Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Натальля Сыравегіна: Рак вылечваецца



Раскажыце пра ваша жыцьцё пасьля раку. Якім досьведам хацелі б падзяліцца? Як зьмяніліся прыярытэты? Ці зьявілася новае разуменьне сэнсу жыцьця? Дашліце ваш фотаздымак і кароткі тэкст на мэйл radiosvaboda@gmail.com


Натальлі Сыравегінай 44 гады, жыве ў Менску. Яна — інжынэр-канструктар Менскага заводу халадзільнікаў «Атлянт». Паводле другой адукацыі яшчэ і псыхоляг. Замужам, мае двух сыноў — 20 і 14 гадоў. Захапленьні — танцы, ёга, кулінарыя.

З Натальляй мы сустрэліся пасьля працы. Пайшлі ў кавярню. Размаўляем за шклянкай вельмі смачнага і карыснага сьвежавыціснутага соку з морквы, яблыкаў і сельдэрэю...

Два гады таму Натальля сама знайшла ў сябе анкалягічнае захворваньне. Нельга сказаць, што хвароба была прагназаваная — заўсёды ж чалавек спадзяецца на лепшае. Але... Вось што распавяла Натальля:

«8 гадоў таму праапэравалі маю маці. У яе была такая ж самая паталёгія правай малочнай залозы. Таму я вельмі сачыла за сваім здароўем, кожны месяц сама праводзіла абсьледаваньні, у лекараў бывала, рабіла УЗІ. Сваю хваробу я знайшла сама ў сябе, проста намацала ў сябе зацьвярдзеласьць, пабегла па лекарах. Абсьледаваньне не паказала нічога дрэннага. Але падазрэньні ў лекараў былі...»

То бок калі Натальля пайшла ў Менскі гарадзкі анкалягічны дыспансэр, яна ня ведала пра канчатковы дыягназ — што пухліна выявілася злаякаснай. Гэта высветлiлася на апэрацыйным стале. Таму лекары павiнны былi зрабiць больш маштабную аперацыю. Як яна праходзіла, Натальля ня памятае. І да такога радыкальнага выніку была маральна не падрыхтаваная. Калі выйшла з наркозу і апынулася ў палаце, спачатку быў шок...

«Мне потым суседзі па палаце распавядалі, што ў мяне была гістэрыка. А потым гэта прайшло, я крыху супакоілася, бо ўсе вакол былі такія ж самыя. Ёсьць і зусім маладзенькія дзяўчаты, якіх таксама праапэравалі. Ніхто ня плача, ніхто не ўпадае ў гістэрыку альбо дэпрэсію, усе настроеныя пазытыўна... У шпіталі не было момантаў, калі на душы цяжка. Мы падтрымлівалі адна адну, размаўлялі, жартаваць спрабавалі, сьмяяліся, радаваліся дробязям. Да таго ж у мяне перад вачыма быў прыклад маёй маці, у якой усё даволі пасьпяхова скончылася».


Лекуючыся ў анкадыспансэры, Натальля адчувала сябе даволі спакойна, праходзіла этап за этапам, была ў цесным кантакце зь лекарамі, дакладна выконвала ўсе іх прызначэньні. Ніякага страху ў яе не было. На маё пытаньне, чаго не хапае дактарам, каб пасьпяхова лячыць анкалягічных хворых, Натальля адказала так:

«Часу ім не хапае на нас, часу. Нават проста паразмаўляць, патлумачыць, што адбываецца, якія могуць быць наступствы... А прэпаратаў хапае, хірургічнае ўмяшаньне зрабілі як трэба. Рэабілітацыйны пэрыяд у мяне быў даволі кароткі, я даволі хутка аднавілася. Хімію я прайшла, апраменьваньне — усё, што яны маглі, яны зрабілі. Яны займаліся толькі целам. Але яшчэ ёсьць і душа! Але гэта ўжо — не да іх. Таму што ў іх элемэнтарна няма часу, вельмі вялікая плынь хворых...»

Яны займаліся толькі целам. Але яшчэ ёсьць і душа! Але гэта ўжо — не да іх

Цяжкасьці пачаліся, калі Натальлю выпісалі з анкадыспансэру. Рэабілітацыя пасьля такой апэрацыі даволі доўгая — да пяці месяцаў. Спачатку Натальля шмат чытала, шукала інфармацыю пра сваю хваробу ў інтэрнэце — старалася сябе заняць. Цалкам зьмяніла харчаваньне, адшуквала цікавыя рэцэпты карысных страваў. Але дурныя думкі не выходзілі з галавы, кажа Натальля:

«Складаней за ўсё было змагацца з думкамі. І гэтая праца — не барацьба, а праца — працягваецца і дагэтуль. Каля мяне зусім прыхапіла, я пабегла да псыхатэрапэўта, кажу: „Усё, зусім дрэнна“. Яна, вядома, прызначае процьму прэпаратаў, антыдэпрэсантаў. Я іх купіла, але прымаць ня стала. Калі я зь ёй паразмаўляла, пасьля літаральна некалькіх фраз мне стала ўжо лягчэй, і я зразумела, што мне проста трэба знайсьці месца, дзе я змагу пра гэта гаварыць».

Я трапіла ў сваю сям’ю, дзе ўсе каляжанкі, усе разумеюць мяне нават бяз словаў, можна размаўляць пра ўсё, падтрымліваць адна адну

Натальля заўважыла, што, да прыкладу, яе маці — чалавек больш замкнёны, яна абстрагавалася ад сваёй хваробы і стараецца пра яе ня ўзгадваць, ня думаць. Але для сябе Натальля абрала іншы варыянт. Даведалася, што ёсьць групы падтрымкі і ўзаемадапамогі анкапацыентаў. У групу падтрымкі, што стварыла Ірына Жыхар, якая сама змагаецца з анкалёгіяй, Натальля Сыравегіна прыйшла ў траўні мінулага году. І адразу зразумела, што гэта яе другая сям’я:



«Я трапіла ў сваю сям’ю, дзе ўсе каляжанкі, усе разумеюць мяне нават бяз словаў, можна размаўляць пра ўсё, падтрымліваць адна адну. І калі я пахадзіла туды крыху, я зразумела, што я хачу ня толькі браць, але і аддаваць. Я прыносіла нейкія цікавыя рэцэпты, якія знаходзіла, хлеб навучылася пячы сама, прыносіла, частавала. Ёгу паказвала. То бок, што ўмела сама, несла туды. Карыснае нешта даведаюся, знайду, паспрабую — і нясу, дзялюся гэтым».

Натальля кажа, што наўрад ці сама б пераадолела сваю хваробу, перамагла свае трывогі, страх, каб не падтрымка сям’і, сяброў, калегаў па працы:

«Ніхто ніколі не сумняваўся, што ўсё добра скончыцца, ніхто ніколі не глядзеў на сябе як на „асуджанага чалавека“. Нават цяпер калі я кажу, што прайшла чарговы агляд, — усё добра, усе кажуць: ніхто і не сумняецца! Акрамя мяне... Але страх ёсьць. Усе — і муж, і маці, бацькі, сябры, — ніхто не адвярнуўся, не спалохаўся, не сышоў. Наадварот, падтрымлівалі, чым маглі — дапамагалі».

Але для жанчыны ўсё ж галоўнае — гэта сям’я. Сям’я Натальлі — гэта яе матуля, якая сама сутыкнулася з такой самай праблемай і як ніхто іншы разумее і падтрымлівае сваім прыкладам дачку, і трое любімых мужчынаў — муж і два сыны:

«Муж у мяне наагул такі аптыміст. Кажа: для мяне нічога не зьмянілася ў табе, усё як было, так і засталося. Дзеці — па-рознаму адрэагавалі. Старэйшы спачатку быў напалоханы, плакаў. Я, як магла, супакойвала. Кажу: паглядзі на бабулю, усё ж нармальна столькі гадоў! Ён паступова супакоіўся. А малодшы ў мяне наагул філёзаф, спакойны, флегматычны. Калі яму сказалі, ён разважае: «Цяпер жа гэта вылечваецца?» Я адказваю: «Так».

Пасьля хваробы жыцьцё яе кардынальна зьмянілася. Прычым ня толькі лад жыцьця, але і каштоўнасьці:

«Я праходзіла свой шлях. Не магу сказаць, што я так ужо моцна змагалася. Я проста жыла. Разумела, што я павінна сябе аднавіць і далей жыць ужо ў новай якасьці, на іншым узроўні. Памянялася, вядома, многае. Перш за ўсё харчаваньне. Ёгай пачала займацца. Раней таксама была актыўнасьць, таксама былі танцы, але іншыя, зь іншымі думкамі, зь іншай мэтай — усё рабілася дзеля ўласнага задавальненьня. Не разумела каштоўнасьцяў, што навокал — сваёй сям’і, напрыклад. Мне здавалася раней, што больш важнае — тое, што я раблю, а яны могуць пачакаць. Цяпер гэта ня так. Мае сваякі і родныя — самае важнае для мяне, самае галоўнае».



Што можна параіць жанчынам, якія сутыкнуцца з такой самай праблемай? Па-першае, супакоіцца, хоць гэта вельмі цяжка. Трэба працягваць лекавацца, па-другое, ні ў якім выпадку не адмаўляцца, сьцьвярджае Натальля:

«Мая парада — праходзіць усё, што прызначаюць лекары, абавязкова. Зьмяніць харчаваньне. Дадаць пасільную фізычную нагрузку. Штодзённыя шпацыры. Ну, і плюс — думкі, працаваць над сваімі думкамі, мысьліць пазытыўна. Знайсьці сабе занятак па душы, які б зацягваў, захапляў, калі ты ўжо пра дрэннае ня думаеш. Творчасьць — найлепшыя лекі. Таму пачаліся ў мяне і танцы, і ёга, і кулінарыя — гэта таксама творчасьць».



Праблемаў, зь якімі кожны дзень сутыкаюцца анкапацыенты, — процьма, кажа Натальля. Да прыкладу, бракуе адмысловай бялізны, пратэзаў — па гэтыя неабходныя рэчы беларускія жанчыны езьдзяць у Маскву, Кіеў, Варшаву, бо беларуская прамысловасьць такой бялізны наагул не вырабляе.

Натальля Сыраегіна і яшчэ тысячы жанчын з такімі ж праблемамі мараць хадзіць у басэйн, у спартовую залю, на фітнэс. Яны разумеюць, што ніхто, акрамя іх саміх, пра гэта не паклапоціцца:

«Калі б у нас быў такі цэнтар, куды б я магла прыйсьці, паплаваць у басэйне з такімі ж, як я, не саромеючыся, пайсьці ў душ... Я б з задавальненьнем хадзіла. Ёсьць гімнастыка ў групах, але яны звычайна ранішнія ці дзённыя. Дарэчы, у нас з Ірынай Жыхар ёсьць такія ідэя, мы і самі б маглі праводзіць такія заняткі. Я, да прыкладу, паводле другой адукацыі псыхоляг. Усё жыцьцё танцую, ведаю ёгу, сыстэму Нішы. Мы думаем пра гэта. Можа, што і атрымаецца, і зробім».

XS
SM
MD
LG