі ад расейскага фэадалізму і далучыцца да Заходняй Эўропы, мусіць быць у Вільні. Тыя выступленьні для нас настолькі важныя, што мы думаем пакінуць героя найвышэйшага парадку тут. Ня ведаю, адкуль зьвесткі пра «зацятыя дыскусіі».

Каліноўскі пад сінім сьцягам больш адпавядае ягоным ідэалам

— Значыць, пэрсанальна Вы супраць таго, каб «адрываць» кіраўніка паўстаньня ад сваіх паплечнікаў. Дарэчы, сярод дваццаці аднаго пакаранага сьмерцю на Лукішках толькі трое не паходзяць зь беларускіх земляў, таму лягічна прасіць «вярнуць дадому» амаль што ўсіх...

— Мы разумеем, што тэма вельмі важная для дэмакратычнай грамады Беларусі, канчаткова ня вызваленай з-пад кайданоў дыктатара Лукашэнкі. Разам з тым у дэмакратычнай Вільні мы думаем, што пад сіне-зорным сьцягам парэшткі Каліноўскага, які аддаў жыцьцё за мільёны людзей, што марылі аб вяршэнстве правоў чалавека ў кантэксьце дэклярацыі Францускай рэвалюцыі, будуць больш адпавядаць ягоным ідэалам.

Гэтыя тэрыторыі на інстынктыўным узроўні пачуваліся Заходняй Эўропай, а не «Северо-западным краем». У ВКЛ сотні гадоў адбывалася працэдура наданьня Магдэбурскага права грамадзянам вольных гарадоў, што рэзка кантраставала з самадзяржаўем Маскоўскага княства, а пасьля і Расейскай імпэрыі.

Таму вызваленьне ад гэтай імпэрыі ўспрымаецца як працэс аднаўленьня правоў чалавека. Гіганцкае спазьненьне (у параўнаньні з эўрапейскімі краінамі) вызваленьня ад прыгону сялянаў спрычынілася да таго, што на паход Напалеона ў Польшчы, Літве, Заходняй Беларусі глядзелі, несумненна, пазытыўна. Бо з гэтай арміяй ішло і стаўленьне да свабоды, тоеснае таму, што адбывалася на тэрыторыі нямецкіх княстваў і ў самой Францыі.

— Іншымі словамі, вы лічыце, што душы Каліноўскага ў Літве будзе нашмат камфортней, чым у Беларусі?

— Так ці інакш імя Каліноўскага гучыць на ўзроўні першых зорак — як я ўжо казаў, вуліцы ў ягоны гонар у нас цэнтральныя. На жаль, калі глядзець на моцна прыпозьненую з дэмакратыяй Беларусь і мужных людзей, якія дагэтуль змагаюцца за свабоду сваёй краіны, усё ж больш справядліва, калі Эўразьвяз будзе мець у сваіх межах [парэшткі] чалавека, які быў вугольным каменем для разьвіцьця правоў чалавека ў ХІХ стагодзьдзі. Не сумняваюся, што гэтая прастора цягам усіх гадоў расейскай акупацыі жадала зноў вярнуцца на колы заходнеэўрапейскага існаваньня.

Для нас гэты чалавек ёсьць сьветачам № 1 свайго часу і зьвязаны ня толькі з вызваленьнем беларускага народу, а і з барацьбой усёй польска-літоўскай дзяржавы, якая пасьля Канстытуцыі 3 траўня 1791 году ўвесь час вярталася да ідэі, што гэтая прастора больш прыдатная для таго, што Францыя прапанавала ў 1789 годзе ўсёй Заходняй Эўропе: кожная асоба ёсьць свабоднай.

Перадача парэшткаў магла б стымуляваць дэмакратычны рух

— І ўсё ж ці ёсьць сілы ў літоўскім парлямэнце, у палітычнай сыстэме краіны, якія дамаўляюцца зь беларускім бокам, лабіююць уласныя інтарэсы? Ці можа ісьці «гандаль Каліноўскім» кулюарна, непублічна?

— Вядома, могуць быць людзі, якія думаюць, што знаходжаньне Каліноўскага ў ня вызваленай ад дыктатуры краіне будзе стымулам для дэмакратычнага руху. Калі высока трымаць сьцяг свабоды і правоў чалавека, гэта само па сабе будзе канфрантаваць зь цяперашнім «уладальнікам» Беларусі. То бок у такім сэнсе ствараць для Лукашэнкі некамфартабэльную зону існаваньня. Іншымі словамі, хатнія заданьні па дэмакратыі пастаянна будуць маячыць перад ягонымі вачыма ў выглядзе манумэнта Каліноўскаму — калі, натуральна, рэжым такое дапусьціць.

Такая думка трымаецца на тым, што ў нас ня толькі некалькі дзясяткаў кілямэтраў беларускай мяжы а-ля «жалезная заслона» паміж Усходам і Захадам (на манэр Бэрлінскага муру), дык яшчэ на нашыя галовы прыткнулі побач зь Вільняй атамную станцыю, якой мы ніколькі не давяраем.

Добра разумеем, што за час кіраваньня Лукашэнкі беларускі народ пайшоў па крывой уніз і інтэлігенцыі было б надзвычай важна вярнуць дадому сьветача нацыянальнай гісторыі. Бо ў той час як у Літве захоўваюцца шматлікія рэліквіі, прысьвечаныя вашым дзеячам, у самой Беларусі працэс адваротны: закрываюцца школы на роднай мове, зьнішчаюцца асновы для разьвіцьця культуры і г. д.

— Выглядае, што ў пэўным сэнсе «пад’ёмная сіла» ў выглядзе змагара за свабоду Кастуся Каліноўскага цяпер у руках літоўцаў, так?

— Гэта была б добрая нагода для беларусаў, каб узьняцца духам, нейкім чынам нацыя ўсё ж павінна адбыцца. У тым ліку дзякуючы агульнай памяці пра беспрэцэдэнтнае сваім размахам паўстаньне «нізоў» супраць расейскага самадзяржаўя.

Паўтаруся: мы ўсё гэта разумеем, але я ня думаю, што шкадаваньне аб нерэалізаванай дэмакратыі ў Беларусі мацнейшае, чым разуменьне простай праўды: адрозна ад Менску, Вільня ёсьць эўрапейскім цэнтрам, абароненым каптурамі NATO і Эўразьвязу. І мы ўпэўненыя, што будучы манумэнт кіраўнікам паўстаньня 1863 году тут будзе ў большай бясьпецы, чым калі аддаць яго ў рукі ўлады, якая ўсімі сваімі інстынктамі супрацьлеглая тым праўдам, якія дэкляравалі людзі, што ахвяравалі сваімі жыцьцямі за свабоду і дэмакратыю — у грамадзянскім разуменьні ХІХ стагодзьдзя.

Таму, добра ўсьведамляючы важнасьць гэтай вялікай фігуры і якім бы ён быў стымулам для адважных і рашучых сёньняшніх дэмакратаў у Беларусі, усё ж думаем, што Каліноўскі будзе па-сапраўднаму абаронены ў Вільні, дзе былі зрэалізаваныя ягоныя ідэі і думкі. Чатыры сотні гадоў гэта была сталіца моцнай эўрапейскай дзяржавы, і праз ХІХ стагодзьдзе якраз праходзіла думка аднаўленьня ВКЛ у той форме, якую прапанавала агульная Канстытуцыя 3 траўня.

Блюзьнерства паставіць Каліноўскага і Леніна на адной вуліцы

— Спадар Зінгерыс, за свае крытычныя заявы супраць Лукашэнкі вы даўно неўязны ў Беларусь. Падаецца, пры нібыта пацяпленьні стасункаў Менску і Брусэлю вашая ацэнка далёкая ад аптымізму...

— Так, мяне шмат гадоў да вас не пускаюць, але я заўсёды ўспамінаю адно. Перасякаеш літоўскую мяжу і бачыш гіганцкую колькасьць помнікаў забойцам беларускага ды іншых народаў! Ленін, Дзяржынскі, Калінін, чорт нагу зламае!

На мяжы ў Друскеніках ёсьць парк такіх стодзіваў, мы іх туды пазвозілі з усёй Літвы. Там можна купіць сасіску за пару цэнтаў, узяць кантовую шклянку, квадратны савецкі хлеб. Гіганцкая плынь турыстаў з усяго сьвету, якія прыяжджаюць паглядзець на крывавых забойцаў-бальшавікоў. А зрабіць пару крокаў у бок Беларусі — і гэтыя ідалы тысячамі стаяць на пастамэнтах, ля іх ускладаюць кветкі! І, прабачце, побач з гэтымі людажэрамі пакласьці свабоднага чалавека Каліноўскага?

Пакуль прастора ня будзе зачышчаная на ўзор Украіны ад балванаў-камуністаў, якія зьнішчылі ўсю інтэлігенцыю Беларусі, суседзтва выглядае блюзьнерствам! Прабачце за эмацыйнасьць, я разумею, што не беларускія дэмакраты ў гэтым вінаватыя, мы якраз на іхным баку. Аднак Каліноўскі і Ленін? Як можна мець прадстаўнікоў пекла і вышэйшага сьвету на адной вуліцы?

На жаль, вельмі зацягнуўся паноптыкум неачышчанай гісторыі Беларусі. Украінцы хоць са спазьненьнем, але ўзяліся за сымбалі жахлівага кастрычніцкага перавароту. Неверагодна, што забойцаў дагэтуль шануюць у Беларусі...

— Беларусь, мяркуючы з вашых высновах, безнадзейна адстала ня толькі ад старых дэмакратыяў, а і ад маладзейшых таксама? Ад Літвы ў тым ліку...

— Уся барацьба ХІХ і пачатку ХХ стагодзьдзяў фактычна зводзіцца да аднаго — змаганьня за свабоду. І ў гэтым сэнсе на тэрыторыях, якія больш-менш утрымаліся — Польшча, Літва, Латвія, Эстонія, Фінляндыя, а цяпер, думаю, і Ўкраіна — мы маем права, каб нашыя землі былі месцам успаміну пра герояў, якія аддалі свае жыцьці за нашу і вашу свабоду.

Наш народ вельмі добра разумее значнасьць Каліноўскага і за што ён загінуў. Гэта для нас вельмі сучасна, гэта не ХІХ стагодзьдзе. Таму тут, у межах Эўразьвязу, дзе ўсё ж дзейнічае дэмакратыя, свабодны парлямэнт і кожныя чатыры гады выбіраюць іншых лідэраў, а не адныя і тыя ж сядзяць дзясяткамі гадоў, мы маем права быць цэнтрам ушанаваньня тых, хто змагаўся за свабоду і дэмакратыю, якія мы ў рамках магчымага ўрэшце стварылі. І Вільня сёньня — вольны горад, у якім дзясяткі палітычных уцекачоў зь Беларусі маюць змогу свабодна выступаць, хадзіць пад бел-чырвона-белымі сьцягамі. Усё тое, што немагчыма ў іх на радзіме...

Што важна ведаць пра перапахаваньне Кастуся Каліноўскага

Цырымонія перапахаваньня парэшткаў удзельнікаў антырасейскага паўстаньня 1863-64 гадоў адбылася 22 лістапада на віленскіх могілках Росы.

  • Цягам 2016 году на гары Гедзіміна ў Вільні двойчы здарыліся апоўзьні, паўстала пагроза славутай вежы.
  • У 2017 годзе падчас раскопак на гары Гедзіміна ў Вільні літоўскія археолягі выявілі парэшткі 21 паўстанца, у тым ліку іхніх лідэраў Кастуся Каліноўскага і Зыгмунта Серакоўскага.
  • У сакавіку 2019 году літоўскія дасьледнікі пацьвердзілі ідэнтыфікацыю парэшткаў Каліноўскага мэтадам выключэньня астатніх, а таксама праз супастаўленьне ўзросту, мэтаду сьмяротнага пакараньня і параўнаньня чэрапу з фатаздымкам.
Парэшткі Кастуся Каліноўскага
Парэшткі Кастуся Каліноўскага

  • У ліпені 2019 году для параўнаньня ДНК эксгумавалі магілу брата Кастуся Каліноўскага Віктара ў Сьвіслачы на Горадзеншчыне (у лідэра паўстаньня не засталося нашчадкаў па мужчынскай лініі). Але вынікі экспэртызы дагэтуль не апублікаваныя.
  • Дзяржаўную камісію ў справе перапахаваньня ўзначаліў прэм’ер-міністар Літвы Саўлюс Сквярняліс. Польскія ўлады актыўна супрацоўнічалі ў перамовах пра мэмарыялізацыю, а вось афіцыйны Менск асаблівага зацікаўленьня ня выявіў.
  • Беларуская грамадзкасьць дамаглася таго, каб на кожным надмагільлі апроч надпісаў па-літоўску і па-польску была і беларуская мова.
  • У канцы верасьня шэраг беларускіх інтэлектуалаў зьвярнуліся да літоўскіх уладаў з просьбай перадаць парэшткі аднаго з галоўных нацыянальных герояў для перапахаваньня ў Беларусі. Літоўцы не адрэагавалі, бо не атрымалі афіцыйнага звароту ад беларускіх уладаў.
  • У Вільні перапахаваюць парэшткі 20 з 21 знойдзеных паўстанцаў — навукоўцы ня здолелі ідэнтыфікаваць ксяндза Станіслава Ішору. Ёсьць генэтычныя дадзеныя нашчадкаў, якія жывуць у Літве і Польшчы, але аналіз паказаў, што сярод пахаваных яго няма.

Публікацыі на тэму

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG