Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ператрусы і затрыманьні ў кампаніях Tut.by і БелаПАН

абноўлена

Будынак, дзе месьціцца офіс кампаніі Tut.by
Будынак, дзе месьціцца офіс кампаніі Tut.by

Як паведаміў Свабодзе заснавальнік інтэрнэт-парталу Tut.by Юры Зісер, з 7-й раніцы доступ у офіс кампаніі закрыты, сьледчыя праводзяць ператрус.

Сьледчымі дзеяньнямі заблякаваныя рэдакцыйныя памяшканьні і бухгальтэрыя Tut.by. Ператрус праводзіць Сьледчы камітэт.

Сьледчы камітэт распачаў крымінальную справу паводле ч. 2 арт. 349 Крымінальнага кодэксу Рэспублікі Беларусь («Несанкцыянаваны доступ да кампутарнай інфармацыі, зроблены зь іншай асабістай зацікаўленасьці, які пацягнуў прычыненьне істотнай шкоды»).

Да названай супрацьпраўнай дзейнасьці датычныя службовыя асобы выдавецкага дому «Беларуская навука», ЗАТ «БелаПАН», ТАА «Тутбай Мэдыя».

Каля офісу інфармацыйнага агенцтва БелаПАН
Каля офісу інфармацыйнага агенцтва БелаПАН

Паводле Сьледчага камітэту, па падазрэньні ў зьдзяйсьнені злачынства затрыманыя рэдактары парталу Tut.by Марына Золатава і Ганна Калтыгіна, а таксама супрацоўніца інфармацыйнага агенцтва БелаПАН Тацяна Каравянкова. Расьсьледаваньне працягваецца.

Рэдактарка БелаПАН: Сьледчыя выкарыстоўваюць БелТА у сваіх мэтах

З затрыманымі няма сувязі. Дома ў іх праходзяць ператрусы.

Як стала вядома Свабодзе, супрацоўнікі праваахоўных органаў забралі на допыт таксама рэдактарак парталу Tut.by Ульляну Бабаед і Галіну Ўласік.

Дырэктар БелаПАН Алесь Ліпай на тэлефанаваньні не адказвае.

Офіс кампаніі Tut.by
Офіс кампаніі Tut.by

У СК растлумачылі, што падставай для завядзеньня крымінальнай справы паслужыла паведамленьне рэспубліканскага ўнітарнага прадпрыемства БелТА аб збоях пры ажыцьцяўленьні доступаў да платнай падпіскі паслуг, якія даваліся названым прадпрыемствам аднаму зь ягоных заказчыкаў.

«На працягу двух гадоў (2017-2018 гг.) бязь ведама і згоды рэспубліканскага ўнітарнага прадпрыемства зьдзейсьнена больш за 15 тысяч несанкцыянаваных падключэньняў да інфармацыі, якая захоўваецца ў кампутарнай сыстэме прадпрыемства», — заявілі ў СК.

У выніку РУП «БелТА» нанесеная істотная шкода, які выявілася ў неправамерным завалоданьні і выкарыстаньні абароненай ад староньняга доступу інфармацыі, а таксама падрыве дзелавой рэпутацыі прадпрыемства.

Падпіска на БелТА, за парушэньне правіл якой затрымалі 5 журналістак, каштуе 612 рублёў на месяц

10.00 Абноўлена. У гандлёвым цэнтры Omega Tower каля станцыі мэтро Міхалова (па праспэкце Дзяржынскага, 57 у Менску) кампанія Tut.by займае тры паверхі. 9-ы паверх, дзе месьціцца рэдакцыя і бухгальтэрыя, цалкам закрыты. Таксама сьледчыя не пускаюць на 8-ы паверх, дзе разьмешчаны hoster.by. Доступ на 10-ы паверх не абмежаваны, але там у офісе таксама працуюць сьледчыя. Карэспандэнту Свабоды паведамілі, што сьледчыя дзеяньні скончацца да абеду.

Ператрус у кампаніі БелаПАН
Ператрус у кампаніі БелаПАН

10.10. У кіраўніцтве дзяржаўнага інфармацыйнага агенцтва БелТА пакуль адмаўляюцца ад камэнтароў сытуацыі, зьвязанай з крымінальнымі справамі за несакцыянаваны доступ да іх падпіснога сэрвісу.

10.25. Дырэктар БелТА Ірына Акуловіч патлумачыла «Нашай Ніве», што стала прычынай здарэньня:

«Гаворка ідзе пра элемэнтарны крадзеж і несанкцыянаваны доступ. У БелТА ёсьць падпіска на інфармацыйную стужку — людзі плоцяць за яе грошы і першымі атрымліваюць інфармацыю, якой яшчэ няма на сайце. Названыя вамі асобы [Золатава, Калтыгіна, Каравянкова — Рэд.] грошай не плацілі, але пад чужымі паролямі падключаліся да гэтай стужкі і выкарыстоўвалі гэтую інфармацыю, вось і ўсё».

АМАП праходзіць каля журналістаў БелаПАН, якія сядзяць на тратуары каля сваёй рэдакцыі
АМАП праходзіць каля журналістаў БелаПАН, якія сядзяць на тратуары каля сваёй рэдакцыі

10.30. Адбываецца ператрус у журналісткі БелаПАН Тацяны Каравянковай у Жодзішках. Там цяпер знаходзіцца Каравянкова і яе маці.

10.35 Сьледчыя замінаюць працы кампаніі hoster.by, якая знаходзіцца ў тым жа будынку што і Tut.by.

10.35 Заснавальнік інтэрнэт-парталу Tut.by ​Юры Зісер прыехаў у офіс Tut.by, сьледчыя пусьцілі яго ў рэдакцыю.

Юры Зісер (зьлева) у будынку, дзе знаходзіцца офіс Tut.by
Юры Зісер (зьлева) у будынку, дзе знаходзіцца офіс Tut.by

Паводле яго, вымаюць вінчэстэры некалькіх супрацоўнікаў. З Марынай Золатавай ён ня можа зьвязацца. Яе тэлефон адключаны. Мяркуе, што яе цяпер дапытваюць. Ён ня думае, што прычына ператрусу — платная падпіска на навіны БелТА. Зісер бкдзе чакаць сканчэньня ператрусу каля рэдакцыі. Меркавана, сьледчыя скончаць у раёне абеду.

10.40 Суседка Каравянковых у вёсцы Жодзішкі Смаргонскага раёну паведаміла Свабодзе, што а 10-ай раніцы да дому маці журналісткі БелаПАН прыехала 4—5 супрацоўнікаў Сьледчага камітэту, праводзяць ператрус. Потым чакаецца, што Тацяну Каравянкову павязуць у Менск.

11.00 Каля Сьледчага камітэту стаяць машыны прэсы — дзяржаўных тэлеканалаў БТ, АНТ і СТБ.

11.20 Карэспандэнтку БелаПАН Тацяну Каравянкову зь вёскі Жодзішкі Смаргонскага раёну вязуць у Цэнтральны апарат Сьледчага камітэту ў Менск. Яна цяпер у статусе падазраванай, паведаміла суседка. Ператрус доўжыўся каля гадзіны.

11.25 На допыце ў Сьледчым камітэце знаходзяцца 6 супрацоўнікаў парталу Tut.by — журналістаў і выпускаючых рэдактараў. Прынамсі некаторыя зь знаходзяцца ў статусе падазраваных.

11.45 Як расказала ў жывым відэаэфіры Свабоды галоўная рэдактарка БелаПАН Ірына Леўшына, затрыманая журналістка незалежнага агенцтва Тацяна Каравянкова — міжнародны аглядальнік. Гэта галоўная сфэра ейных абавязкаў. Апроч таго яна час ад часу займаецца і іншымі тэмамі.

«Зусім незразумелыя прэтэнзіі да Тацяны і БелаПАН. Мы бралі абсалютна адкрытую інфармацыю БелТА і заўжды перадавалі яе з гіперспасылкай на дзяржаўнае агенцтва ў бясплатным доступе. Таму сьцьвярджаць, што мы мелі карысьлівую выгаду, асабліва Тацяна Каравянкова, проста сьмешна», — сказала Леўшына.

Ірына Леўшына
Ірына Леўшына

Паводле рэдактаркі БелаПАН, яны вымушаныя выкарыстоўваць інфармацыю БелТА, бо ня маюць доступу да дзяржаўных структур, кіраўніцтва дзяржавы.

«Гэта сьведчыць, у якіх няроўных умовах мы працуем зь дзяржаўнымі СМІ», — сказала яна.

Паводле Леўшынай, у рэдакцыі БелаПАН знаходзіцца адзін журналіст — дзяжурны рэдактар Андрэй Серада. «Што адбываецца ўсярэдзіне, мы ня ведаем. Са мной ніхто ня зьвязваўся, — адзначыла Леўшына. — Чаму выбар паў на Тацяну Каравянкову, для мяне вялікае пытаньне».

Рэдактарка БелаПАН падкрэсьліла, што кіраўніцтва БелТА не спрабавала зьвязацца зь імі, высьвятліць адносіны. «Калег зь БелТА проста выкарыстоўваюць, ім павінна быць сорамна», — заявіла Ірына Леўшына.

12.00 Дырэктар інфармацыйнай кампаніі БелаПАН Алесь Ліпай заявіў Свабодзе, што пакуль ідзе допыт карэспандэнткі агенцтва Тацяны Каравянковай, ён устрымаецца ад камэнтароў сытуацыі, каб не нашкодзіць ёй.

Праваабаронца Алесь Бяляцкі пра ператрусы ў Tut.by і БелаПАН: Ідзе зачыстка інфармацыйнай прасторы

13.15 Рэдактарак Tut.by затрымалі на трое сутак. Пра гэта паведаміла дачка рэдактаркі Tut.by Галіны Ўласік яе дачка Валерыя.

«Мне патэлефанавалі са Сьледчага камітэту, паведамілі, што маці затрыманая паводле артыкулу 349 Крымінальнага кодэксу на трое сутак. На пытаньне, ці можна зь ёй зьвязацца, адказалі, што не, у яе забралі мабільны тэлефон. Паведамілі таксама, што ўтрымлівацца яна будзе ў ЦІП на Акрэсьціна, можна прывезьці перадачу», — распавяла Валерыя Ўласік.

Паводле Валерыі Ўласік, на трое сутак затрыманыя таксама Марына Золатава і Ганна Калтыгіна, ёй пацьвердзілі сваякі Калтыгінай і калегі з рэдакцыі. У Сьледчым камітэце пакуль не ўдалося атрымаць пацьвярджэньня гэтай інфармацыі.

Хто такая Ірына Акуловіч, якая ініцыявала справу аб «несанкцыянаваным доступе» да падпіскі БелТА

13.15 Праваабаронца Алесь Бяляцкі пра ператрусы ў Tut.by і БелаПАН: Ідзе зачыстка інфармацыйнай прасторы

13.17 Рэдактарак Tut.by затрымалі на трое сутак.

13.20 Журналістку БелаПАН Тацяну Каравянкову пакуль вязуць у Менск, каб зрабіць ператрус. Ён нанялі адваката, паведаміла рэдактарка БелаПАН Ірына Ліпай.

13.20 Дырэктар БелаПАН Алесь Ліпай назваў абвінавачваньні супраць журналісткі БелаПАН Тацяны Каравянковай «абсалютна абсурднымі».

13.30 Пазьней сталі вядомыя прозьвішчы яшчэ двух затрыманых у справе нелегальнага доступу да платнай стужкі навінаў БелТА — Дзьмітры Бобрык і Ганна Ермачонак з парталу Tut.by. Працэсуальны статус іх пакуль не вядомы.

14.20 Жана Камарова, галоўная рэдактарка часопіса «Навука і інавацыі», які выдае «Беларуская навука», паведаміла Свабодзе, што навіны пра ператрус у іх — поўнае трызьненьне і фэйк.

14.30 Супрацоўнік аддзелу інфармацыі і сувязі з грамадзкасьцю Цэнтральнага апарату Сьледчага камітэту Ільля Басько не пацьвердзіў інфармацыю пра арышт рэдактарак на тры дні. «У мяне такой інфармацыі няма», — сказаў ён.

Зісер: «Пры абаротах Tut.by эканоміць на падпісцы на БелТА — гэта сьмешна»

15.00 Вобшук на тутбаі цягнецца ўжо 8 гадзінаў. Сьледчыя пакуль ня кажуць, калі яны скончаць працу. Каля рэдакцыі прыпаркаваны мікрааўтобус з АМАПам.

Колькі журналістаў затрымана па «справе БелТА». Сьпіс

15.50 У офісе інфармацыйнага агенцтва БелаПАН скончыўся ператрус, які працягваўся больш за 7 гадзінаў. Выпускаючага рэдактара Андрэя Сераду, які знаходзіўся на працы з 8-й раніцы і прысутнічаў пры ператрусе, забралі на допыт у Сьледчы камітэт. Пра гэта паведаміў намесьнік старшыні БАЖ Барыс Гарэцкі, які знаходзіцца ў БелаПАНе.

Галоўная рэдактарка БелаПАН Ірына Леўшына паведаміла, што падчас ператрусу канфіскавалі 6 жорсткіх дыскаў з кампутараў. Вялі ператрус больш за 10 супрацоўнікаў Сьледчага камітэту і МУС. Па-ранейшаму нічога не вядома пра месцазнаходжаньне Тацяны Каравянковай.

Месца журналісткі Тацяны Каравянковай пасьля вобшуку
Месца журналісткі Тацяны Каравянковай пасьля вобшуку
Месца Аляксандра Дарашэвіча. Кампутар бяз жорсткага дыску
Месца Аляксандра Дарашэвіча. Кампутар бяз жорсткага дыску
Сьледчыя зьехалі на гэтым мікрааўтобусе
Сьледчыя зьехалі на гэтым мікрааўтобусе
З 6 кампутараў забралі жорсткія дыскі
З 6 кампутараў забралі жорсткія дыскі

16.10 Паводле непацьверджанай інфармацыі, затрыманая былая супрацоўніца Tut.by Яўгенія Беразюк. Яна працавала рэдактарам аддзелу «Грамадзтва» да канца 2015 году. Сёньня яна не прыйшла на сустрэчу са сваім кіраўніком. Яе тэлефон заблякаваны, сваякі ня могуць яе знайсьці.

У «справе БелТА» фігуруе дзяржаўнае выдавецтва. Але там кажуць, што ператрусу не было

18.20 Сьледчыя выйшлі зь бізнэс-цэнтру, дзе месьціцца Tut.by, і вынесьлі канфіскаваную тэхніку і дакумэнты праз чорны выхад. Яны пагрузілі канфіскаваныя рэчы ў цывільныя машыны і зьехалі.

8 і 9 паверхі, дзе праходзілі ператрусы, дагэтуль зачыненыя. На 8-м паверсе засталіся сьледчыя. Супрацоўнікі Tut.by дагэтуль ня маюць доступу да свайго офісу.

18.30 Паводле рэдактара БелАПАН Ірыны Леўшынай, Тацяна Каравянкова знаходзіцца ў СК, яна была дапытаная ў прысутнасьці дзяжурнага адваката.

Tut.by: Затрыманым рэдактаркам парталу навязваюць дзяржаўных адвакатаў

Адзін пароль на аддзел. Як карысталіся падпіскай БелТА на дзяржаўным тэлеканале

Алексіевіч пра «справу Белта»: «Пошук ворагаў — спосаб існаваньня таталітарнай улады»

Алесь Бяляцкі: На першыя ролі выходзяць сілавікі

19.30 БТ апублікавала запіс праслухоўваньня тэлефоннай размовы рэдактарак Tut.by. «Советская Белоруссия» апублікавала відэа ператрусаў, перададзенае Міністэрствам унутраных спраў.

19.45 Супрацоўніцу інфармацыйнага агенцтва БелаПАН Тацяну Каравянкову затрымалі на трое сутак, паведаміў БелаПАН.

22:12 На волю выйшлі 5 з 10 затрыманых журналістаў. Дзе знаходзяцца яшчэ 5 затрыманых журналістак невядома.​

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG