Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Арцём Фрэнкель граў для пацыентаў анкалягічнага цэнтру, дзе падлеткам ляжаў сам


Арцёму Фрэнкелю — 30. Палову гэтага тэрміну ён жыве бяз ныркі, у якую ракавая пухліна ўелася з такой сілай, што ўратаваць орган не ўяўлялася магчымым.

Зрэшты, убачанае ўразіла нават мэдыкаў: пухліна была памерам 9×12 сантымэтраў — большая, чым уласна нырка. Між тым на свой шпітальны досьвед малады чалавек глядзіць як на трамплін, які дазволіў у далейшым займацца любімымі справамі — граць музыку, маляваць, падарожнічаць.

З Арцёмам мы сустрэліся падчас ягоных непрацяглых вакацыяў на радзіме — некалькі апошніх гадоў ён грае на бас-гітары ў музычных калектывах, якія бавяць турыстаў на круізных лайнэрах. Якраз днямі вярнуўся з паўгадавой вандроўкі па Міжземным моры — зрэшты, пра свае прыгоды ў замежжы ён абяцаў расказаць асобна. Чарговы выхад у мора (гэтым разам — на Карыбы) прызначаны на канец лістапада, таму ёсьць крыху часу, каб упарадкаваць хатнія справы.

Летась Арцём перавёў частку ганарару ў нерухомасьць — набыў вясковую хату ў вёсцы Зарудзічы недалёка ад Смаргоні. Цяпер пераабсталёўвае жылплошчу пад творчую майстэрню: на другім паверсе будзе маляваць, на першым разьмесьціцца музычная студыя. Паколькі безь яго будаўнікі нарабілі самадзейнасьці, даводзіцца шмат што вяртаць на зыходныя пазыцыі. У высокай ступені гатовасьці пакуль толькі лазьня, якой Арцём у літаральным сэнсе не дае астываць. Чакаючы, пакуль вада ў баку дойдзе да кіпеньня, згадвае, як у 14 гадоў стаў анкалягічным хворым:

пра тое, што выдалілі нырку, мне сказалі ўжо пасьля апэрацыі

«Пачалося з таго, што ў мяне вельмі моцна забалеў бок. Адвезьлі ў смаргонскі шпіталь, паглядзелі. Што да чаго — так нічога толкам і не зразумелі. Потым паехалі ў Бараўляны. Там зноў паглядзелі, убачылі, што нейкая пухліна, але, відаць, да канца таксама не разабраліся. Карацей, пра тое, што выдалілі нырку, мне сказалі ўжо пасьля апэрацыі. Дагэтуль памятаю: нешта гавораць, а я, яшчэ напалову ў наркозе, пачынаю абзываць лекараў: маўляў, вы такія-растакія, навошта мяне парэзалі... Насамрэч выразалі нырку, таму што пухліна літаральна прарасла праз усю нырку і проста „скалупнуць“ яе было немагчыма. Гэта як, бывае, праз бульбу прарастаюць карані, і выкалупаць іх адтуль проста нерэальна. Вось толькі шрам нагадвае — выразалі ўсю цалкам. А што да шоку? Не, ня памятаю, каб быў нейкі шок. У мамы быў шок, у таты быў шок. Тата з гэтага стану і ня выйшаў, пачаў піць — сын у яго памірае і ўсё такое. У той час, як трэба было прынамсі маральна дапамагчы маме, сям’і. Урэшце з-за гэтага сям’я распалася».

Арцём з мамай перад ад'ездам у Бараўляны

Арцём з мамай перад ад'ездам у Бараўляны



Арцём кажа, што пасьляапэрацыйныя працэдуры аказаліся нашмат больш непрыемнымі, чым уласна хірургічнае ўмяшаньне. Але нічога не папішаш — трэба было падпарадкоўвацца волі лекараў. Маральна і фізычна дапамагала мама Ірына, якая была і нянькай, і сядзелкай, а за 10 гадоў да таго сама перанесла анкалягічную апэрацыю:

Шчыра кажучы, апошнія два гады школы — 10–11 клясы — я практычна нічога не рабіў. Проста хадзіў у лес, маляваў карціны

«Усё гэта цягнулася дзесьці года паўтара. Зрабілі апэрацыю, і пасьля апэрацыі — пяць сэансаў гіпэртэрміі. Гіпэртэрмія — сама па сабе рэч вельмі непрыемная. Прачынаесься пасьля гэтай гіпэртэрміі ў рэанімацыі (а ў Бараўлянах гэта робяць у дарослым корпусе, не ў дзіцячым) — сьпіна ў апёках, усё баліць, муціць, нешта зялёнае зь цябе пастаянна выходзіць. Ня дзіва — гэта ж фактычна атрута. Глядзіш, прыкладам, як зь цябе кроў па трубачцы пайшла назад у кропельніцу, бо скончыўся фізраствор, хочаш паклікаць мэдсястру, а ня можаш — у цябе проста няма голасу. Адчуваньне вельмі непрыемнае: сілаў і так не засталося, а тут яшчэ кроў кудысьці выцякае. Пры гэтым рот адкрываеш, а гукі адтуль ніякія не ідуць».

У шпітальнай палаце

У шпітальнай палаце



Зрэшты, прызнаецца Арцём, нават зусім ня радасныя падзеі тады ўспрымаліся з падлеткавай непасрэднасьцю — прынамсі ня трэба хадзіць у школу!

«Я нават узрадаваўся, што мне ня трэба ў школу хадзіць. Бо калі ўжо вярнуўся дадому, да мяне настаўнікі самі прыходзілі. Цяпер сорамна казаць, але я іх часам не пускаў: гляджу ў вочка — выкладчык стаіць. Тады затаюся ціхенька, як быццам ні мяне, ні іншых дома няма. Так і прагульваў. Шчыра кажучы, апошнія два гады школы — 10–11 клясы — я практычна нічога не рабіў. Проста хадзіў у лес, маляваў карціны. Але потым школа скончылася, трэба было некуды паступаць. Я паняцьця ня меў, куды пайсьці, куды падацца. Ды асабліва і не хацелася — пасьля бальніцы і дома было вельмі добра».

На заднім пляне — «плывучы дом» Арцёма

На заднім пляне — «плывучы дом» Арцёма



Тады Арцём Фрэнкель нават уявіць ня мог, што само жыцьцё скіруе яго ў творчае рэчышча. Кажа, што ў дзяцінстве музыкай займаўся дзеля «вытворчай неабходнасьці», а маляваньнем захапіўся толькі ў Бараўлянах. Аднак перад выпускам са школы ня зьвязваў сваю будучыню ні з тым, ні з другім:

Пасьля шпіталя паехаў у Францыю, каб ужывую паглядзець на карціны Ван Гога, Гагена, імпрэсіяністы проста зачаравалі. А пакуль у Бараўляны ня трапіў, нічым не цікавіўся ў прынцыпе.

«Музыкай я заняўся, бо ў дзяцінстве моцна парэзаў пальцы — указальны на левай руцэ практычна цалкам адрэзаў. І бацькі аддалі мяне ў музычную школу, каб распрацоўваць пальцы. Граў на акардэоне, але і ў думках не было зьвязваць сваё жыцьцё з музыкай. Тое ж тычыцца і так званай арттэрапіі ў Бараўлянах. У нейкі момант проста спадабалася маляваць. Гэта не было абавязалаўкай, да таго ж я не маляваў зусім. Усё пачалося з таго, што мы хадзілі на псыхалягічныя трэнінгі да псыхоляга Тамары Вашкевіч. Яна прасіла намаляваць на паперы свой стан, звычайнымі крэйдачкамі. Празь некаторы час мне захацелася памаляваць ужо сапраўднымі фарбамі, на палатне. Тым больш наш сусед у Смаргоні — мастак Аляксандар Іваноў. Ён для мяне рэальны прыклад: чалавек паралізаваны, малюе зубамі. У гэтым сэнсе моцна дапамог, патлумачыў, у мяне адразу зьявіліся любімыя мастакі. Пасьля шпіталя паехаў у Францыю, каб ужывую паглядзець на карціны Ван Гога, Гагена, імпрэсіяністы проста зачаравалі. А пакуль у Бараўляны ня трапіў, нічым не цікавіўся ў прынцыпе. Роўна ўсё было, без адхіленьняў».

Насуперак бальшыні хворых, якія ня любяць ня тое што некаму расказваць, а нават згадваць свой шпітальны пэрыяд, Арцём Фрэнкель лічыць анкалягічны цэнтар у Бараўлянах сапраўдным трамплінам у дарослае жыцьцё:

«Я сваю шпітальную эпапэю лічу своеасаблівым трамплінам. То бок быў такі шок, што мяне проста некуды выбіла. Усё ж ня з кожным такое здараецца, правільна? І чаму гэта ўвогуле са мной здарылася? Часта людзі задаюцца пытаньнем: з-за чаго зьяўляецца рак? Празь нейкія ўнутраныя пакуты? Дык я асабліва не пакутаваў. Прычыну не магу назваць. Можа, ёсьць людзі, якія могуць нешта растлумачыць, але я не магу. А ўвогуле добра, што гэта са мной здарылася, я дагэтуль удзячны лёсу. Перадусім таму, што выпрабаваньне выпала ў тым узросьце, калі чалавек яшчэ нічым не абцяжараны. Хоць ведаю выпадкі, калі людзі і ў сталым веку рак перамагалі. Шмат залежыць ад таго, як да гэтага ставіцца. Вядома, я быў не адзін, мне заўсёды дапамагалі блізкія людзі, мама, можа, таму ўсё так склалася. Паніка — дрэнны спадарожнік, асабліва калі нікога няма побач. У мяне таксама бывалі прыпадкі дэпрэсіі — усё, хопіць мяне лячыць, дайце спакойна памерці і г.д. Але гэта былі хвіліны слабасьці, ня болей. Са мной гэта і цяпер часам бывае. Думаю, нават у людзей, якія не хварэюць, таксама такое здараецца. Гэта нармальна. Проста трэба нешта рабіць».

Інкруставаная мазаікай прыбіральня – справа рук Арцёма

Інкруставаная мазаікай прыбіральня – справа рук Арцёма



Арцём кажа, што за непрацяглую біяграфію паспрабаваў сябе ў дзясятку прафэсіяў. Некаторыя не «зайшлі» адпачатку. Апынуўшыся пасьля школы на раздарожжы, нечакана найперш для бацькоў вырашыў паступаць на тэалягічны факультэт Эўрапейскага гуманітарнага ўнівэрсытэту. Тады вучэльня яшчэ мела легальны статус у Менску, а апекаваўся студэнтамі сам мітрапаліт Філарэт:

падчас іспытаў пры канцы году я паступаў у музычную вучэльню імя Глінкі на кантрабас. Ня ведаю нават, чаму — проста сон прысьніўся, што граю на кантрабасе.

«Прайшоў гутарку зь мітрапалітам і нават умудрыўся паступіць на бясплатную форму, хоць конкурс быў даволі высокі. Год адвучыўся і зразумеў, што гэта ўсё ж не маё. Таму што мне хацелася нешта рабіць рукамі, а тут усё трэба было насіць у галаве — разважаньні, тлумачэньні. Так і не зразумеў, навошта мне гэта патрэбна. І яшчэ не спадабалася, што там быў вельмі моцны ўхіл у бок праваслаўя. Я ж не ў сэмінарыю паступаў, а на рэлігіязнаўчы факультэт, каб у агульных рысах ведаць пра тое і пра гэтае. Усё павінна быць, у прынцыпе, на адным узроўні. Пра нешта расказвалі, але ў той жа час прымушалі хадзіць на службы. Што мне ня вельмі падабалася — стаяць гадзінамі на службах. Таму ўжо падчас іспытаў пры канцы году я паступаў у музычную вучэльню імя Глінкі на кантрабас. Ня ведаю нават, чаму — проста сон прысьніўся, што граю на кантрабасе. І я паступіў, з нуля. Два гады правучыўся на клясычным аддзяленьні, хоць марыў пра джазавае. На жаль, у Беларусі менавіта джазавага аддзяленьня па кантрабасе няма. Можна паступіць у „кулёк“ ці на эстраднае аддзяленьне ў вучэльню на бас-гітару. Але я не цікавіўся тымі гітарамі. І раптам мой сябра, саксафаніст Лёша Малахаў, паступіў у кансэрваторыю ў Кёльне. Прыехаў і пачаў хваліцца, што туды ня трэба ніякіх дыплёмаў. І я адразу кінуў сваю вучэльню. Дзесьці паўгода дома займаўся, рыхтаваўся да іспытаў. А потым паехаў і паступіў».

У часе карабельнага шоў

У часе карабельнага шоў



Навучаньне ў Кёльнскай кансэрваторыі замест пяці гадоў расьцягнулася на сем. Як кажа сам Арцём, некалькі разоў браў акадэмічны адпачынак, бо, ня маючы спонсараў, мусіў працаваць, каб аплочваць ня толькі навучальны працэс, але і іншыя выдаткі: жыльлё, страхоўку, харчаваньне. За гэты час паспрабаваў сябе ў самых розных прафэсіях: фармоўшчыкам на адным з падразьдзяленьняў «Мэрсэдэсу», на фабрыцы па вытворчасьці плястыкавых вокнаў, рабіў відэафільмы для школаў, падпрацоўваў музыкам, мулярам, садоўнікам, нават выкладчыкам ёгі:

На вуліцах Вэнэцыі: за барабанам

На вуліцах Вэнэцыі: за барабанам



«У Нямеччыне я быў ужо працаўладкаваны — лічыўся выкладчыкам музыкі ў дзяржаўнай школе. Там выкладчыка называюць дацэнтам. У нас дацэнт — гэта статусна, як прафэсар, а там дацэнт — проста выкладчык. Але я не хацеў заставацца ў Нямеччыне. Нават размаўляць на нямецкай мове мне ня вельмі падабаецца. Таму адразу пасьля выпускных іспытаў вярнуўся дадому, пабыў пару месяцаў і паехаў на карабель. Мяне гэта, з аднаго боку, задавальняе. Я ў любым выпадку займаюся музыкай, граю з добрымі музыкамі. Бываюць і ня вельмі добрыя, але наагул узровень нармальны. Мала таго, што я не губляю свае навыкі, дык мне за гэта яшчэ і плацяць. Да таго ж я бачу месцы самыя розныя, экзатычныя, якія пры іншым раскладзе наўрад ці ўбачыў бы. Таму пакуль усё добра. Але я ня думаю гэта рабіць маім асноўным заняткам па жыцьці. Можа, яшчэ парачку разоў, і будзе дастаткова. Як што складзецца — сказаць цяжка, але пакуль пляную застацца тут. Дом трэба давесьці да ладу. Увогуле хочацца пачаць рабіць нешта іншае. Не маляваў досыць доўга, ёсьць жаданьне нешта зрабіць не па музыцы. Я не магу нават сказаць, што я музыка. Проста цяпер зарабляю музыкай грошы. Але мне падабаецца рабіць шмат чаго іншага таксама. Дапусьцім, хочацца пасадзіць сад — бачыш, дрэваў ніякіх няма. Мазаіку хачу зрабіць. Ці прыдумаць нейкую справу ў Залесьсі, каб таксама прыносіла даход. Думаю, што не прападу, знайду нейкі занятак. Дый музыкай заўсёды можна зарабіць. Побач Вільня, там ужо зусім іншае музычнае жыцьцё. Зьезьдзіў, сыграў пару канцэртаў, і табе ўжо добра».

На прыступках будучай майстэрні ў Зарудзічах

На прыступках будучай майстэрні ў Зарудзічах



У часе цяперашняй пабыўкі на радзіме Арцём Фрэнкель зь сябрамі-музыкамі Цімафеем Біруковым і Канстанцінам Гарачым даў джазавы канцэрт у менскім клюбе «Графіці». Кажа, што выступіць перад беларускай публікай стараецца кожныя вакацыі. Бадай, самым хвалюючым лічыць леташні канцэрт у дзіцячым анкалягічным цэнтры ў Бараўлянах — там, дзе паўтара дзясятка гадоў таму ляжаў сам. Цікаўлюся: якія нахлынулі пачуцьці, як пераступіў парог клінікі?

«Дрэннага не нахлынула нічога, наадварот, месца, зь якім шмат зьвязана. Там многае зьмянілася. Многія людзі, якіх хацеў пабачыць, ужо там не працуюць, у асноўным псыхолягі — тая ж Тамара Іванаўна ў дарослым аддзяленьні. Калі хварэў, у мяне ад яе была рэальная залежнасьць, пастаянна патрабавалася зь ёй пра нешта пагаварыць. Цяпер ужо такога няма, цяпер мы проста сябры. Часам яна прыяжджае да маёй мамы, разам дапамагаюць іншым людзям справіцца з праблемамі: захварэў на рак — што рабіць? А што да самога канцэрту? Прыехалі, паставілі інструмэнты, хтосьці даў абвестку. Сабралі бацькоў, дзяцей, якія змаглі прыйсьці. Яны прыйшлі, мы сыгралі. Потым мяне папрасілі сказаць пару слоў. Я сказаў: не хвалюйцеся, усё ў вас на галаве адрасьце, яшчэ нават лепш будзе. Галоўнае — ня падайце духам: малюйце, ляпіце, тварыце. Што я мог сказаць, у прынцыпе? Важней — нешта зрабіць. Ня думаю, што туды ўвогуле прыяжджае нехта з канцэртамі, каму гэта трэба? Мне так і сказалі: за апошнія гады нічога падобнага проста не было. Мае сябры адразу пагадзіліся — Цімафей Бірукоў, Косьця Гарачы, хоць ім ад гэтага нібыта таксама нічога. Я таксама ня ведаю, навошта мне гэта, мабыць, проста так. Асабліва пра гэта ня думаў, неяк спантанна ідэя ўзьнікла. Нядрэнная ж ідэя, так? Увогуле атрымліваецца, што падчас маіх прыездаў мы дзесьці выступаем. Мінулы раз быў канцэрт у Нацыянальнай школе прыгажосьці з Уладзімерам Чакасіным, было цікава. Цяпер вось у „Графіці“, летась у анкацэнтры. Як ёсьць жаданьне, то нешта заўсёды атрымліваецца».

Верныя спадарожнікі – кантрабас…

Верныя спадарожнікі – кантрабас…


…і кампактная бас-гітара

…і кампактная бас-гітара

За працяглую шпітальную падтрымку і далейшую рэабілітацыю Арцём найперш удзячны сваёй маці — Ірыне Фрэнкель. Пры канцы 1980-х яна таксама перамагла анкалягічную хваробу, пра што Свабода падрабязна расказвала. У 1996 годзе Ірына далучылася да руху «Беларускай асацыяцыі маладых хрысьціянскіх жанчын» і некалькі апошніх гадоў дапамагае не адчайвацца іншым людзям, хворым на рак. Выступае трэнэрам па актуальных тэмах, сярод якіх — прафіляктыка раку малочнай залозы, а таксама кіруе праектам «Разьвіцьцё сфэры паслугаў сацыяльна-псыхалягічнай дапамогі для анкапацыентаў». Дзеля гэтага ў Смаргоні рэалізуецца сыстэма псыхоляга-сацыяльнай дапамогі — з прыцягненьнем прафэсійных псыхолягаў, псыхіятраў, анколягаў і саміх тых людзей, якія балянсавалі на мяжы жыцьця і сьмерці. Наступны крок — арганізацыя групаў самадапамогі зь ліку анкапацыентаў і іхніх блізкіх. Смаргонскі досьвед ужо рэкамэндаваны для перайманьня ў іншых рэгіёнах Беларусі.


Раскажыце вашу гісторыю пра жыцьцё пасьля раку. Якім досьведам хацелі б падзяліцца? Як зьмяніліся прыярытэты? Ці зьявілася новае разуменьне сэнсу жыцьця? Дашліце ваш фотаздымак і кароткі тэкст на мэйл radiosvaboda@gmail.com

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG