Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Патрыярх Філарэт абвясьціў аб аднаўленьні Ўкраінскай праваслаўнай царквы Кіеўскага патрыярхату


Заснавальнік Украінскай праваслаўнай царквы Кіеўскага патрыярхату патрыярх Філарэт (Дзенісенка) паведаміў, што такое рашэньне прыняў скліканы ім у Кіеве царкоўны сабор.

Што вырашылі на саборы

Удзельнікі сабору заявілі, што не прызнаюць аб’яднаўчы сабор украінскіх цэркваў, які прайшоў у сьнежні 2018 году і ўказ аб стварэньні адзінай Праваслаўнай царквы Украіны. Пра гэта піша Ўкраінская праўда.

Філарэт і яго прыхільнікі лічаць, што Томас аб прызнаньні аўтакефаліі (незалежнасьці) аб’яднанай Праваслаўнай царквы Ўкраіны «ставіць УПЦ у залежнасьць ад Канстантынопальскага патрыярхату».

Напярэдадні зьезду Філарэт заявіў Украінскаму радыё, што УПЦ прызнаецца толькі адной буйной праваслаўнай царквой, а значыць, ня можа лічыцца цалкам кананічнаю. У пастанове сабору таксама гаворыцца, што УПЦ КП прэтэндуе на ўсю маёмасьць, якая належала ёй да аб’яднаньня, паведамляе агенцтва УНІАН.

Рэакцыя ПЦУ

У Праваслаўнай царкве Ўкраіны праведзены Філарэтам сабор не прызналі.

На пасяджэньні Сыноду ў наступны панядзелак 24 чэрвеня ПЦУ можа канстатаваць, што Філарэт выйшаў з Царквы і такім чынам прызнаць царкоўны раскол. У ПЦУ у Філарэта ёсьць тытул Ганаровага патрыярха.

Хто такі Філарэт Дзенісенка

Філарэт — галоўны ідэоляг стварэньня незалежнай украінскай царквы. Царкоўнай незалежнасьці Ўкраіна запатрабавала адначасова з абвяшчэньнем незалежнасьці дзяржавы. У 1990 памёр кіраўнік РПЦ патрыярх Пімен (Ізьвекаў). Філарэт разглядаўся як яго верагодны пераемнік і быў прызначаны на пасаду патрыяршага Месцазахавальніка. Аднак ён прайграў выбары патрыярха — больш за яго галасоў набралі мітрапаліты Аляксій (які і стаў у выніку патрыярхам Аляксіем II) і мітрапаліт Уладзімір (які ўзначаліў пазьней Украінскую праваслаўную царкву).

Філарэт быў абраны кіраўніком створанай у рамках Рускай праваслаўнай царквы Украінскай праваслаўнай царквы. Пасьля атрыманьня Украінай незалежнасьці УПЦ запатрабавала аўтакефаліі, аднак пазьней вялікая частка япіскапаў адклікала свае подпісы пад патрабаваньнем аб незалежнасьці.

Раскол 1992 году

У 1992 годзе частка сьвятароў і парафій, якія належалі да Украінскай праваслаўнай царквы, абвясьцілі незалежнасьць ад Расейскай праваслаўнай царквы.

З таго моманту ва Ўкраіне існавала прызнаная іншымі цэрквамі сьвету УПЦ Маскоўскага патрыярхату, якой належала большасьць парафій, і дзьве буйныя, ня прызнаныя іншымі цэрквамі, праваслаўныя царквы — Украінская аўтакефальная царква, якая адлічвае сваю гісторыю з 1919 году і якую ўзначальваў мітрапаліт Макарый (Малеціч) і УПЦ Кіеўскага патрыярхату, якую ўзначальваў патрыярх Філарэт.

Пасьля стварэньня ПЦУ

Пасьля аб’яднаньня некананічных украінскіх цэркваў Філарэт страціў уладу над новай аб’яднанай царквой

Яго тытул Ганаровага патрыярха зьяўляецца некананічным. Кіраўніком Праваслаўнай царквы Ўкраіны стаў яго стаўленік, мітрапаліт Эпіфаній (Думенка). Пры гэтым яго абраньне ледзь не сарвалася.

Як пісала Ўкраінская праўда, спачатку яго не ўдалося зрабіць адзіным кандыдатам на пасаду кіраўніка новай царквы, затым яго канкурэнт на выбарах мітрапаліт Міхаіл (Зінкевіч) набраў занадта шмат галасоў у першым туры. Паводле крыніцы выданьня, пасьля набору мітрапалітам Міхаілам вялікай колькасьці галасоў Філарэт паабяцаў сысьці з сабору. Каб не ствараць канфлікту, прэзыдэнт Парашэнка ўгаварыў Міхаіла зьняць сваю кандыдатуру.

Прэтэнзіі Філарэта

Філарэт сьцьвярджае, што абраньне Эпіфанія стала магчымым, таму што Філарэту было абяцана захаваньне ўлады ў царкве. Аднак гэтае абяцаньне было парушана.

Незалежная ўкраінская царква існуе паўгода, але яе не прызнаюць іншыя цэрквы

Канстантынопальская праваслаўная царква — пакуль што адзіная, якая прызнае ПЦУ. Астатнія наўпрост ці ўскосна пазьбягаюць прызнаньня. Найбуйнейшай царквой ва Ўкраіне па-ранейшаму застаецца Расейская праваслаўная царква Маскоўскага патрыярхату. Яна не прызнавала УПЦ КП і не прызнае ПЦУ.

Што такое томас і аўтакефалія — тлумачым папулярна

6 студзеня 2019 году ў Стамбуле Ўсяленскі патрыярх Варфаламей уручыў томас аб аўтакефаліі кіраўніку Праваслаўнай царквы Ўкраіны мітрапаліту Кіеўскаму і ўсяе Ўкраіны Эпіфанію.

Што гэта азначае

  • Томас (грэц. τόμος) — указ кіраўніка памеснай праваслаўнай царквы ў важных пытаньнях царкоўнага ўладкаваньня або веравучэньня.
  • Аўтакефалія (ст.грэц. αὐτοκεφαλία) — самастойнасьць памеснай царквы, адміністрацыйна незалежнай ад іншых праваслаўных цэркваў, але адзінай зь імі кананічна.

Найноўшая перадгісторыя

  • У красавіку 2018 году прэзыдэнт Украіны Пятро Парашэнка зьвярнуўся да Варфаламея з просьбай выдаць томас аб аўтакефаліі царквы ва Ўкраіне і абвясьціў аб намеры стварыць «адзіную памесную царкву». Вярхоўная Рада зварот прэзыдэнта падтрымала.
  • 10 верасьня 2018 году патрыярх Варфаламей накіраваў у Кіеў двух экзархаў, якія меліся падрыхтаваць глебу для стварэньня аўтакефальнай царквы.
  • 11 кастрычніка сынод Канстантынопальскага патрыярхату ў Стамбуле пазбавіў юрыдычнай сілы свой указ ад 1686 году аб перадачы Кіеўскай мітраполіі Маскве, абвясьціў аб стварэньні свайго падвор’я ў Кіеве і рэабілітаваў лідэраў раней непрызнаных Украінскай праваслаўнай царквы (Кіеўскага патрыярхату) і Ўкраінскай аўтакефальнай праваслаўнай царквы.
  • 15 сьнежня 2018 году аб’яднаўчы сабор трох праваслаўных цэркваў Украіны абвясьціў аб стварэньні адзінай памеснай праваслаўнай царквы. Яе ў сане мітрапаліта Кіеўскага і ўсяе Ўкраіны ўзначаліў мітрапаліт Пераяслаўскі і Белацаркоўскі Эпіфаній (Думенка).

Рэакцыя Масквы

  • Маскоўскі патрыярхат рэзка адмоўна паставіўся да захадаў Канстантынопальскага патрыярха ў справе стварэньня адзінай памеснай царквы Ўкраіны, разарваў з Канстантынопалем эўхарыстычныя дачыненьні і зьвярнуўся да кіраўнікоў іншых праваслаўных цэркваў сьвету з заклікам не ўступаць у зносіны з створанай ва Ўкраіне новай праваслаўнай царквой.
  • Да пазыцыі патрыярха Маскоўскага і ўсяе Русі Кірыла далучыўся і беларускі экзархат РПЦ. Сынод экзархату выступіў з адпаведнай заявай.
  • 2 лістапада 2018 году прадстаўнік Канстантынопальскага патрыярха пры Сусьветнай радзе цэркваў архіяпіскап Ёў (Геча) заявіў, што не выключае магчымасьці наданьня аўтакефаліі царкве ў Беларусі — калі папросяць царква і дзяржава.

Становішча ў сусьветным праваслаўі

Да наданьня аўтакефаліі Праваслаўнай царкве Ўкраіны ў сьвеце было 14 прызнаных аўтакефальных цэркваў. Паводле праваслаўнага Дыптыху, яны разьмяшчаюцца ў наступнай герархіі:

  • Канстантынопальская (больш як 2 млн чалавек)
  • Александрыйская (больш як 6,5 млн чалавек)
  • Антыяхійская (1 млн 370 тыс. чалавек)
  • Ерусалімская (130 тыс. чалавек)
  • Руская (найбуйнейшая, каля 130 млн чалавек)
  • Грузінская (4 млн чалавек)
  • Сэрбская (10 млн чалавек)
  • Румынская (16 млн чалавек)
  • Баўгарская (8 млн чалавек)
  • Кіпрская (420 тыс. чалавек)
  • Элядзкая (8 млн чалавек)
  • Альбанская (700 тыс. чалавек)
  • Польская (500 тыс. чалавек)
  • Чэскіх земляў і Славаччыны (150 тыс. чалавек)

Прыклады наданьня томасаў:

  • 1686 год — Канстантынопальскі патрыярх Дыянісі IV выдаў томас аб перадачы Кіеўскай мітраполіі Маскоўскай патрыярхіі (11 кастрычніка 2018 году сынод Канстантынопальскага патрыярхату скасаваў гэтае рашэньне).
  • 1923 год — патрыярх Канстантынопальскі Мялеці IV выдаў томас аб аўтаноміі Эстонскай праваслаўнай царквы і прыняў яе ў сваю юрысдыкцыю.
  • 1924 год — патрыярх Канстантынопальскі Грыгор VII падпісаў томас аб наданьні аўтакефаліі Праваслаўнай царкве ў Польшчы (Заходняя Беларусь і Заходняя Ўкраіна).
  • 1994 год — патрыярх Маскоўскі Аляксій II выдаў томас аб наданьні Малдаўскай праваслаўнай царкве аўтаноміі.
  • 1998 год — патрыярх Канстантынопальскі Варфаламей выдаў томас аб аўтакефаліі Праваслаўнай царквы Чэскіх земляў і Славаччыны.

Што важна ведаць пра раскол праваслаўных цэркваў

Патрыярх Кірыл прыляцеў у Менск 13 кастрычніка, каб правесьці 15 кастрычніка сынод Расейскай праваслаўнай царквы. Па выніках сыноду РПЦ спыніла эўхарыстычную лучнасьць з Канстантынопалем.

  • ​Вернікам РПЦ забаронена маліцца ў турэцкіх Стамбуле і Анталіі, грэцкіх Крыце, Родасе, астравах архіпэлягу Дадэканэс, а таксама ў манастырах на грэцкім Афоне.
  • «Раскол» тычыцца і беларускіх вернікаў РПЦ. Але, як тлумачыла Свабодзе тэоляг Натальля Васілевіч, кожны вернік сам можа вырашыць, як ставіцца да рашэньня РПЦ.
  • За адмову трымацца рашэньня Сыноду РПЦ духавенству пагражае звальненьне з пасады, часовая або пажыцьцёвая забарона служыць, пазбаўленьне сану і адлучэньне ад царквы.
  • 13 кастрычніка ля сабора Сьвятога Духа патрыярха Кірыла сустракалі хлебам з сольлю, але ён прайшоў міма. Звычайныя вернікі глядзелі набажэнства на экране.
Патрыярх Кірыл у Менску, 13 кастрычніка
Патрыярх Кірыл у Менску, 13 кастрычніка
  • Гэта скрытыкаваў у сваім фэйсбуку сьвятар менскага прыходу Аляксандар Шрамко. 16 кастрычніка сьвятара звольнілі зь менскай эпархіі за крытыку патрыярха. ​
  • Кірыл заявіў, што Беларусь — асаблівая частка Русі, а Белай яе назвалі, мабыць, таму, што яна ніколі не падпадала «пад залежнасьць іншаземных і іншаверных урадаў». Што трэба разумець пад словам «Русь», герарх не патлумачыў.
  • На фоне візыту расейскі дыякан Андрэй Кураеў заўважыў, што скасаваньне Канстантынопалем патрыяршай граматы 1686 году аб пераходзе Кіеўскай мітраполіі пад Маскву тычыцца як Украіны, так і Беларусі. Бо тады, у XVII ст., да Кіеўскай мітраполіі належала і беларуская тэрыторыя.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG