Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Антон Івашкевіч. Бог і бег: трыццаць гадоў пасьля анкалёгіі

абноўлена

Антон Івашкевіч: трыццаць гадоў пасьля анкалёгіі
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:07:07 0:00
Наўпроставы лінк

Антон Івашкевіч: трыццаць гадоў пасьля анкалёгіі

Раскажыце пра ваша жыцьцё пасьля раку. Якім досьведам хацелі б падзяліцца? Як зьмяніліся прыярытэты? Ці зьявілася новае разуменьне сэнсу жыцьця? Дашліце ваш фотаздымак і кароткі тэкст на мэйл radiosvaboda@gmail.com



Антон Іванавіч Івашкевіч сустракае на парозе сваёй кватэры. «Можа, кваску халодненькага?» — пытаецца ён. «Я адмыслова вам прыгатаваў, — кажа Антон Іванавіч. Пад квасок гаворым пра ўнука, які, нядаўна ажаніўшыся, жыве разам зь дзедам у адной кватэры.

Антон Іванавіч чакае, калі ўжо будуць у доме малыя дзеці. Жонка Антона Іванавіча памерла.

Яшчэ праз тэлефон Івашкевіч папярэджвае: «Голас у мяне не радыйны».

«Можа, і голас такі застаўся, каб людзі паверылі. Бо каб я пявучым голасам гаварыў, дык людзі б і ня верылі, што такое было са мной.

Мы ад царквы служым у больніцы. І мяне ўзялі ў гэтую каманду, каб падняць дух людзей, каб я распавядаў, як мяне Бог выратаваў. Каб людзі ведалі, што ўсё гэта можна вылечыць. Дык каб ня мой голас, ня верылі б, што гэта магчыма. Як я, калі паступаў на лячэньне, ня верыў, што можна вылечыцца».

Галасавыя зьвязкі Івашкевічу абпалілі падчас абпраменьваньня. Летась у яго быў «юбілей». Так ён сам са сьмехам называе гэтую дату — 30 гадоў, як выйшаў з Бараўлянаў. У 1982 годзе меў дыягназ — анкалёгія трэцяй ступені.

Гадоў Антону Іванавічу 78. Выглядае сама меней на паўтара дзясятка маладзей. Антон Іванавіч паказвае мне «дзёньнік самакантролю»: на кожны дзень зафіксаваны ціск, пульс, тэмпэратура паветра і дыстанцыя, якую ён прабег. Сёньня гэта 5 кілямэтраў.



У Антона Іванавіча адмысловая такая манера гаворкі — з прысьмешкам. Інтанацыі лёгка рухаюцца ад сьціплага гумару да шчырага сьмеху. Гэтак ён распавядае пра Бараўляны («доктар мне ад Бога трапіўся), сваіх сяброў па суткавых маратонах («што мы толькі не выраблялі!») і пра тое, як падчас запояў пабываў у «пекле».

«У мяне быў рак вэстыбулярнага і сярэдняга аддзелу гартані з мэтастазамі ў лімфавузлы правай часткі шыі. Паводле статыстыкі, вылечваецца ў 15 працэнтах, — распавядае Антон Іванавіч. — Вось я скарыстаўся».

Антон Іванавіч перакананы, што перамагчы хваробу яму Бог дапамог. Сам ён наведвае адну са сталічных пратэстанцкіх цэркваў. Ходзіць з дня яе заснаваньня. А сёлета — тыя ж 30 гадоў. Запрашае прыходзіць да іх на дзень народзінаў. «Бяз Бога, — кажа ён, — нічога б са мной не было».

«Як трывога, кажуць, тады і да Бога. Я зьвярнуўся да Бога, і ён мне дапамог. Я толькі на 18-м сэансе кінуў курыць, а ўсяго 35 было. Пасьля я бегаць пачаў, спортам займацца. Праўда, спортам я і раней займаўся — плаваньнем. Нават быў чэмпіёнам Беларусі. А пачаў маратоны бегаць, два разы на этапах Кубка сьвету — гэта ўсё пасьля хваробы. Гэта Бог натхніў мяне».



Антон Іванавіч выносіць стос спартовых дыплёмаў і скрынку з мэдалямі. Распавядае, як у шасьцідзесяцігадовым веку выйграў 12-гадзінны маратон у агульным заліку.



«Гэта значыць, не ў сваёй узроставай групе, а сярод усіх — і маладых, і старых». Прабег 110 кілямэтраў 204 мэтры.

«Але цяпер я ў спаборніцтвах ня ўдзельнічаю. Ну, каб ужо ня ганьбіцца — я ж заўжды прызёрам быў. А цяпер у мяне ўзровень нашмат ніжэйшы». Апошні маратон Антон Іванавіч прабег у 70 гадоў.



Івашкевіч — ня першы з тых, хто верыць, што анкалягічная хвароба напаткала яго нездарма. Іншыя кажуць нават, што ўдзячныя захворваньню — інакш ніколі б ня сталі такімі, якімі ёсьць.

А пачаў маратоны бегаць, два разы на этапах Кубка сьвету — гэта ўсё пасьля хваробы. Гэта Бог натхніў мяне

«Я ж спортам займаўся, чэмпіёнам Беларусі быў, — да гэтай падзеі свайго жыцьця Антон Іванавіч вяртаецца ў размове ўжо ня першы раз. — У 1949-м стаў займацца, мне было 14 гадоў. І праз два гады такі вось прагрэс — два гады, і адразу чэмпіён Беларусі».

Тады, вядома, ні цыгарэтаў, ні алькаголю ўжываць не даводзілася. Пасьля тэхнікума пачаў працаваць. «Прыйшла папера, каб мяне на спаборніцтвы адпусьцілі. Дырэктар сказаў: „Выбірай — ці спорт, ці праца. Мне такія работнікі не патрэбныя“. Я выбраў працу».

«І пустэча, ведаеце, стала. Як ва ўсіх спартсмэнаў, — пра гэта Антон Іванавіч апавядае як пра звычайную жыцьцёвую гісторыю. — Пуста вось. Гляджу на афішы — чэмпіянат Беларусі па плаваньні, а там мяне няма. Ну, і пачалося. Мабыць, быў слабы духам».

«Пачаў працаваць у Белэнэргарэмналадцы. А там і халтуры, і камандзіроўкі... І паддаваць стаў, і курыць. І гэта бывала запоямі.

Я ўжо ў пекле пабываў тады, у тыя гады, я ўжо ведаю, што гэта такое. Дык, можа, Бог вырашыў такім чынам мяне спыніць, чалавекам зрабіць?»

Анкалёгію выявілі ў яго яшчэ ў 81-м. Тады была першая ступень.

«Доктар сказаў: „Калі ня кінеш курыць і часта выпіваць, атрымаеш рак“. Але ж мы ўсе разумныя. Я вырашыў, што я разумнейшы за яе».

Адмаўляцца ад шкодных звычак Антон Іванавіч тады ня стаў і хутка трапіў у Бараўляны ўжо з трэцяй ступеньню. Разам зь ім у аддзяленьні ляжала каля трох дзясяткаў чалавек. Усе курылі.

«Калі я доктару распавёў гэтую гісторыю, ён кажа: «Ты ўпарты мужык — дабіваўся пуцёўкі да нас. У цябе такі дыягназ, шанцаў мала, але яны ёсьць. Для гэтага трэба, каб ты забыўся, што такое выпіўка і курава, на ўсё астатняе жыцьцё. Калі згодзен — будзем лячыцца, калі не — ня будзем».

«Я яшчэ доўга „вырашаў“, што выбраць, — Антон Іванавіч ізноў сьмяецца. — Ну, не вырашаў, але пакурваў. А пасьля папрасіў Бога — і як адрэзала».

«Вось у вас які пульс?» Я ня ведаю. «А ў мяне — вось паглядзіце, — Антон Іванавіч ізноў дэманструе дзёньнік самакантролю. — 54 штодня! Зрэдку бывае трохі болей».

Падчас размовы я згадваю, што ўжо два гады як спыніла ранішнія прабежкі і ўжо год не была ў басэйне.

«Вы адразу не напружвайцеся, — сур’ёзна раіць Антон Іванавіч. — Прабеглі трошкі, прайшліся, прабеглі, прайшліся. І так зь цягам часу будзеце кілямэтры нарошчваць. Вам ёсьць дзе бегаць? Вы дзе жывяце?»

«На Пуліхава»

дзёньнік самакантролю вядзіце абавязкова — гэта дысцыплінуе

«Дык мы ж там жылі да вайны! На Іванаўскай! — больш як звычайна радуецца Антон Іванавіч. — А ў вайну нас дзядзька на вёску забраў, а пасьля ізноў туды вярнуліся, на Палярную. Суседзі мы з вамі. Гэта ж мае мясьціны. Я там хадзіў пасьля Бараўлянаў, разьвітваўся, думаў, што ўсё — на той сьвет пайду».

«Упарты мужык» Антон Івашкевіч напрыканцы свайго восьмага дзясятка дастае адмысловае гімнастычнае кола і тут жа на сваёй кухні дэманструе мне.

Я моўчкі ўсьведамляю, што ня ведаю, ці змагу так.

«Вы мне тэлефануйце, — кажа на разьвітаньне Івашкевіч і сам занатоўвае мой нумар. — Калі нейкія пытаньні, пракансультавацца трэба, тэлефануйце абавязкова. І дзёньнік самакантролю вядзіце абавязкова — гэта дысцыплінуе».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG