Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ірына Жыхар. 20 гадоў пасьля раку


Раскажыце пра ваша жыцьцё пасьля раку. Якім досьведам хацелі б падзяліцца? Як зьмяніліся прыярытэты? Ці зьявілася новае разуменьне сэнсу жыцьця? Дашліце ваш фотаздымак і кароткі тэкст на мэйл radiosvaboda@gmail.com


Ірына Жыхар жыве ў Менску, ёй 47. Нашая размова пачынаецца ў яе на кухні з таго, што Ірына вучыць мяне правільна запарваць зялёную гарбату. Правільна запараная зялёная гарбата — важны сродак як прафіляктыкі раку, так і аднаўленьня пасьля лекаваньня. Да таго ж анкахворым трэба штодня выпіваць як мінімум паўтара літра чыстай вады. Ірына адчыняе шафку ў кухні і паказвае запас плястыкавых бутэлечак рознага аб’ёму. Выходзячы з дому, яна бярэ ваду з сабою.

Ірына жыве пасьля раку ўжо 20 гадоў.

Першы дыягназ ёй паставілі яшчэ ў 1994 годзе — рак калявушной залозы. Ірыне споўнілася 27. Тады яе папярэдзілі, што захаваць усьмешку на твары пасьля такой апэрацыі ўдаецца толькі ў 5 працэнтах выпадкаў. «Я ішла на апэрацыю і ўсьміхалася на ўвесь рот, бо мне здавалася, што гэта апошні раз, — распавядае яна.

Цяпер Ірыну немагчыма ўявіць без усьмешкі — усьміхаецца яна заўжды. Колькі разоў за нашу размову Ірына плача — калі згадвае пра маму, пра тое, як выла па начах, як радавалася перамогам. Выцірае сьлёзы і адразу пачынае ўсьміхацца. «Я жывы чалавек, — кажа яна. — Я магу плакаць і магу сьмяяцца».

Размаўляць пра шпіталі і лячэньне Ірына адмаўляецца. «Навошта? — пытаецца яна. — Гэта было цяжка, гэта было трэба, і гэта прайшло. Цяпер іншае жыцьцё».

Яшчэ Ірына шчыра і моцна веруе ў Бога.

«Я вам хачу сказаць, што пасьля раку жыву ўжо дваццаты год, і да гэтай пары не хварэла на ніводнае прастуднае захворваньне, — кажа Ірына.

пасьля раку жыву ўжо дваццаты год, і да гэтай пары не хварэла на ніводнае прастуднае захворваньне

«Калі чалавек ня ўмее спраўляцца са стрэсамі, гэта таксама прычына. Анкалягічная хвароба — заўжды псыхасаматычная. Нешта адбываецца ў галаве чалавека, які робіць усё, каб прыйсьці да гэтай хваробы. Бо прычын захворваньня ніхто вам ніколі ня скажа — унёсак робіць усё. Я вось працавала ў чарнобыльскай зоне два гады — 1988–89 год. Ці стала гэта прычынай? Ніхто сёньня мне ня скажа. Але я думаю, што той лад жыцьця, які ў мяне быў, тыя мае пэўныя ўстаноўкі, якія я мела, дазволілі хваробе прыйсьці значна раней, чым яна магла б прыйсьці».

«Калі трапляеш у рукі дактароў, яны робяць сваю справу, ты бачыш іх кожны дзень. Але наступае той дзень, калі табе кажуць — усё, што мэдыцына магла, яна табе дала. Ты „здаровая“. Ідзі дадому — і жыві. Ты пытаесься: „А што рабіць?“ — „Вось як хочаш, так і жыві“. Ты выходзіш, яшчэ ўвечары засынаеш спакойна, а назаўтра ты прачынаесься — і бачыш: ніхто вакол цябе не мітусіцца, ты дома. Ты ўстаеш — тут у цябе кальнула, тут ты ня можаш падняць нешта. І ты разумееш, што ты застаўся з хваробаю сам-насам.

Родзічы вельмі рады, што ты дома. Яны могуць запытацца, як тваё здароўе, як ты пачуваесься — „давай трымайся“ і ўсё такое. А ты іх пачынаеш ціха ненавідзець. Бо тут кальнула, а тут ты ня можаш есьці, бо смаку няма, як у мяне было падчас першай хваробы, тут валасоў няма. А яны кажуць „трымайся“, бо не разумеюць...»


Перадача "Як гаварыць пра рак?" 23.05.2013

Ад таго, як пройдзе гэты пэрыяд адаптацыі, — кажа Ірына, — будзе залежаць тое, як чалавек будзе жыць далей. Асабіста ёй важна было зразумець, для чаго і для каго жыць далей.

«Мне трэба было 27 год пражыць, каб зразумець, што я не магу сабе ўявіць, як мая мама пойдзе за маёй труной. Я разумела, што будуць мяне хаваць у белай сукенцы нявесты, бо я замуж зьбіралася і ня выйшла. Я сабе ўяўляла і не магла перажыць, як мама ідзе за труной маёй... Вось гэтае жаданьне і дало сілы...»

А яны кажуць „трымайся“, бо не разумеюць...

Цяпер Ірына паўтарае, што жыцьцё чалавека, які перажыў рак, падпарадкаванае пэўным правілам. Змусіць сябе да пэўнага распарадку, паверыць у тое, што выздараўленьне магчымае — роўна маральнай перамозе. Для гэтага важна бачыць і ведаць тых, каму гэта ўдалося.

На прэзэнтацыі кнігі Аляксандра Тамковіча «Пераадоленьне»

На прэзэнтацыі кнігі Аляксандра Тамковіча «Пераадоленьне»

«Мне ў свой час дапамаглі мае вучні. Проста знаёмілі мяне з анкалягічна хворымі, якія 10–20 гадоў хварэлі. І гэта дало мне імпульс — за жыцьцё трэба змагацца. Людзі працавалі над сабой, і гэта дало плён. Я так выйшла на кніжку Маі Гагулан. І на год гэта стала кніга, паводле якой я жыла. Я пачала рабіць гімнастыку паводле сыстэмы Нішы. Пачала рабіць кантрастны душ. Гэта пры тым, што мне казалі, што халоднае, скразьнякі — ні ў якім разе! Гора-бяда!»

«Я памятаю той раз, — распавядае Ірына, — як я стала пад халодным душам і забыла ванную зачыніць. І мама зайшла. Яе ж папярэджвалі, што мне катэгарычна нельга. А тут дзіця пад халоднай вадой лысае стаіць. Мама самлела. На каленях стаяла перада мной — „Дачушка! Што ж ты робіш!“»

«У мяне на шыі лімфавузлы былі відаць, — працягвае яна. — І ўжо казалі, што гэта мэтастазы, бо гэта трэцяя стадыя ў мяне была. Я ў люстэрка глядзела і проста бачыла іх».

Аднойчы ранкам, празь сем месяцаў пасьля пачатку заняткаў, Ірына пабачыла ў люстэрку, што вузлы зьніклі.

«Гэта было шчасьце ў доме. Я кажу: „Мама, ідзі глянь. У мяне шыя роўная!“»

Ірына падкрэсьлівае, што вельмі важна правільна харчавацца. Яна перастала есьці мяса, рыбу, яйкі, малочныя прадукты. На падваконьні зрабіла градкі, дзе ўзімку вырошчвала зеляніну, буракі. Прарошчвала зерне. Жывёльны бялок замяніла расьлінным — бабамі, фасоляй, гарохам.

Але спосаб харчаваньня павінен залежаць ад характару хваробы. Цяпер ужо Ірына дазваляе сабе тварог з ільняным алеем і рыбу, хаця б два разы на тыдзень.

Перамагчы рак — гэта значыць навучыцца з гэтым жыць

У 2008-м хвароба вярнулася. Гэтым разам быў рак малочнай залозы. І яго ўдалося перамагчы. Не ўдалося толькі ўберагчы самага блізкага чалавека — маму. Яе рак выявіўся неапэрабэльным. «Пяць дзён пасьля шпіталя, — распавядае Ірына і плача, — і мамы няма». Давялося пазнаць і тое, што перажывае чалавек, чый блізкі хварэе на рак. Увесь гэты досьвед яна перадае цяпер тым, хто сутыкаецца з дыягназам.

«Перамагчы рак — гэта значыць навучыцца з гэтым жыць, — кажа Ірына. — І не патрабаваць ад блізкага, каб ён зразумеў тваю адзіноту. Як ён можа зразумець, што ты адчуваеш, калі ў цябе ўсё гарыць ад хіміятэрапіі? І навошта? І ты спраўляесься сам. Для чаго мы ствараем групы падтрымкі? Вось для таго, каб тыя, хто перажыў, маглі пра гэта распавесьці. І нават распавядаць ня трэба. Ты прыходзіш — і трапляеш у кола людзей, якія гэта ўсё прайшлі. І мова, на якой ты размаўляеш, зразумелая людзям, якія гэта прайшлі. І гэтая адзінота разыходзіцца».

Ірына Жыхар — старшыня рады грамадзкага аб’яднаньня «Беларуская арганізацыя працоўных жанчын». Яна каардынуе групу падтрымкі і ўзаемадапамогі анкапацыентаў пры тэрытарыяльным цэнтры сацыяльнага абслугоўваньня насельніцтва Ленінскага раёну г. Менску.

Ініцыятыва стварыць такую групу належала самой Ірыне з паплечніцамі. Чыноўнікі, дактары і сацыяльныя службы пайшлі ім насустрач. Усю інфармацыю пра тое, як змагацца з хваробай, калі самому чалавеку ці некаму з блізкіх паставілі анкалягічны дыягназ, можна знайсьці на сайце Oncopatien.by.

«Пасьля другой хваробы нарэшце ўжо я зразумела: перамагчы рак — гэта ня значыцца жыць пасьля хваробы 10, 20 ці 50 гадоў. А гэта значыць — кожную хвіліну свайго жыцьця жыць асэнсавана, з Богам. Бо ня мае сэнсу доўга жыць, калі ты ня ведаеш, дзеля чаго ты гэта робіш».

Наступная гісторыя Антона Івашкевіча на нашым сайце і ў эфіры ў панядзелак, 16 верасьня.

XS
SM
MD
LG