Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міністэрства здароўя патлумачыла выкарыстаньне незарэгістраванай вакцыны «надзвычайнай сытуацыяй». ВІДЭА

абноўлена

Праз два дні пасьля публікацыяў аб тым, што вакцына для немаўлят карэйскай вытворчасьці «Эўпэнта» не зарэгістраваная ў Беларусі, Міністэрства аховы здароўя паклікала журналістаў, каб выказаць сваю пазыцыю. Вакцына была закупленая «з мэтай папярэджаньня надзвычайнай сытуацыі і успышак інфэкцыйных захворваньняў».

Людміла Лёгкая
Людміла Лёгкая

​Начальніца аддзелу мэдычнай дапамогі маці і дзецям Міністэрства аховы здароўя Людміла Лёгкая заявіла, што камісія прыйшла да высновы, што прычынаю сьмерці дзіцяці з Ганцавіцкага раёну была анафіляксія (алергічная рэакцыя).

«Працэс імгненны, — тлумачыла Лёгкая. — Летальны вынік быў непазьбежны».

Міністэрства аховы здароўя выказвае спачуваньні бацькам, дадала яна.

Па выніках расьсьледаваньня прэтэнзіяў да вакцыны не было, яна ўведзена правільна, парушэньняў тэмпэратурнага рэжыму пры захаваньні і перавозцы не было, заявіла чыноўніца.

Поствакцынальныя ўскладненьні, кажа Лёгкая, узьнікаюць даволі рэдка: ад 1 выпадку на 50 тысячаў да аднаго на мільён. Дый ніводная вакцына не бывае цалкам бясьпечнай. Кожны выпадак ускладненьня сур’ёзна аналізуецца, кантроль у дзяржаве строгі, сьцьвярджае чыноўніца.

«Антывакцынальная кампанія». Мінздароўя зьняпраўджвае зьвесткі ў СМІ пра вакцыны

Аксана Раманава
Аксана Раманава

Паводле Аксаны Раманавай, загадчыцы катэдры інфэкцыйных хваробаў Беларускай мэдычнай акадэміі пасьлядыплёмнай адукацыі, у «некаторых публікацыях» разьлік колькасьці вакцынаў «не адпавядае рэчаіснасьці».

«Трэба браць колькасьць дзяцей, памнажаць на тры вакцынацыі, — сказала яна. — Колькасьць народжаных дзяцей у публікацыях скажоная. Журналісты павінны задумацца».

Іна Карабан і Батыр Бердыклычаў
Іна Карабан і Батыр Бердыклычаў

Прадстаўнікі Міністэрства аховы здароўя адзначаюць патрэбу прышчэпак, у тым ліку таму што «кохлік узьняў галаву», фіксуюцца выпадкі гемафільных інфэкцыяў, калі дзіця не было прышчэпленае. А таксама кажуць, што ва ўсіх краінах ёсьць свой нацыянальны каляндар прышчэпак.

Іна Карабан, намесьніца начальніка аддзелу гігіены, эпідэміялёгіі і прафіляктыкі Міністэрства здароўя, заявіла пра няправільнае асьвятленьне праблемы ў СМІ, праз публікацыі якіх «разьвілася антывакцынальная кампанія».

Расейцы пастаўлялі бракаваныя вакцыны, магла ўзьнікнуць «надзвычайная сытуацыя»

Людміла Равуцкая
Людміла Равуцкая

Начальніца ўпраўленьня фармацэўтычнай інспэкцыі і арганізацыі лекавага забесьпячэньня Людміла Равуцкая распавяла, як у 2017 годзе ўзьніклі праблемы з АКДС-вакцынай — узьнікла «надзвычайная сытуацыя», у якой законна выкарыстоўваць незарэгістраваныя вакцыны.

«Была пастаўленая бракаваная вакцына, мы занепакоіліся, — расказвае Равуцкая. — У студзені 2017 году была забракаваная вернутая назад чарговая партыя. У красавіку падпісаны кантракт, але толькі са сьнежня 2017 году. Тэрміны вакцынацыі зрываліся. Але наступная партыя вакцыны таксама была прызнаная няякаснай і вернутая расейскаму пастаўніку. На прапанову расейскага вытворцы быў арганізаваны выезд у Маскву на прадпрыемства. У канцы студзеня вакцына была пастаўленая ў Беларусь.

​Адначасова міністэрства пачала шукаць, як паставіць у кароткі тэрмін альтэрнатыўныя партыі вакцыны. У лістападзе 2017 году было прынятае рашэньне закупіць „Эўпэнту“ з Паўднёвай Карэі — 200 тысяч дозаў. Зрыў паставак мог бы прывесьці да сур'ёзных наступстваў».

Сяргей Марчанка
Сяргей Марчанка

​Прадстаўнік Цэнтру экспэртызаў і дасьледаваньняў Сяргей Марчанка пацьвердзіў, што вакцына сапраўды незарэгістраваная, але была выкарыстаная ва ўмовах «надзвычайнай сытуацыі». Ён спаслаўся на 23 артыкул закону «Аб лекавых сродках».

Паводле яго, сэртыфікат быў выпісаны рэгулятарным органам Карэі. Марчанка кажа, што ў Карэі вакцына зарэгістраваная, быў сэртыфікат якасьці, гэты вытворца прысутнічае на беларускім рынку з 1999 году. Якасьць і досьвед выкарыстаньня прадукцыі карэйскай кампаніі ў Міністэрства здароўя быў, кажа Марчанка.

Прадстаўнік Усясьветнай арганізацыі здароўя ў Беларусі Батыр Бердыклычаў заявіў, што «Эўпэнта» зарэгістраваная ў Паўднёвай Карэі, з краінаў СНД ва Ўзбэкістане, а таксама ў Шры-Лянцы, Эфіёпіі, Сырыі, Банглядэшы і іншых краінах.

Скандал з карэйскай вакцынай у Беларусі. Што важна ведаць

  • 13 жніўня ў Ганцавіцкім раёне двухмесячны хлопчык памёр пасьля прышчэпкі. 14 жніўня дзяўчынка такога ж узросту трапіла ў рэанімацыю пасьля плянавай прышчэпкі. Пазьней стала вядома, што ў траўні пасьля прышчэпкі «Эўпэнты» памерла чатырохмесячная дзяўчынка.
  • Вакцыны бароняць ад шматлікіх вірусаў. Пра некаторыя інфэкцыйныя хваробы забыліся толькі таму, што ёсьць прышчэпкі. Калі перастаць прышчапляцца, інфэкцыі досыць хутка вяртаюцца.
  • Аднак у мэдыцыне зрэдку, кажуць спэцыялісты, здараюцца такія трагедыі, як у Ганцавічах, калі мае месца індывідуальная рэакцыя, не зьвязаная зь якасьцю прэпарату.
  • На пэрыяд расьсьледаваньня выкарыстаньне ў Беларусі імунабіялягічных сродкаў «Эўпэнта» той сэрыі, прышчэпкі зь якой былі ўведзеныя пацярпелым дзецям, прыпынілі. Карэйскую вакцыну «Эўпэнта» Мінздароўя закупіла замест расейскай АКДС у 2017 годзе.
  • Часопіс «Ежедневник» апублікаваў расьсьледаваньне ў дзьвюх частках, у якім сьцьвярджае, што вакцына незарэгістраваная ў Беларусі і не праходзіла праверак у краіне. Цэнтар экспэртызаў і выпрабаваньняў у ахове здароўя пацьвердзіў гэта Свабодзе.
  • З нагоды публікацыяў «Ежедневника» Мінздароўя зьвярнулася ў пракуратуру. Сьледчы камітэт тым часам правярае парадак закупкі, якасьць і сэртыфікацыю вакцыны, як таго ў пэтыцыі патрабавалі дзьве тысячы беларусаў.
  • 10% лекавых сродкаў трапляюць у Беларусь без рэгістрацыі.
  • Мінздароўя палічыла дастатковым тое, што вакцына прайшла праверку якасьці Ўсясьветнай арганізацыяй здароўя. Аднак, згодна зь беларускім заканадаўствам, гэтага не дастаткова для выкарыстаньня яе ў краіне ў штатаных сытуацыях. 29 жніўня Мінздароўя патлумачыла выкарыстаньне вакцыны «надзвычайнай сытуацыяй».
  • Пасьля трагедыі ў Ганцавіцкім раёне і скандал з вакцынай сям’я зь Менску расказала пра сьмерць дачкі, якой таксама ўвялі карэйскую вакцыну «Эўпэнта».
  • Усё гэта адбываецца на тле карупцыйнай «справы лекараў», у якой падазраванымі ў хабарах на сотні тысячаў даляраў праходзяць кіраўнікі шматлікіх мэдычных установаў Беларусі і чыноўнікі Міндзароўя.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG