Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print
Ва Ўкраіне ўваходзяць у сілу новыя правілы абароту абязбольвальных сродкаў. Цяпер рэцэпт на моцныя анальгетыкі больш ня трэба падпісваць чатыром дактарам. А дома ў хворага можа захоўвацца двухтыднёвы запас такіх прэпаратаў. Раней мэдсястра мусіла прыходзіць да чалавека, які пакутуе ад нясьцерпнага болю, па некалькі разоў на дзень, каб увесьці кожную дозу. Асабліва мучацца пацыенты ў сельскай мясцовасьці.

Ці ў Беларусі ёсьць праблемы з доступам невылечна хворых да абязбольвальных прэпаратаў?

Паводле справаздачы ўсясьветнай праваабарончай арганізацыі Human Rights Watch за 2011 год, менш за 20% невылечна хворых на рак беларусаў мелі магчымасьць пазбавіцца ад болю. Такія высновы зробленыя на падставе аб’ёмаў нацыянальнага спажываньня марфіну і іншых апіёідных мэдыкамэнтаў. Пры гэтым штогод у Беларусі рэгіструецца больш за 40 тысяч новых анкалягічных дыягназаў. Агулам на ўліку з дыягназам «рак» — больш як 250 тысяч беларусаў. Вялікая частка гэтых людзей пакутуе ад нясьцерпнага болю.

Сваячка аднаго з анкахворых распавяла Радыё Свабода, як атрымаць абязбольваньне:

«Цяжкасьцяў не было, таму што непасрэднага доступу да марфіну няма ні ў хворага, ні ў ягоных родных. Гэтыя лекі выпісвае лекар-анколяг, пра гэта ён паведамляе ў паліклініку па месцы жыхарства. А паліклініка прысылае мэдсястру ў залежнасьці ад таго, колькі разоў трэба калоць гэты ўкол — адзін, два ці тры разы на суткі. Прыяжджае мэдсястра, якая паказвае ампулу, што гэта насамрэч марфін, набірае шпрыц і робіць укол, а пустую ампулу забірае. Так трэба для справаздачнасьці. За гэта мы нічога не плацілі. Калі прызначаюць укол на ноч, яны даюць такую даведку, каб уначы я магла выклікаць „хуткую“. Мы выклікалі аднойчы і сказалі ім, што ў нас ёсьць такая даведка. Яны прыехалі і таксама гэтак жа калолі. Гэта ўсё робіцца бясплатна. Доктар бачыць, у якім стане пацыент, і калі хворы скардзіцца, што яму баліць, то адразу прызначаюць марфін — два разы на дзень і на ноч даведку на права выклікаць хуткую. Нам прызначала марфін лекарка з хосьпісу, але тыя, хто не прыпісаны да хосьпісу і назіраецца ў анколяга, ім усе лекі выдаюцца і колюцца толькі праз паліклініку. Таксама бясплатна. Былі толькі ўколы, таблетак не выпісвалі. У нас былі толькі ўколы марфіну, да якіх мы ня мелі доступу».
Непасрэднага доступу да марфіну няма ні ў хворага, ні ў ягоных родных

Міжнародныя арганізацыі абвінавачвалі Ўкраіну ў тым, што яна мае занадта жорсткую сыстэму наркарэгуляваньня. Добрае памкненьне не дапусьціць незаконнага спажываньня наркотыкаў прыводзіць чыноўнікаў да мераў, якія перашкаджаюць невылечна хворым мець доступ да такіх прэпаратаў, як марфін.

Такая ж сытуацыя і ў Беларусі.

Тлумачыць лекар-анэстэзіёляг Андрэй Вітушка: «У пляне абароту наркатычных прэпаратаў усё вельмі дакладна, зрэгулявана, няма аніякіх шчылін. З аднаго боку, гэта добра, а зь іншага — прыводзіць да таго, што лекар лішні раз падумае, выпісваць такі прэпарат ці не».

Вітушка згадвае, як ягонага знаёмага пэдыятра, які выпісваў дзецям сродак ад кашлю, сталі турбаваць «кампэтэнтныя органы»: маўляў, выпісваеце занадта часта і гэта падазрона.

Апроч неахвоты дактароў зьвязвацца з залішняй справаздачнасьцю — а на кожную дозу прэпарату морфію ці апіяту патрэбны дакумэнт, паводле правілаў ідзе і неэфэктыўны расход такіх сродкаў.

«На аднаго пацыента выкарыстоўваецца адна адзінка прэпарату, — распавядае Вітушка. — Калі ў ампуле 2 мл прэпарату, то чалавеку ўводзіцца ягоная доза — напрыклад, паўмілілітра, а астатняе трэба проста зьнішчыць».
Калі ў ампуле 2 мл прэпарату, то чалавеку ўводзіцца ягоная доза — напрыклад, паўмілілітра, а астатняе трэба проста зьнішчыць

Украіна прыслухалася да рэкамэндацыяў міжнародных арганізацыяў аховы здароўя і абароны правоў чалавека. Беларусі яшчэ некалькі гадоў таму Ўсясьветная арганізацыя аховы здароўя рэкамэндавала павялічыць прызначэньне хворым наркатычных прэпаратаў у 169 разоў. Аднак мяняць парадак абароту наркатычных сродкаў пакуль ніхто не зьбіраецца.

Аксана Мычко, галоўны лекар ДУ «Бальніца паліятыўнага дагляду „Хосьпіс“», кажа, што сёньня абязбольвальныя сродкі хворым даступныя:

«Пытаньне якасьці жыцьця цяпер вельмі жорстка стаіць у Міністэрстве аховы здароўя. У нас ёсьць і інвазійныя, і неінвазійныя сродкі. Ёсьць плястыры, таблеткі — гэта тое, чаго ва Ўкраіне ўвогуле няма. За горад Менск дакладна магу сказаць — гэта даступна».

Па словах Аксаны Мычко, гэтае пытаньне стаіць на кантролі шмат у якіх арганізацыяў. Між тым журналісты «Народнай волі» ў сваім дасьледаваньні сьцьвярджаюць, што ўжо цяпер чыноўнікі ад мэдыцыны маглі б заняцца пытаньнем пастаўкі ў Беларусь самага базавага абязбольвальнага прэпарату — сульфату морфію. Ня робіцца гэта з прычыны перасьцярогаў барацьбітоў зь незаконным распаўсюдам наркотыкаў. А таксама з-за таго, што чыноўнікі не праяўляюць дастатковай ініцыятывы ў прыцягненьні пастаўшчыкоў сульфату морфію ў Беларусь на выгадных для іх умовах.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG