Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Галіна Мішына: анкалёгію перамагла любоў да прыгажосьці


У жыхаркі Клічава Галіны Мішынай выявілі рак страўніка ў трыццацідвухгадовым узросьце. Яна верыла, што адолее хваробу, бо ёй было для каго і для чаго жыць.

Думкі пра двух малалетніх дзяцей, якія маглі асірацець, мацавалі ейную веру. А яшчэ любоў да прыгажосьці і кветак ратавалі ад пасьляапэрацыйных душэўных пакут. Ад таго змрочнага для сям’і Мішыных часу мінула дзесяць гадоў.

Адразу пасьля апэрацыі, лежачы яшчэ на бальнічным ложку, Галіна вырашыла, як ачуняе, то закладзе ў двары свайго дома вялікі кветнік са стаўком у ім. Задуманае рабілі ўсёй сям’ёй на працягу некалькіх гадоў. Галіна прызнаецца, што ад сямейнікаў выслухоўвала нямала нараканьняў. Ёй казалі, што лепей бы яна адпачыла.

«Я не магла ні хвіліны сядзець спакойна. Мне трэба было нечым заняцца, абы ня думаць пра свае праблемы. Я заўжды марыла пра свой дом і пра тое, каб высадзіць ля яго тое, што я хачу. Кветкі цяпер мне дапамагаюць жыць. Калі мне кепска я проста іду ў сад. І я напэўна чэрпаю сілу ад сада і кветак. Я ўлюблёная ў гэта ўсё. Вядома ж, каб за гэтым усім прыглядаць, патрэбныя дужа вялікія сілы, але я ня ведаю адкуль яны ў мяне. Напэўна зьяўляюцца, бо я люблю ўсё гэта. Кожны дзень хаджу і любуюся. Чэрпаю сілы».

Да хваробы Галіна шмат працавала. Пра сваю немач даведалася выпадкова. Былі, прызнаецца яна, сымптомы, што падказвалі пра няладнае. Сьніла, кажа, і кепскія сны. Хатнія клопаты і працоўная занятасьць аднак не давалі часу прыслухацца да ўласнага непакою.

«Дужа балеў страўнік, пякучка была вялікія. І я абсалютна выпадкова неяк ішла міма паліклінікі, відаць мне тады дапамог бог застацца жывой, падумалася мо зайсьці, і калі ня будзе чаргі, то забягу да ўрача. У душы мне чамусьці здавалася, што ў мяне ўсё кепска. Калі даведалася, то быў шок. Першаму мужу сказала пра хваробу. Потым маме. Мне тады здавалася, калі хутчэй ўсё выражуць у мяне, то ўсё будзе добра. Я пайшла ў царкву, у анкалёгіі якая, і малілася, каб толькі троху пражыць і дагадаваць малых дзяцей, каб яны не засталіся сіротамі. Гэта для мяне было самае страшнае. Вось гэта напэўна мяне і выратавала».

Адрасы лекаваньня ў Бабруйску, Магілёве і Бараўлянах Галіна называе без запінкі. Згадвае добрым словам мэдыкаў, якія дапамаглі ёй адолець немач. У сумнеўных сытуацыях лекары, кажа жанчына, прымалі рашэньні, якія пайшлі ёй на карысьць. Гэтак яна ўнікла балючай хіміятэрапіі. Як цяжка было пасьля апэрацыі Галіна ня кажа, толькі адзначае:

Галіна з мужам Алегам

Галіна з мужам Алегам

«Настрой унутраны дужа вялікую ролю адыгрывае ў тым, што потым адбудзецца. І гэта паверце паўплывала на тое, што я выжыла і працягваю жыць. Вядома ж, калі еду на чарговае абсьледаваньне, то ёсьць адчуваньне, што здарыцца можа, што заўгодна, аднак я штогод ежджу абавязкова — не кідаю. Хачу зьвярнуцца, калі вы будзе пісаць пра гэта, што у нашым сьвеце, як мы цяпер жывём, трэба ўсім людзям праходзіць абсьледаваньне».

Прычына хваробы, упэўнена кажа Галіна, у залішнім нэрваваньні. А ці зьмяніла, пытаю, хвароба нешта ў характары:

«У мяне заўжды быў моцны здаровы арганізм. Я ніколі ў жыцьці не хварэла. У Менску пасьля апэрацыі ўрач сказаў, што мае праблемы на нэрвовай глебе. Раней я усё брала да галавы, як гаворыцца. Дужа за ўсё перажывала. Сама сябе накручвала праблемамі. Пасьля апэрацыі я зусім іначай стала глядзець на жыцьцё. Цяпер я непрыемнасьці стараюся забыць. Стараюся ні на каго ня крыўдзіцца. Нікога не асуджаць. Больш спакойна жыць стала. Іншым разам сама сябе супакойваю».

Раз на тыдзень у Клічаве зьбіраюцца невялікай грамадой тыя хто перажыў анкалёгію. У гэтым асяродку анкапацыенты найлепей разумеюць адзін аднаго. Галіна са скрухай прызнае, што пры вонкавай спагадзе да хворых на рак існуюць у грамадзтве і забабоны адносна іх. Некаторыя лічыць, што іхная немач пры шчыльных узаемінах можа перакінуцца на здаровых людзей, і што сама атмасфэры вакол іх напоўненая гэтай страшнай хваробай. Такое стаўленьне мацней гуртуе дзеля жыцьця анкапацыентаў.

У альтанцы. Яна падарунак Галіне ад мужа Алега. У ёй сабраныя прадметы хатняга побыту

У альтанцы. Яна падарунак Галіне ад мужа Алега. У ёй сабраныя прадметы хатняга побыту


Цяпер Галіне 42 гады. У яе дарослымі сталі дзеці. Сын і дачка вучацца. Як і раней яна ня ведае супакою. З мужам яна любіць хадзіць у грыбы ды ягады. Балазе вакол Клічава лясы на іх багатыя. Працягвае працаваць бугальтарам. Даглядае гаспадарку. Жыцьцё мацнейшае за хваробу.

Гонар Галіны Мішынай — кветнік

Гонар Галіны Мішынай — кветнік

Кветнік у траўні

Кветнік у траўні

Ставок у кветніку

Ставок у кветніку

XS
SM
MD
LG