Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Барыс Шаравар. 15 гадоў без анкалягічнага рэцыдыву


Апошнія паўтара дзясятка гадоў аршанец Барыс Шаравар лічыць суцэльным днём нараджэньня — хвароба, якая пры канцы 1990-х здавалася пачаткам канца, аказалася пераадольнай. Дзеля гэтага ён пераспрабаваў як звыклыя, так і альтэрнатыўныя мэтады ратаваньня.


Барыс Уладзімеравіч кажа, што да 50-гадовага юбілею ўсе фізычныя нягоды яго абміналі: спачатку загартоўваўся ў тэрмічным цэху, потым — на халоднай расейскай Поўначы. Таму закладзенасьць носу ўспрыняў як выдаткі ўзросту. Аднак насмарк ня зьнік нават з заканчэньнем эпідэмічнага сэзону:

«Пачалося з таго, што адчуў — перастаў дыхаць нос, не праходзіць паветра. Ну, і што рабіць? Цячэ пастаянна, льецца вадкая вадзічка. Даводзілася нават рэзаць жаночыя тампаксы, затыкаць. Зьвярнуўся да лекара, зрабілі чатыры апэрацыі на выдаленьне паліпаў, але неўзабаве высьветлілася, што гэта зусім ніякія не паліпы. Карацей, заявілі, што лячыцца мне давядзецца доўга і настойліва. І яшчэ ня факт, што пасьпяхова. Спрабавалі самыя розныя спосабы: і вядомы многім мэтад Шаўчэнкі, і нават знахарства. Вельмі хацелася вылечыцца. І вось, дзякуючы ўсім стараньням (а можа, проста лёс такі) зноў стаў на ногі і паўтара дзясятка гадоў жыву бяз гэтай заразы. Нават больш — ужо 16 гадоў».

Шокавая навіна пра анкалягічную хваробу засьпела Барыса Шаравара ў той час, калі пасьля выхаду на пэнсію са шкоднай вытворчасьці Аршанскага інструмэнтальнага заводу ён працаваў на расейскай Поўначы, абслугоўваў тэхніку на нафтавых радовішчах у Цюменскай вобласьці. Агучаны дыягназ — захворваньне правай гаймаравай пазухі носа, трэцяя, перадапошняя, стадыя раку:

«Я працаваў на Поўначы, вахтавым мэтадам. Вядома, пры такой хваробе розныя думкі ў галаву лезуць, зусім не аптымістычнага характару. Таму разумеў, што з працай, якая давала прынамсі стабільны прыбытак, мабыць, давядзецца разьвітацца. Хоць да таго рытму ўжо прызвычаіўся: спачатку на адной працы больш за тры гады адпрацаваў, амаль столькі ж на іншай. Гадоў шэсьць запар усё па вахтах — месяц там, потым месяц дома. У асноўным быў рамонт і абслугоўваньне аўтамабіляў КрАЗ. Пасьля апэрацыі ўжо не паехаў. Але перад тым як мне прапанавалі легчы ў шпіталь, яшчэ цягам году завяршаў свае справы, наіўна спадзеючыся, што „само пройдзе“. А ўжо калі зусім прыперла, давялося ўсё кінуць. І больш на вахту, як ужо казаў, не паехаў».

Падчас хваробы з унучкай

Падчас хваробы з унучкай



Родныя з трывогай назіралі, як яшчэ малады муж, бацька і дзед мяняецца зьнешне. Нават цяпер, праз 15 гадоў, ён выглядае нашмат палепшанай копіяй хворага папярэдніка. Народныя мэтады заўважнага эфэкту не давалі, таму давялося пагаджацца на апэрацыйнае ўмяшаньне. І хоць за даўнасьцю цяжка скласьці мазаіку тых падзеяў у адзінае цэлае, але, як згадвае былы пацыент Бараўлянаў, набор сродкаў быў стандартны:

«Спачатку, мабыць, хіміятэрапія, потым апраменьваньне (як ня хочацца зноў у той час вяртацца, дык ужо і ня памятаю толкам). Заняло гэта агулам месяцы два з паловай. Потым быў невялічкі адпачынак, дзён на 10, а затым уласна апэрацыя. Пасьля апэрацыі ўсё зноў паўтарылася — хіміятэрапія, апраменьваньне. А потым, праз колькі месяцаў, як прыехаў на чарговае абсьледаваньне, нічога трывожнага ўжо не знайшлі. Ці трэба казаць, як удала ўсё для мяне склалася?»

Падчас хваробы

Падчас хваробы



Спадар Барыс кажа, што наагул яму пашанцавала з камандай лекараў, якія, адрозна ад іншых брыгадаў, ня сталі экспэрымэнтаваць па ходу апэрацыі. Бо, як пераканаўся ён на прыкладзе сваіх аднапалатнікаў, некаторым прызначэньне таго ці іншага хірурга прынесла пажыцьцёвыя наступствы:

«Безумоўна, пашчасьціла, што трапіў менавіта да таго доктара — няхай ён мне даруе, што ўжо не згадаю яго прозьвішча. Але гэта вельмі дасьведчаны спэцыяліст, бо зрабіў апэрацыю, нават не пашкодзіўшы твар. Высокаклясная праца, інакш ня скажаш. Я магу параўноўваць, бо мы ўвесь час ішлі паралельна з маладым хлопцам гадоў 25, у якога было ўсё тое ж самае. Але падчас апэрацыі ў яго атрымалася ўсё ня так удала, і праз два месяцы, калі я прыехаў на абсьледаваньне, яго амаль не пазнаў. То бок усё пайшло не на зажыўленьне, а наадварот. Відаць, рэцыдыў нейкі. Хоць абсалютна аднолькавыя хваробы — толькі ў мяне з аднаго боку твару, а ў яго з другога. Таму лічу, што ў немалой ступені залежыць ад вопытнасьці лекара».

На прызнаньне Барыса Шаравара, аддзяленьне сківічна-тваравай хірургіі — адно з самых цяжкіх і страшных ува ўсёй анкалёгіі. Таму бязьмежна рады, што ўдалося адтуль вырвацца ня толькі жывым, але і «цэлым»:

«У кагосьці паўтвару няма. Калі апэрацыя на горле — харчаваньне толькі праз трубачку, толькі вадкае. У каго галасавыя зьвязкі выразаныя — не размаўляюць. Вядома, страшна на ўсё нават глядзець, ня кажучы пра тое, каб там апынуцца. Але давялося праз гэта ўсё прайсьці. Дарэчы, жывуць такія пацыенты, з трубкамі ўва ўсіх частках цела, як правіла, нядоўга. Лекары самі адводзяць ім 5 гадоў па верхняй плянцы, паводле іхніх разьлікаў — гэта самы добры варыянт. Хоць мне і ўдалося нейкія стандарты зламаць. У маім выпадку прагнозы таксама былі ня самыя суцяшальныя. Казалі так: 50×50. Фактычна — як атрымаецца, як карта ляжа. Хвароба з шэрагу абсалютна непрадказальных — ніхто ж ня ведае, як яна сябе павядзе. У мяне, прыкладам, прыяцель за тры месяцы згарэў. Нічога быццам не адчуваў, працаваў, а праз тры месяцы яго ня стала».

Пасьля паўгода працэдураў і назіраньняў з пацыентам Шараварам у Бараўлянах разьвітваліся стрымана — у цалкам здаровых людзей, якія перажылі анкалягічнае захворваньне, ня вераць нават лекары. Праўда, выпіска ад 1 чэрвеня 1998 году сьведчыць пра асьцярожны аптымізм: падставаў для рэцыдыву няма. І сапраўды: больш ён там і не зьяўляўся:



«Абсалютна ніхто ня мог сказаць, чым гэта ўрэшце можа скончыцца. Пасьля гэтых умяшаньняў адразу далі ІІ групу інваліднасьці, паставілі ў Воршы на ўлік да анколяга, да якога кожны месяц мусіў наведвацца. Прынамсі адзначацца. Але празь нейкі час самаадчуваньне паступова пайшло на паляпшэньне. Што дапамагло? Нават не магу сказаць. Увесь гэты час дома я праходзіў курс па мэтодыцы Шаўчэнкі — гарэлка з алеем: некаторы час п’еш, потым адпачываеш, пасьля зноў ужываеш. Не магу сьцьвярджаць, што яно дапамагло, але, мне падаецца, аблягчыла стан. Зноў жа, калі параўноўваць з тым маладым хлопцам, у мяне гэта прайшло нашмат лягчэй. Таму, можа, у чымсьці і паспрыяла, складана сказаць. Хоць лекары ў адзін голас і заяўлялі — маўляў, усё бессэнсоўна — магчыма, некаму ўсё ж дапамагае. Зразумела, мэдыкі ня могуць прызнаць нейкую альтэрнатыву. Але як тапелец хапаецца за саломіну, дакладна гэтак жа за ўсё хапаецца хворы».

Перад дэмабілізацыяй з войска

Перад дэмабілізацыяй з войска



Барыс Шаравар нарадзіўся ў 1946 годзе ва Ўкраіне пад Палтавай, дзе ў паваенныя гады панаваў жахлівы голад. Бацькі з 6-месячным сынам уцякаюць ад нястачы ў Беларусь. Ня маючы ніякай сваяцкай зачэпкі, урэшце асядаюць у вёсцы Канстанцінава Сьвірскага раёну. Як кажа суразмоўца, усё далейшае ягонае жыцьцё зьвязанае зь Беларусьсю, ва Ўкраіне за гэты час быў усяго некалькі разоў.

З жонкай Людмілай Уладзімераўнай

З жонкай Людмілай Уладзімераўнай



Дзякуючы блізкасьці да Літвы, пасьля 7-й клясы паступіў на сьлесара-інструмэнтальшчыка ў чыгуначную вучэльню ў Вільні. Год пасьля заканчэньня пасьпеў адпрацаваць на заводзе электразварачнага абсталяваньня, дзе, сярод іншага, вырабляліся вядомыя ў Саюзе пыласосы Saturnas. А пасьля на тры гады быў мабілізаваны ў войска — у Львоўскі памежны атрад. Як дазналіся, што мэталіст, паслалі вучыцца на збройнага майстра ў Тулу. Пасьля 9 месяцаў пасьпяховага авалодваньня спэцыяльнасьцю як выдатніка ўганаравалі службай у Нямеччыне — у раскватараваным паблізу Бэрліну палку аховы амбасадаў, спэцустановаў і суправаджэньня каштоўных грузаў.



Пасьля арміі жыцьцё прывяло ў Воршу, якая фармавалася як буйны індустрыяльны вузел. Бацькі на той час ужо былі ў разводзе: маці пераехала ў Літву, у вёску на мяжы зь Беларусьсю, бацька атабарыўся якраз у Воршы. А яшчэ адна з прычынаў, напаўжартам кажа спадар Барыс, — што дзяўчат было шмат: на мясцовы льнокамбінат зьяжджаліся ахвотніцы з усёй Беларусі. Тут неўзабаве знайшоў сваю спадарожніцу Людмілу, зь якой яны разам амаль 45 гадоў. Сам уладкаваўся на інструмэнтальны завод:

З калегамі-інструмэнтальшчыкамі

З калегамі-інструмэнтальшчыкамі



«Ня ведаю, магчыма, хвароба зьвязаная з маёй вытворчай дзейнасьцю. Не абавязкова ў Воршы, а і падчас працы на вахце. Я там займаўся наклёпкай і праточваньнем калодак, а гэта асбэст, небясьпечны сам па сабе матэрыял. А як увесь час удыхаў, то, можа, у носе нейкія працэсы і пачаліся. Ніхто ж гэтага цяпер не дакажа. У Воршы таксама была шкодная вытворчасьць, з чаго я ў 50 гадоў і пайшоў на пэнсію. Інструмэнтальны завод — так званая „тэрмічка“, тэрмацэх. Там вельмі высокія тэмпэратуры ў печах, каб награваць ванны для расплаву. Значыць, стаіць тэрміт, у адной ваньне салетра, нагрэтая да 860 градусаў, у другой ваньне расплаў 1200 градусаў, і, нарэшце, ванна на 650 градусаў. То бок трэба было дэталь нагрэць у адной ваньне, перанесьці ў другую, астудзіць у трэцяй — і наперад. Тоны мэталу за зьмену „пераварвалі“. Потым, праўда, майстрам працаваў. З аднаго боку, лягчэй, бо фізычна ня так напружваесься. Але зь іншага — нашмат большая адказнасьць».

Барыс Уладзімеравіч кажа, што інструмэнтальны завод згадваецца ня толькі працай «ад званка да званка», але і насычанай грамадзкай дзейнасьцю. З асаблівай асалодай згадвае дзесяцігодзьдзе працы ў гуртку тэхнічнага мадэляваньня — некаторыя працы прэтэндавалі без малога на адкрыцьці:

Заняткі ў гуртку мадэляваньня

Заняткі ў гуртку мадэляваньня



«Паралельна, калі працаваў на інструмэнтальным заводзе, па вечарах у Палацы культуры льнокамбінату я вёў гурток тэхнічнага мадэляваньня. Магу пахваліцца, што займалі зь дзецьмі прызавыя месцы па рэспубліцы. Спачатку было мадэляваньне прататыпаў, а пазьней пачалі рабіць нават мікраматацыклы, сьнегаходы. То бок паступова ўдасканальваліся, бо хлопцы падрасьлі, і займацца „драбязой“ ім ужо было нецікава. А як захварэў, то ўсё неяк спынілася. Нават калі яшчэ паехаў на вахту, і тое было складана — месяц мяне няма, за гэты час вучні расхалоджваюцца. А тут — тым больш. Усё ж рады, што больш за 10 гадоў пашчасьціла займацца сапраўднай творчасьцю. Адкрыцьцё не адкрыцьцё, але розныя цікавыя машынкі рабілі. Адна была нават крокавая — не на колах, а з „нагамі“. Вось яна другое месца заняла на рэспубліканскай выставе. Далі, памятаю, фотаапарат».

Пасьля выздараўленьня Барыс Шаравар прысьвяціў сябе сям’і і прыродзе. У 50 гадоў, як быў пастаўлены дыягназ, жыцьцё толькі набірала абароты — незадоўга да гэтага выйшла замуж дачка, нарадзілася першая ўнучка, потым другая. Толькі 15 гадоў было сыну, якому ў складаным пераходным узросьце была патрэбная бацькава падтрымка. Тады яшчэ небеспадстаўна спадзяваўся, што вахтавая праца на радовішчах дапаможа годна жыць ва ўмовах татальнага дэфіцыту сярэдзіны 1990-х, але ў адзін момант усё было перакрэсьлена. На шчасьце, не назаўсёды, хоць вярнуцца ў былое рэчышча так і не ўдалося.

Дачка і сын ужо дарослыя, маюць свае сем’і. Гадуюцца чатыры ўнучкі, якія радасна чакаюць дзеда ў госьці. А сам спадар Барыс фактычна па паўгода праводзіць з вудай на возеры. Ён перакананы, што станоўчае ўзьдзеяньне прыроды на чалавека пераацаніць цяжка, таму кожную вольную гадзіну стараецца быць у лесе ці пры вадзе. Сплавы на байдарках, актыўныя падарожжы, якія былі ў маладосьці, цяпер замяніла больш разважнае баўленьне часу — рыбалка, грыбы, шпацыры:

На беразе начнога возера

На беразе начнога возера




«Вядома, значэньне прыроды вялізнае. Рыбалка ёсьць рыбалка: гэта і хобі, і захапленьне, і магчымасьць проста падумаць. Можна і не злавіць рыбу, не абавязкова, каб яна была ў садку. Галоўнае, што птушкі сьпяваюць, стракозы лятаюць".

Са здабычай

Са здабычай



Глядзіш на ўсё, радуесься. Не прымаю здабыўную рыбалку — донкі, іншае, калі сядзіш носам у зямлю. А тут усё перад табой. Дарэчы, рыбу фактычна ня ем. Калі сын быў меншы, шмат гулялі па лесе. З жонкай дагэтуль кожны год выяжджаем на адпачынак на возера — дзякуй богу, у нас месцаў хапае. Мы ж прыроджаныя турысты, бо, у прынцыпе, зь ёй такім чынам і пазнаёміліся — на турзьлётах, у паходах. Фактычна паўгода праводжу на прыродзе — як сьнег сыдзе і да сьнегу наступнага. Вось і гэтым летам на рыбалку выбіраўся амаль кожны дзень — можа, раз-два на тыдзень толькі ня езьдзіў. Жонка таксама любіць лавіць, праўда, толькі летась „прыручыў“, бо дагэтуль аніяк — маўляў, усяму свой час. Вось настаў і для яе. Абавязкова выяжджаем у грыбы. Ягады зьбіраць не хачу, бо занадта шмат важданіны, а вось рыбалка, грыбы — справа іншая. Так што прыроду люблю».



Што спрыяе такой колькасьці хворых на рак у Беларусі? На хваробу, якая апошнім часам не шкадуе ні старых, ні малых? Якая роля ў гэтым Чарнобыля? Мой суразмоўца трымаецца наступнага меркаваньня:

«Наўрад ці хто гэта дакладна ведае. Цяжка сказаць, што гэта і адкуль бярэцца. Цалкам магчыма, што Чарнобыль таксама паўзьдзейнічаў (што не паспрыяў здароўю — дык гэта дакладна). Хоць пры мне ляжалі хворыя зусім ня з тых раёнаў, якія, як лічылася, найбольш пацярпелі ад радыяцыі. Прынамсі, з Гомельскага рэгіёну там людзей увогуле не было, бо ў іх свая клініка ёсьць. Гэта я яшчэ неяк туды патрапіў, віцебскі, бо ў Віцебску свайго сківічна-тваравага аддзяленьня не было. А так пераважна ляжалі менскія ці з вобласьці. Здавалася б, яны адкуль гэтай заразы набраліся? Але падаецца, што межаў для гэтай хваробы сапраўды няма. Цяпер практычна ў кожным рэгіёне свае спэцыялізаваныя аддзяленьні».

Пад сьцягам краіны, дзе быў народжаны

Пад сьцягам краіны, дзе быў народжаны



Як кажа Барыс Шаравар, уражвала, што кожны хворы практычна да канца чапляўся за магчымасьць жыць, не зьбіраючыся капітуляваць. Нават калі было зразумела, што шанцы на ўратаваньне мізэрныя:

«Можна толькі зьдзіўляцца гэтым людзям, якія да самага канца змагаюцца. Чалавек есьць праз трубачку, праз такую ж ходзіць у прыбіральню, але караскаецца, чапляецца. Мне самому гэтае пачуцьцё вельмі знаёмае. Увогуле, неперадавальнае відовішча: ежа ў шпрыцы, і чалавек проста запампоўвае сабе ежу ў страўнік праз трубачку. Прычым трубачка можа быць нават ня ў горле, а дзесьці ў баку. І ён такім чынам харчуецца. Так моцна людзі хочуць жыць. На маёй памяці не было ніводнага, пра каго б я сказаў, што ён капітуляваў. Усе стараліся перамагчы гэтую хваробу...»

Барыс Шаравар невядома якой сілай, але хваробу адолеў. І, як кажа сам, расслабіўся да такой ступені, што яшчэ дзясятак гадоў таму вярнуўся да дрэннай звычкі — курэньня. На правах пераможцы...

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG